Главный агроном ОАО «Невский-Агро» Александр Мельник живет мыслями о спокойствии и мире на нашей земле

«Сёння ты дапаможаш чалавеку, а заўтра нехта іншы падтрымае цябе»

Пад кожным учынкам чалавека, як глыбінныя крыніцы, тояцца жыццёвыя прынцыпы. Яны і ствараюць яго непаўторнае аблічча. Галоўны аграном ААТ «Неўскі-Агра» Бабруйскага раёна Аляксандр МЕЛЬНІК перакананы, што важна быць верным малой радзіме. Толькі аднойчы надоўга пакідаў дарагі сэрцу куток, калі па мэтавым накіраванні бабруйскага калгаса імя Аляксандра Неўскага вучыўся на аграфаку Беларускай дзяржсельгасакадэміі. Сваякі падтрымалі яго выбар. Студэнтам інжынернага факультэта ў Горках быў старэйшы брат Валерый. Як выпадала магчымасць, разам прыязджалі дамоў і дапамагалі бацькам упраўляцца па гаспадарцы. Летам агарод апрацоўвалі, травы касілі, сена нарыхтоўвалі для дзвюх кароў. 


Пасля атрымання дыплома вучонага агранома Аляксандр вярнуўся ў родны калгас. Спачатку быў памочнікам брыгадзіра, потым узначаліў механізаваны атрад. Камсамольцы абралі яго сваім важаком. Працаваў галоўным спецыялістам у бабруйскіх гаспадарках, інспектарам раённай насеннай інспекцыі, чатыры гады кіраваў калгасам імя Дзяржынскага, адным з найбольш буйных у раёне. Восьмы год Аляксандр Іванавіч на чале агранамічнай службы ААТ «Неўскі-Агра». Летась за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Таксама адзначаны ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, юбілейным медалём «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі», дыпломамі і граматамі Магілёўскага аблвыканкама.

Цыбатыя буслы пасля прылёту з выраю ўвішна сілкаваліся на свежаўзаранай раллі, якую пакідаў за сабою МТЗ-1221 на полі за бабруйскай вёскай Кавалі. Трактарыст Аляксандр Максімаў спецыяльным прыстасаваннем закрываў вільгаць на глебе. На суседнім палетку механізатары ўносілі арганіку пад сяўбу яравых збожжавых. Па другі бок ажыўленай аўтатрасы, што вядзе са сталіцы на Гомель, па руні на шырокіх гумавых колах курсіраваў агрэгат «Раса», распыляючы вадкія азотныя ўдабрэнні. Тэхнічны арсенал у гаспадарцы абноўлены, што дапамагло з восені максімальна падрыхтаваць палеткі да веснавых палявых работ.

— Чатыры сельгаспрадпрыемствы раёна, сярод якіх і наша, увайшлі ў бабруйскі філіял Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, — ганарыцца галоўны аграном ААТ «Неўскі-Агра» Аляксандр Мельнік. — Дзейнасць у БНБК кардынальна паўплывала на змяненне структуры севазвароту. На тры сотні гектараў скараціліся цукровыя плантацыі, на сотню — палетак бульбы. Зерневая група перавысіць 3100 гектараў, а яравой пшаніцы, ячменю, зернебабовых культур запланавана пасеяць звыш тысячы. Кожнае поле запраўляем арганікай і мінеральнымі ўдабрэннямі. На пачатку тыдня работы прыпыніў снежны цыклон. На палі вывезена звыш 44 тысяч тон арганікі, што амаль удвая больш звычайнага. Кажуць: год пачынаецца з вясны, а поспех — са справы. 

— Зараз для агранома адказны час. Паспяваеце з усім спраўляцца?

— Выручае вопыт. За амаль чатыры дзесяцігоддзі розныя былі вёсны, і кожная надае клопату. Восем гадоў таму, калі ўзначаліў агранамічную службу, лета выдалася засушлівым, выпала толькі 150 міліметраў ападкаў. Пасевы і сенажаці пагарэлі, кармоў не ўдалося назапасіць удосталь — ледзьве перазімаваў грамадскі статак. Завозілі кармы з іншых раёнаў. Сёння справы ідуць інакш. Імкнёмся не ўпусціць спрыяльны тэрмін для сяўбы. Сачу за станам глебы: пакуль не падсохне, тэхніку ў поле не пускаю. Сезон пачалі з падкормкі азімых. Механізатары вопытныя, справу ведаюць. 

Летась кожны гектар ячменю даў звыш 55 цэнтнераў зерня (элітнае насенне закуплялі ў нясвіжскім агракамбінаце «Сноў»). Сёлета ячнае поле пашырана ў сем разоў — да 350 гектараў. У апошнія гады радуе ўраджаем і азімая пшаніца, восенню засеялі ёю 1700 гектараў. Вырошчваем таксама шматгадовыя травы. У севазвароце ім адведзена дзве тысячы гектараў, з якіх дзясятая частка — насеннікі канюшыны і злакавых. Насенне прадаём іншым гаспадаркам, адпраўляем у расійскія рэгіёны, а паступленні ад яго рэалізацыі папаўняюць бюджэт. На акультураных сенажацях атрымліваем тры-чатыры ўкосы за сезон і поўнасцю забяспечваем грамадскі статак уласнымі кармамі. На нашых фермах звыш 5000 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх трэцяя частка — каровы.

— Сельгасакадэмія дала тэарэтычныя веды, а ў каго пераймалі практычны вопыт?

— У жыцці шчасціла мець стасункі з таленавітымі хлебаробамі, ад іх і набіраўся вопыту. Сваім галоўным настаўнікам лічу вядомага беларускага аграрыя Міхаіла Пятровіча Левакова. Давялося працаваць пад яго кіраўніцтвам у бабруйскім калгасе імя Дзяржынскага. Чалавек энцыклапедычнага складу, механік па адукацыі, ён уважліва ставіўся да лічбаў, патрабаваў ва ўсім дакладнасць, цудоўна ведаў тонкасці раслінаводства. Памятаю, як за­ахвоціў мяне заняцца вырошчваннем шматгадовых траў. А як тактоўна вёў сябе з падначаленымі! Слыў узорным сем'янінам. 

Было чаму павучыцца і ў галоўнага агранома калгаса Мікалая Філатавіча Калодкіна. У гаспадарцы нямецкая кампанія ўсталявала першую ў рэспубліцы лінію па інкрустацыі насення азімага рапсу. Мяне, як маладога спецыяліста, адправілі на стажыроўку ў Заходнюю Германію да фермера Хуберта Цылікенса. Не меў ён аграрнай адукацыі, самастойна за сорак гадоў засвоіў аграномію. Апрацоўваў 75 гектараў зямлі. Глеба такая ж глеістая, як на Бабруйшчыне, пасля дажджу нагой не ступіць на поле. Працоўны дзень пачыналі ў сем гадзін раніцы, а ў шэсць вечара прыганялі на падворак сельгас­агрэгаты. За паўгода стажыроўкі засвоіў кіраванне імі. Восенню, калі ўбралі ўраджай, развітаўся з фермерскай сям'ёю і адправіўся дамоў. Калі крочыў ад чыгуначнага прыпынку да родных Мікулічаў, апошнюю сотню метраў быццам ляцеў на крылах, не адчуваў пад сабою зямлі. У той дзень на нашым падворку гудзела вяселле: сястра выходзіла замуж. Як у той прымаўцы: з карабля трапіў на баль. 

— А вы тады сям'і яшчэ не мелі?

— Сваю суджаную пазней сустрэў у сельскім клубе. Прыглянулася на танцах незнаёмка, загарэўся жаданнем правесці яе. Пазнаёміліся. З Бабруйска прыехала ў вёску да сваякоў, пасля Горацкага педвучылішча настаўнічала ў пачатковых класах і завочна вучылася на філфаку Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Тым зімовым вечарам прапанаваў выйсці за мяне замуж, а ўжо ў жніўні згулялі вяселле. З гарадской школы перавялася працаваць у сельскую. Жылі ў маіх бацькоў, з дапамогай сваякоў за лета збудавалі ўласны дом у вёсцы Кавалі. У ім пяць пакояў, прасторная кухня і шырокая веранда. Пайшлі дзеці. Першынца назвалі Яўгенам. Працуе міліцыянерам у Бабруйску. Другі сын Канстанцін атрымаў у сталічным універсітэце адукацыю праграміста і выкладае інфарматыку ў Бабруйску. Малодшы Максім завочна вучыцца на інжынерным факультэце ў Белдзяржсельгасакадэміі і працуе вадзіцелем. Васямнаццаць гадоў нядаўна адзначыла дачушка Настасся. Дзеці дапамагаюць нам па гаспадарцы. Кожную вясну засяваем гектар зямлі і апрацоўваем прысядзібны ўчастак маіх бацькоў. Трымаем карову, кабылку Міледзі і коніка Сокала, свіней, хатнюю птушку. Хутка зацвітуць у нашым садзе вішні, слівы, яблыні, грушы.

Жонка ўзначальвае Туркоўскую сярэднюю школу і паспявае ўпраўляцца дома. Калі вучыліся дзеці, трымалі дзве каровы. Малако здавалі дзяржаве і мелі добрую фінансавую падтрымку. Пасля заўчаснай смерці цешчы ў нашай сям'і выхоўваўся дзесяцігадовы асірацелы брат жонкі Аляксандр. Скончыў ён Чырвонабярэжскі аграр­на-тэхнічны каледж і працуе ў Магілёве. Часта бывае ў нас.

— Аляксандр Іванавіч, што значыць для вас Год міру і стварэння?

— Як і кожны чалавек, жыву думкамі пра спакой на нашай зямлі. Прыгадваюцца расповеды бабуль пра перажытае ў вайну. Не вярнуўся з фронту дзед Аляксей Данілавіч Мельнік. Яго ніколі не бачыла малодшая дачка, што нарадзілася ў ваеннае ліхалецце. Бацькаў старэйшы брат Мікалай, які выкладаў у Бабруйскім аўтатранспартным тэхнікуме, адшу­каў у ваенных архівах дакументы, дзе пазначана, што дзядуля загінуў пад Кёнігсбергам і пахаваны ў брацкай магіле. Планую пабываць ля гэтага мемарыяла. Аўдавелая бабуля адна паднімала на ногі дзяцей. 

Другі дзед Аляксей Капусцін вярнуўся з вайны жывым, працаваў на зямлі, але век яго быў нядоўгі. Мой сын Канстанцін збірае матэрыялы пра прадстаўнікоў нашага радаводу. Цікавыя дакументы пра землякоў-франтавікоў захоўваюцца ў краязнаўчым музеі Туркоўскай сярэдняй школы. Летам 1944 года войскі 1-га Беларускага фронту акружылі і знішчылі ў нашых мясцінах значную частку 9-й гітлераўскай арміі — так званая аперацыя «Бабруйскі кацёл». Новыя пакаленні павінны ведаць пра гэта. Асабліва зараз, калі неспакойна побач з нашымі рубяжамі. Паўтараюцца сцэнарыі, якія амерыканцы з еўрапейскімі памагатымі ладзілі ў Лівіі, Іраку, Югаславіі. 

Сапраўдным дзікунствам сталі здзекі ўкраінскіх нацыкаў над праваслаўнымі манахамі Кіева-Пячэрскай лаўры. Замах на святыню парушыў чалавечую сутнасць. Манаства лаўры ніколі не ладзіла разладу сярод вернікаў, жыве адшліфаваным стагоддзямі ўкладам. Падзеі, што адбываюцца ў Кіеве, балюча адклікаюцца ў сэрцах.

У нашай сялянскай сям'і шануюцца традыцыі продкаў. Помніцца, як бацькі старанна рыхтаваліся да Вялікадня. Усе збіраліся за святочным сталом. Маёй жонцы бабуля замяніла маці. Якія цудоўныя булкі яна пякла ў конаўках, каструлях і іншых пасудзінах! Духмяны пах запаланяў дом. Дзяцей частавала маленькімі булачкамі, а дарослых — пірагамі. Кожнаму госцю даставалася пафарбаванае яйка — сімвал жыцця. Калі не стала родных, у святы збіраемся з дзецьмі ў нас. 

— Вясною, калі кожная мінута на ўліку, пэўна, складана выкраіць для адпачынку вольны час?

— Продкі не мелі тэхнікі, але спраўляліся і засяваць надзелы, і святкаваць. Бацька Іван Аляксеевіч — адзін з першых трактарыстаў у Мікулічах. Маці Раіса Аляксандраўна скончыла Клімавіцкі зааветтэхнікум і да выхаду на заслужаны адпачынак працавала калгасным ветфельчарам. З братам Валерыем выраслі ў кабіне бацькавага трактара, нас з маленства прывучалі да сялянскай працы. На летніх канікулах працавалі ў калгаснай брыгадзе: на конях цягалі капы сена на лузе, скірдавалі салому. У старэйшых класах атрымаў па­сведчанне трактарыста-машыніста. На бацькавым трактары з братам падсявалі травы, падкормлівалі пасевы, а ўвосень убіралі калгасную бульбу. Пасля заняткаў дапамагалі бацьку на сенажаці: нагрузім воз сена і коньмі вязём дамоў. Па два рэйсы рабілі. У засушлівыя гады калгаснаму статку не хапала саломы для падсцілкі, таму зімою касілі трыснёг. Праца заўжды мне ў радасць. З жонкаю менавіта так выхоўвалі дзяцей. 

— У Туркоўскай сярэдняй школе, дзе дырэктарам ваша жонка, старшакласнікі атрымліваць сельскагаспадарчыя пра­фесіі?

— Раней была такая магчымасць, зараз толькі ладзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі аграрных сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. І сёлета перад вучнямі выступалі прадстаўнікі Чырвонабярэжскага і Жыліцкага дзяржаўных агракаледжаў. Гэта садзейнічае прафарыентацыі выпускнікоў, вось толькі колькасць іх з кожным годам у нашай школе змяншаецца. Уплывае дэмаграфічная яма. Адчувальны ў гаспадарцы дэфіцыт кадраў механізатараў і жывёлаводаў. Да сельгаспрадпрыемства далучаны два суседнія, на былой цэнтральнай сядзібе рэарганізаванай гаспадаркі ў вёсцы Туркі ёсць сярэдняя школа і ФАП.

— Што неабходна, каб было каму працягваць справу хлебаробаў?

— Заробкі не ўсіх цікавяць. Трэба не толькі спрыяльныя ўмовы працы, але і наладжаны адмысловы побыт. Каб маладому чалавеку было дзе правесці вольны час. Такая сітуацыя не толькі ў нашай краіне: урбанізацыя захлынула планету. Аграрыяў выручае магутная тэхніка, камп'ютарызацыя ферм (гэта скарачае колькасць працаўнікоў). Некалі лічылася звычайнай сям'я, дзе чацвёра малых, а цяпер яна ўжо шматдзетная. Там, дзе па адным, адчувальны эгаізм. Бацькі з малых гадоў песцяць дзяцей. Калі вырастуць, то ім боязна браць на сябе адказнасць. У жыцці трэба быць настойлівым і справядлівым.

— А сябе якім лічыце?

— Імкнуся быць ідэальным, але іншым меркаваць, ці атрымліваецца гэта. Мяне часта папракаюць, што занадта добры і даверлівы. Не шкадую, бо хачу, каб і са мною так годна абыходзіліся. Не цураюся дапамагаць лю­дзям. Вывучаю сітуацыю, а потым прымаю рашэнне. Сёння ты дапаможаш чалавеку, а заўтра нехта іншы падтрымае цябе. 

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter