Обзор книги авторских сказок "Нявеста для Базыля" и сборника избранных стихов Уильяма Батлера Йейтса

Люстэрка для песнi

Нявеста для Базыля. Казкi.
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2017.

Аўтарская казка — цэлая планета. На ёй збудавалi свае дзiвосныя гарады i беларусы. Але новы зборнiк адметны тым, што прадстаўляе не толькi добра вядомых у гэтым жанры аўтараў, як Генадзь Аўласенка i Анатоль Зэкаў, але i тых, хто толькi пачынае сваё паляванне на казку. Адкрывае зборнiк твор памерлага ў 2016–м мастака i пiсьменнiка Алега Аблажэя «Забароненая сукня». Як заўсёды, рамантыка — каралi, рыцары, дамы, а яшчэ гендарныя праблемы. Уладар каралеўства ненавiдзiць жанчын, iх прыраўнялi да жывёл, але адна з iх насмелiлася насуперак закону надзець прыгожую сукенку, за што мусiць быць забiтая. Героi казкi Генадзя Аўласенкi — рачныя жыхары i, зразумела, рыбак. Фiлолаг Таццяна Барысюк напiсала пра «Дванаццаць подзвiгаў пацучыхi Дусi». Пацучыха атрымалася дужа дарослай i вучонай. Чытае артыкулы, «Паэтычны слоўнiк» i Кузьму Чорнага. Алег Грушэцкi ў казцы «Жаўнер i вужалка» выкарыстоўвае персанажаў беларускай народнай мiфалогii, Мiкола Кандратаў распавядае пра каханне бусла Буслана i жабкi Жабусi, якая ў хэпi–эндзе ператвараецца ў прыгожую буслiху. Героямi могуць быць усе: паламаныя цацкi i Князь–Змей, лес i дуб, Паляндра i бабёр, проста бабёр... Дзеянне адбываецца не толькi ў прыдуманай чароўнай краiне, але i ў звычайным лiфце. А што вы хочаце — на тое i сучасная казка. Творы не роўныя па мастацкiх вартасцях, але штосьцi ды спадабаецца.

Ўiльям Батлер Ейтс. Выбраныя вершы.
Мiнск, Выдавец Змiцер Колас, 2017.

Адзiн з самых загадкавых паэтаў свету, нобелеўскi лаўрэат, iрландзец i чалец Герметычнага таварыства Ўiльям Ейтс загучаў на беларускай мове. Сёння ён, дарэчы, надзвычай папулярны — можа, таму, што людзi iнфармацыйнага грамадства маюць патрэбу ў мiфах, можа, таму, што iнтэлектуальная гульня не старэе. Але, безумоўна, перакладаць Ейтса, з ягонымi падтэкстамi надзвычай цяжка. За гэтую пачэсную задачу ўзяўся майстар перакладу Андрэй Хадановiч — большасць вершаў зборнiка загучалi па–беларуску ў ягонай версii, ёсць асобныя працы Антона Францiшка Брыля, Лявона Баршчэўскага i Ганны Янкута. Невялiчкi зборнiк серыi «Паэты планеты» — поле для «гульнi ў шкляныя перлы», апiсанай iншым лiтаратарам–iнтэлектуалам Германам Гесэ. Вось трохрадкоўе пад назвай «Тры напрамкi» — проста лiст да сучасных паэтаў:

Рыба Шэкспiра ведала мора й раку.
Рыба рамантыкаў плавала вольна... ў сачку.
Што там за рыбiны сёння сушаць луску на пяску?

Некаторыя вершы можна разгарнуць у фiласофскi трактат, як, напрыклад, «Iндус пра Бога». Лiрычны герой чуе, як курапаткi сакочуць, што Бог — гэта курапатка, якая трымае ў дзюбе небасхiл. Лотасы шэпчуцца, што яны — адбiткi Бога–лотаса: «Мы ўсе — Яго сцяблiны цень, а шумная рака — Адна расiнка, што цячэ з ягонага лiстка». Алень жа распавядае пра Бога–аленя, паўлiн — пра Бога–паўлiна, якi «разгортвае свой зорны хвост з мiльярдамi вачэй».

Але папраўдзе часам не варта прэпарыраваць птушку — хай сабе свiшча, зачароўвае, распавядае пра багоў i герояў, рыбакоў i жабракоў, пра суровыя берагi Iрландыi цi проста — пра ката i поўню.

Чорны кот Мiналуш
Сочыць за ёй цiшком,
I зрэнкi яго гараць
То поўняй, то веташком.

Адчуваеце магiю здавалася б простых радкоў? Адчуваеце гукапiс, мелодыю? Значыць, перакладчыку ўсё ўдалося! Выданне кiшэннага фармату, лёгенькае, але важкае па змесце.

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр-т Независимости, 72.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter