Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Камяні

Камянi

Моц, цяжар, непарушнасць валуноў здзiўлялi i будуць здзiўляць чалавека

Цi маглi яны ўявiць сабе, што ў iх можа быць такая будучыня? Я цвёрда ўпэўнены, што не маглi нават i блiзка. I нават калi, напрыклад, у самых фантастычных марах усё ж дапусцiць тую самую будучыню, то адразу ўзнiкае лагiчнае пытанне: а навошта, якi ў гэтым сэнс? Цi iм тут, на самым паўночным ускрайку тагачаснай Еўропы, кепска, няўтульна? Яны ж былi сярод сваiх, такiх жа камянёў, вялiкiх, i сярэднiх, i зусiм маленькiх. Тут жа побач высiлiся вялiзныя скалы, якiя даводзiлiся iм бацькамi, старэйшымi братамi, сваякамi цi проста суайчыннiкамi. А самi горы — гэта ж iх найшаноўнейшыя продкi i нават, без перабольшвання, богi. Велiч гор так абнадзейвае сваёй непарушнасцю. Горы — iдэал моцы, якую знiшчыць проста немагчыма. На ўсiм белым свеце не iснуе такой сiлы, якая б змагла супрацьстаяць iхнiм багам. Але, як высветлiлася пазней, камянi вельмi памылялiся.


Яшчэ далей на поўнач, там, дзе самая верхавiна Зямлi, з’явiўся той, хто так кардынальна паўплываў на далейшы лёс камянёў, скал i нават гор. Гэта быў ляднiк. Спачатку ён быў невялiчкi. А затым пачаў расцi, набiраць моц, вагу, памеры. Праз нейкi час стаў настолькi вялiкiм i цяжкiм, што толькi вышыня яго дасягала каля чатырох кiламетраў. I пачаў той ляднiк спаўзаць па баках Зямлi ўнiз, да экватара, не зважаючы нi на што на сваiм шляху. Руйнуючы, нанава перабудоўваючы паверхню нашай планеты да непазнавальнасцi. Засыпаючы старыя i ўтвараючы новыя азёры, змяняючы рэчышчы рэк, злiзваючы да падножжа цэлыя горы. Разбураючы i штурхаючы iх перад сабой цi нават паглынаючы неверагоднае мноства скал i камянёў, каб у сваiм ледзяным чэраве несцi ўсё гэта далёка-далёка ад iх радзiмы, ад сучасных Аландскiх астравоў цi ад абшараў Фiнляндыi. Шлях ляднiка быў настолькi марудны, што яму спатрэбiлася вельмi шмат часу, каб дабрацца прыкладна да сярэдзiны тэрыторыi нашай сучаснай краiны. I вось менавiта тут велiзарная ледзя­ная iстота прыпынiлася. Чаму? А таму, што на нашай такой цудоўнай планеце iснавала, iснуе i, варта спа­дзявацца, будзе iснаваць заўсёды яшчэ больш магутная сiла, ды такая, што нават ляднiк яна прыпынiла лёгка, адным да яго дотыкам. А сiла тая была матухна-прырода наша. Дакранулася да ляднiка цяплом сваiм — i пачаў ён паступова ператварацца ў ручаiны, патокi, цэлыя рэкi празрыстай вады. Памяньшаючыся, адступаючы, адпускаў, вызваляў са сваiх абдымкаў каменьчыкi, камянi, валуны i нават цэлыя скалы. Там яны i заставалiся, дзе iх ляднiк пакiнуў.


А што ж камянi? Не маючы ног i нiякай здольнасцi рухацца, яны лiтаральна застылi на тых месцах, дзе апынулiся, i там ляжаць i цяпер. Хутчэй за ўсё, забыўшыся пра сваю былую радзiму, яны з тых далёкiх часоў радзiмай сваёй лiчаць толькi гэтыя мясцiны, нашу непараўнальную краiну Беларусь.


I мала таго, што з тых часоў яны сталi неад’емнай часткай нашага ландшафту, яны яшчэ ператваралiся ў культавыя аб’екты веры нашых далёкiх-далёкiх продкаў, адной з самых старажытных, а мо, i самай старажытнай. Справа ў тым, што на вольныя ад ляднiка землi неўзабаве прыйшоў чалавек. Усё, што было на той час непадуладным яму, незразумелым, недасягальным для яго розуму, палохала чалавека i з цягам часу ператваралася iм жа ў яго багоў, бажочкаў. Пералiк быў вялiкi: сонца, вецер, дождж, горы, маланкi, гром, вясёлка i гэтак далей. У гэтым пералiку, як нi дзiўна, апынулiся i камянi. Iх моц, цяжар, непарушнасць, колер, велiчыня таксама здзiўлялi чалавека, таму ў вынiку i камяням быў нададзены статус вышэйшых iстот, радавых татэмаў i абярэгаў, абаронцаў. Як i ўсяму астатняму, камяням таксама неслi прынашэннi, iм пакланялiся з пакалення ў пакаленне. Так склалася, так цягнулася вельмi доўга.


Iшоў час. Мянялiся вераваннi, мянялiся людзi, станавiлiся ў многiм iншымi. На змену старым багам прыйшлi новыя. Па-рознаму, недзе вельмi складана праходзiлi тыя змены. Папала нават камяням. Разбураць iх навучылiся, а тыя, што не паддавалiся, закопвалi цi спiхвалi ў рэкi цi азёры.

Зноў змянялiся часы. Сёння, напрыклад, да камянёў чалавек ставiцца менш варожа. Нават стаў успамiнаць, кiм яны былi для яго раней. Цягнуцца да iх людзi. Зноў камянi сталi iм патрэбныя. Зноў на iх баках пачалi выбiваць надпiсы, сiмвалы цi творы розных знакамiтых асоб.


Цiкава зазiрнуць наперад: што ж будзе адбывацца далей, што чакае гэтых, можна сказаць, прышэльцаў з далёкай поўначы, якiх мы зараз i блiзка не лiчым чужакамi?

— Ну як табе такi расповед? — звярнуўся да мяне дзядуля Аўдзей. Гэта ён, мясцовы жыхар з вёсачкi, якая зручна прытулiлася да берага Нёмана, пагадзiўся правесцi мяне да мясцовай славутасцi — вялiзнага валуна, якi сёння носiць сцiплую назву той вёсачкi, непадалёк ад якой ляжыць.


— Неяк у вас прыгожа ўсё атрымалася, незвычайна, — тут жа адказаў з задавальненнем я. — Усё так складна, паслядоўна. I ўсе дзеючыя неадушаўлёныя героi вашага расповеду падалiся нейкiмi, прабачце, жывымi… Цiкава i недзе нават нечакана.

— А чаму ж гэта нечакана? — стары, можа, нават абурыўся. — А як жа! Жывыя яны, як ёсць жывыя. I сонца, i вецер, i дождж. Маланкi, вясёлкi, дрэвы, рэкi i азёры. А камянi? Павер, у iх таксама, хутчэй за ўсё, ёсць i розум, i памяць… Яны нават здольныя дапамагаць нам, калi мы да iх усiх з пашанай ды ўдзячнасцю ставiмся…


— А адкуль вы, прабачце, гэта ўсё ведаеце? Дзе пачулi, хто вам у сваю чаргу распавёў? Цi чыталi мо?

Адказ быў кароткi i ёмкi, ён нават недзе прысаромiў мяне:

— А ты што, сынку, думаў, што мы тут толькi тазiкамi без дна пячкурыкаў лавiць можам? Не толькi за працай жыццё ўсё, а яшчэ i справамi рознымi, карыснымi для галавы ды сэрца, займаемся. Будзь у гэтым цвёрда ўпэўнены.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter