Рассказываем о братьях Невдаховых из Столинского района – неоднократных участниках республиканских "Дажынак"

«Напэўна, у нашай палескай зямлі закапаны магутны магніт»

Неаднаразова прадстаўляў на раённых, абласных і рэспубліканскіх святах-кірмашах “Дажынкі” столінскі КСУП “Відзіборскі” ўборачны экіпаж братоў Юрыя і Іллі Неўдахаў

На раённых, абласных і рэспубліканскіх святах-кірмашах «Дажынкі» столінскі КСУП «Відзіборскі» неаднаразова прадстаўлялі браты-механізатары Ілля і Юрый НЕЎДАХІ. Спрадвеку іх продкі працавалі на палескай зямлі. Пасля заканчэння сярэдняй школы браты атрымалі рабочыя прафесіі ў прафтэхвучылішчах. Пачыналі на прамысловай вытворчасці, але іх не спакусіла гарадское жыццё. Пасля службы ў арміі вярнуліся ў родныя мясціны і засталіся працаваць на зямлі.

Старэйшы на два гады Юрый скончыў курсы механізатараў і сеў за руль трактара. Летам ён працуе камбайнерам, пачаў трыццаць дзявятае жніво. Малодшы Ілля атрымаў дыплом агранома ў Беларускім сельгастэхнікуме кіруючых кадраў, што ў прысталічнай Сеніцы. Працаваў памочнікам калгаснага брыгадзіра ў роднай вёсцы Асаўцы.

Калі паўтара дзесяцігоддзя таму гаспадарка набыла першы гомельскі збожжаўборачны камбайн КЗС-10, вырашылі даверыць новую машыну Юрыю Уладзіміравічу. А брат Ілля — нязменны памочнік. За гады эксплуатацыі камбайн ні разу не падвёў механізатараў. Першыя жніўныя дні сведчаць пра больш шчодры, чым у папярэднія гады, ураджай збожжавых. Дождж і ўраган паклалі збажыну — хлебаробаў чакае напружаная праца. Ад іх старання і майстэрства залежыць вынік жніва.

У сялянскай сям'і Неўдахаў спрадвеку лічылася так: калі няма хлеба, то любая ежа не будзе сытнай. Браты памятаюць, як маці даставала з печы гарачыя боханы, беражліва ўладкоўвала на лаву, апырсквала вадой і накрывала льняным ручніком. Чароўны водар свежаспечанага хлеба запаланяў хату.

З усіх бакоў іх родную вёску Асаўцы акружалі непраходныя балоты, сярод якіх невялікімі лапікамі віднеліся палі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя пачаўся масавы наступ на палескую дрыгву: надрыўна ракаталі каля вёскі рухавікі магутных меліярацыйных машын. Людзі выходзілі паглядзець, як першапраходцы пераўтваралі векавую твань у гектары абноўленай зямлі. Праз былую дрыгву да ракі Прыпяці пралёг глыбокі канал, паабапал яго раскінулася роўнае поле.
 
Юрый і Ілля НЕЎДАХІ.

— Аблічча наваколля мя­нялася на вачах, — у адзін голас узгадваюць Юрый і Ілля Неўдахі. — З году ў год паляпшаўся вясковы лад жыцця. Засталі мы сярпы і косы, якімі аднавяскоўцы ўбіралі збажыну на прысядзібных участках. А на калгасных палетках у жніво працавалі камбайны, жняяркі, іншая ўборачная тэхніка.

— У юнацкія гады не ўзнікала жаданне стаць механізатарамі?

— Канешне, тэхніка вабіла. Некаторыя сябры ганарліва ганялі па вёсцы на матацыклах, а ў нас такой магчымасці не было. Бацька працаваў слесарам у рамонтнай майстэрні калгаса, а маці прыбірала ў школе і зай­малася хатняй гаспадаркай. На падворку трымалі карову, свіней, апрацоўвалі агарод. У час летніх канікул разам з іншымі равеснікамі працавалі на калгасным збожжатаку. Грузавікі адзін за другім выгружалі прывезенае ад камбайнаў зерне — кіпела праца ля сушыльнага агрэгата. За жніво зараблялі, каб падрыхтавацца да школы. А як у руках ужо былі атэстаты сталасці, з сябрамі адправіліся ў гарады атрымліваць рабочыя прафесіі.

Юрый скончыў Рэчыцкае тэхнічнае вучылішча ў той год, калі геолагі вынайшлі на Гомельшчыне нафтавае радовішча. Да службы ў арміі працаваў вахтавым метадам на нафтаздабычы, атрымліваў высокія заробкі, а ў вольныя дні прыязджаў дамоў праведваць родных. Побач з бацькоўскім падворкам кватаравала выпускніца Мар'інагорскага саўгаса-тэхнікума імя Уладзіміра Лабанка. Па размеркаванні Раіса Мікалаеўна працавала ў калгасе аграномам-насенняводам. Упадабалася яна суседскаму халасцяку. Пазнаёміліся і хутка згулялі вяселле. Развітаўся Юрый з нафтаздабычай. На радзіме амаль год працаваў аўтаслесарам на заводзе ліцейнага абсталявання ў вёсцы Плотніца, потым скончыў спецыяльныя курсы механізатараў і сеў за руль трактара Т-25. Зімою абслугоўваў жывёлагадоўчую ферму, падвозіў сена да сялянскіх сядзіб. А вясною перасеў на магутны Т-150: рыхтаваў глебу, сеяў збожжавыя. А ў жніво працаваў памочнікам камбайнера.

Маладыя купілі нежылы дом, аднавілі яго, завялі хатнюю гаспадарку. Сям'ю папоўнілі дочкі Наталля і Святлана. Пасля заканчэння сярэдняй школы яны атрымалі педагагічную адукацыю, займелі свае сем'і і настаўнічаюць у Асавецкай СШ. Падрастаюць унучкі.

Былы калгас рэфармаваны ў КСУП «Відзіборскі», а тры гады таму да яго далучылі суседнюю гаспадарку «Дубайскі». Аб'яднаны калектыў узначаліў малады дырэктар Сяргей Пашкевіч. Будучыню сельгаспрадпрыемства бачыць у развіцці жывёлагадоўлі. На некалькіх сучасных малочна-таварных комплексах і фермах утрымліваецца звыш 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Раслінаводства забяспечвае статак уласнымі кармамі. У севазвароце пераважаюць зерневыя і кармавыя культуры. Збожжавы клін перавышае 2 тысячы гектараў — механізатарам ёсць дзе праявіць сябе.

— Напэўна, у нашай палескай зямлі закапаны магутны магніт, — уступае ў размову Ілля Неўдах. — Мяне таксама ў юнацкія гады агарнула рамантыка гарадскога жыцця. Паступіў у Магілёўскае тэхвучылішча хімікаў, атрымаў прафесію слесара па рамонце апаратурнага абсталявання і працаваў на вытворчым аб'яднанні «Хімвалакно». Усё ладна складвалася: жыў у завадскім інтэрнаце, атрымліваў штомесячна па 120 рублёў (для тых гадоў добры заробак), а ў вольны час гуляў па горадзе. Атрымаў павестку ў армію, у час службы будаваў БАМ. На ўсю краіну грымела слава пра Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю. Кіламетр за кіламетрам праз тайгу, горы і балоты пракладвалі чыгуначную магістраль. У пісьмах дамоў расказваў пра армейскія будні, сібірскія краявіды.

Хутка праляцеў час службы. Дамоў вярнуўся з медалём «За будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі». Быў шчаслівы ад таго, што знайшоў сябе на роднай зямлі. Працаваў памочнікам брыгадзіра. Ад гаспадаркі вучыўся ў Рэспубліканскім сельгастэхнікуме кіруючых кадраў, дзе атрымаў дыплом агранома. Замяняў брыгадзіраў, а потым 14 гадоў збіраў малако ў насельніцтва — ведаю кожны вясковы падворак. Займеў сваю сям'ю, гаспадарка выдзеліла катэдж у вёсцы Асавая. Калі не стала бацькоў жонкі, перабраліся на іх сядзібу, аднавілі яе і зараз там жывём. Дачка Надзея скончыла Палескі дзяржуніверсітэт, выйшла замуж. Мы з жонкай цешымся ўнучкай.

— Зараз многія выпускнікі вясковых школ вырашаюць сваё далейшае жыццё. Што ім параіце?

— У першую чаргу трэба помніць святую ісціну: шчасце побач. Не імчаць далёка ў пошуках яго. Як у народзе кажуць, дома і сцены дапамагаюць. Рамантыка знікае, як ранішні туман, і застаюцца звычайныя будні, якімі напаўняецца жыццё. Вельмі важна знайсці сваю сцяжыну. Чым больш жыву, тым мацней задавальненне, што не адарваўся ад зямлі, дзе мае карані, дзе жылі продкі.

— Што значыць для вашай сям'і аб'яўлены дзяржавай Год гістарычнай памяці?

— Не варта забываць пра тое, што давялося перажыць нашым бацькам і дзядам. Калі забудзем, то гэта можа паўтарыцца. Як зараз у суседняй Украіне. На школьных уроках нам грунтоўна расказвалі, якой цаной далася нашай былой вялікай краіне перамога над нямецка-фашысцкай Германіяй. Гэта важная гістарычная па­дзея назаўсёды засталася нашай агульнай гордасцю.

Бацькі расказвалі, як летам 1941 года азвярэлыя акупанты ўварваліся ў нашу вёску Асаўцы. З падворкаў забіралі кароў, свіней, авечак, курэй. Нямецкае рабства давялося перажыць маці Васілісе Адамаўне. Сямнаццацігадовую, яе схапілі фашысты і разам з іншай моладдзю таварняком адправілі ў нямецкае рабства. Ёй балюча было ўзгадваць пра перажытае ў няволі. Ад цямна да цямна працавала на гаспадарцы ў баўара. З сяброўкамі даілі кароў, апрацоўвалі поле, даглядалі яблыневы сад. Гаспадар толькі ў нядзелю з раніцы дазваляў наведаць богаслужэнне ў храме. Маці ўзгадвала, што за шчасце было канём адвозіць на прыёмны пункт з саду сабраныя яблыкі. Пакуль ехала, адпачывала. Увесь час нямецкага рабства нічога не ведала пра родных.

Пры ўспамінах пра вызваленне савецкай арміяй у яе вачах загараліся іскрынкі. Цягнікамі некалькі дзён дабіралася дамоў. З чыгуначнай станцыі Відзібор ляцела ў родныя Асаўцы. Там даведалася, што сястра маці Вольга Сцяпанаўна Лукша атрымала пахавальную на мужа. Загінуў ён на венгерскай зямлі ў баі з адступаючымі нямецка-фашысцкімі акупантамі. Салдацкая ўдава адна падымала на ногі малалетніх сына і дачку, дапамагла ім атрымаць адукацыю. Сын Святаслаў скончыў Белдзяржсельгасакадэмію і кіраваў лунінецкім калгасам «Дружба». Дачка Фядора да выхаду на заслужаны адпачынак працавала калгасным эканамістам.

Вяскоўцы талакой будавалі салдацкай удаве драўляную хаціну. Мы жылі па суседстве. Вольга Сцяпанаўна як самую каштоўную рэліквію да апошніх дзён захоўвала лісты-трыкутнікі мужа-франтавіка і намаляваны вясковым мастаком яго партрэт.

Ваеннымі шляхамі да Берліна прайшлі два бацькавых дзядзькі. У многіх нашых вясковых сем'ях вайна пакінула балючы след. Прозвішчы загінуўшых у баях з ворагам землякоў выбіты на вясковым мемарыяле, да якога вя­дзе Алея Памяці.

— На беларускай зямлі загінуў кожны трэці жыхар. Як адзначаў кіраўнік нашай дзяржавы, калі забудзем перажытае народам у ваеннае ліхалецце, то і ўнукі, дзеці з намі так паступяць.

— Гэта так, — падхопліваюць размову браты Юрый і Ілля Неўдахі. — Без памяці пра мінулае можна не дачакацца будучага. Дзецям і ўнукам расказваем пра пачутае ад жывых сведкаў тых жудасных ваенных падзей.

Балюча ўспрымаем ўсё, што зараз адбываецца побач з нашай мяжой. Вялікая каштоўнасць — жыць і працаваць пад мірным небам. Хлеб, які вырошчваем, патрэбны ўсім. Ад працы кожнага залежыць дабрабыт краіны.

— Юрый, калі вярнуліся ў родныя мясціны, у каго бралі першыя ўрокі кіравання збожжаўборачным камбайнам?

— Удзячны за іх хлебаробу Іосіфу Адамавічу Ляшкевічу, свайму незабыўнаму настаўніку. Тры сезоны разам убіралі збожжа. Да стырна ён мяне доўга не падпускаў: прыглядаўся, як спраўляюся з абавязкамі памочніка. Паступова даваў магчымасць засвойваць работу камбайна «Ніва». У першае жніво мне трэба было з кабіны сачыць, каб матавіла не забівалася зялёнай масай. Калі такое адбывалася, падаваў сігнальны знак. Іосіф Адамавіч збаўляў хуткасць і няспешна абмалочваў скошаную масу. І на камбайне «Дон» таксама слабая прапускная здольнасць абмалочвання збажыны. А ў той час на палях расло высокасцябловае жыта. Гэта зараз нізкарослыя сарты, і іх лягчэй абмалочваць. Пасевы пераважна лафетамі клалі на радок. Пасля падсушкі камбайн падбіраў і абмалочваў ураджай.

Не параўнаць тыя ўборачныя агрэгаты з сённяшнім гомельскім камбайнам, які аснашчаны самым сучасным абсталяваннем. Створаны цудоўныя ўмовы працы ў кабіне: утульна, чыста, свежае паветра, тэмпературны рэжым рэгулюецца. Перад тым як працаваць на ім, прайшоў абучэнне на спецыяльных курсах. Кожная кнопка ў камп'ютары мае сваё прызначэнне. Манітор паказвае параметры работы асноўных вузлоў: абароты барабана, вентылятара збожжавага і каласавога.

Помніцца, як мне даверылі збожжаўборачны камбайн «Ніва». Заўзята стараліся працаваць з памочнікам Васілём Лазіцкім: першымі выходзілі ў загон і да цямна не пакідалі поле. У той год нас прызналі лепшымі сярод маладзёжных экіпажаў Брэстчыны. А колькі радасці было, калі на першым рэспубліканскім свяце-кірмашы «Дажынкі» ў Століне атрымалі ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі за другое месца ў спаборніцтве сярод збожжаўборачных экіпажаў.

З братам Іллёю неаднаразова выходзілі ў пераможцы спаборніцтва на жніве ў раёне і вобласці. Памятаю, як нас узнагародзілі пуцёўкамі на адпачынак у Балгарыю. Змог толькі я скарыстацца гэтай магчымасцю, бо Ілля ў той час вучыўся ў тэхнікуме і быў на занятках.

Пра ўсё гэта гутарылі з Юрыем і Іллёю Неўдахамі пад разгалістай грушай у спякотныя дні напярэдадні жніва. Праз дарогу на мехдвары, што на ўскрайку вёскі Асаўцы, цэнтральнай сядзібы КСУП «Відзіборскі», стаяў гатовы да выхаду ў поле іх збожжаўборачны камбайн «Палессе». Фізічна і маральна ён сваё адслужыў, але браты рызыкнулі прадоўжыць яго дзейнасць. Дырэктар Сяргей Пашкевіч і галоўны інжынер Сяргей Яхнавец іх ідэю падтрымалі. Камбайн з усталяваным новым рухавіком браты Неўдахі апрабавалі на ўборцы азімага ячменю — за тры дні намалацілі 150 тон зерня. Цяпер абмалочваюць азімае жыта. Амаль па паўсотні цэнтнераў зерня дае кожны гектар. На хлебных нівах гаспадаркі даспяваюць пшаніца, трыцікале. Чакае братоў Неўдахаў і стогектарная плантацыя кукурузы на зерне. На развітанне пацікавіўся, што для іх значыць жніво, і вось што пачуў:

— І вялікая радасць, і адказны час. Кожны год чакаем гэтага вянца хлебаробскай працы. У кабіне камбайна сярод хлебнага поля адчуваеш сябе лётчыкам за штурвалам самалёта. А ці можна забыць шчымлівыя моманты, калі на свяце-кірмашы выклікаюць на сцэну і віншуюць з перамогай? Некалькі разоў запар трымалі першынство сярод сямейных экіпажаў раёна і вобласці. Летась ехалі ў гарадскі пасёлак Лагішын на абласныя «Дажынкі», і на мяжы Пінскага раёна нас сустракалі спевамі і музыкай. Такое не забываецца. Гонар адчуваеш за сваю хлебаробскую прафесію.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter