Кот-мореход Владимира Мозго обошел землю и небо, а лучше Беларуси не встретил

Нарачанскі дайвер

Нарачанскі дайвер, судзейскі свісток, лепшы рыбалоў сярод папуасаў — розныя заліхвацкія азначэнні падыходзяць да галоўнага героя з дзіцячай кнігі «Казкі ката-марахода» пад аўтарствам Уладзіміра Мазго. Каляровая, прыгожая, а малюнкі нібыта ажываюць — зусім нядаўна яна выйшла ў выдавецтве «Беларусь». Віншуем з дэбютам мастачку Віялету Жук! Для дзяцей гэта кніга — сапраўднае шчасце, напоўненае ў прамым сэнсе морам прыгод. Кот Васіль, той самы мараход, з якім мы ўжо ўскосна паспелі пазнаёміцца, адпраўляецца ў кругасветнае падарожжа. На шляху яму трапляюцца розныя дзівосы, з якімі галоўны герой годна спраўляецца.


Складана нават уявіць, што яму прыйшлося перажыць. Гэта і перамога над марскімі піратамі, танцы ў Антарктыдзе з вясёлымі пінгвінамі, сяброўства з кітом-веліканам, безліч іншых цудаў. Твор вучыць дабрыні і шчырасці, любові да Радзімы і адказнасці за ўсё жывое на зямлі.

— Гэта 22‑я мая кніжка, 19 з якіх — дзіцячыя. Першая частка паэмы-казкі «Прыгоды марахода» напісана даўно. Спадзяваўся на працяг, так і адбылося, — удакладняе аўтар. — Фантазія да мяне прыходзіць стыхійна, на гэты раз яна не падвяла. Беларускі кот Васіль у першай частцы кнігі плыве па моры і нават трапляе ў космас. А ў працягу гэтай гісторыі герой, які многае пабачыў і ўмее, вяртаецца ў родную Беларусь, бо вельмі любіць яе. Выходзіць з карабля на сушу, бярэ за плечы рукзак — навокал чакаюць прасторы, рэкі, пушчы, азёры…

На Радзіме спатрэбіліся ягоныя ўменні дайвера, якімі прафесійна авалодаў падчас падарожжа. Здарылася бяда: на дне Нарачы згубіўся зорны куфэрак. Ні беларускія, ні замежныя вадалазы не маглі яго адшукаць, а Васіль змог. Зоркі зноў трапілі на неба. Слаўная і добрая гісторыя… Мараход — у Белавежскай пушчы, тут зубры і ласі пабудавалі футбольны манеж. Збіраюцца правесці таварыскі матч і просяць нашага героя, паколькі ён справядлівы, шчыры і сумленны, пабыць суддзёй. У выніку — нічыя, перамагло сяброўства. Яно ў творы перамагае скрозь, і гэта задумка аўтара.

Уладзімір Мазго перакананы:
— Кніжка праз прыгоды выхоўвае ў малечы шчырасць і любоў да Радзімы.
Няўрымслівы і вынаходлівы герой знаходзіць вый­сце з любога становішча, падобны на барона Мюнхаўзена, Ката ў ботах. Юным чытачам на яго трэба раўняцца. Паўсюль выходзіць сухім з вады, вынырнуў нават з Бермудскага трохвугольніка. А на Дняпры, дзе весновая паводка разбурыла плаціну, дапамагае бабровай талацэ яе абнавіць. На Палессі разам з жабкамі будуе аквапарк і ратуе ад гібелі Бусліка, які працаваў пад’ёмным кранам і знянацку трапіў у басейн.

Другая частка кнігі таксама заканчваецца вельмі аптымістычна: «Яшчэ нямала меў прыгод // У Беларусі мараход, // Але пра іншыя якраз // Вам раскажу ў наступны раз». «Казкі ката-марахода» будуць вельмі дарэчы вашым выхаванцам падчас канікул, яны тут знойдуць многа цікавага!

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter