Искреннняя, как исповедь: новая книга Гальперовича «Ветразь лёсу» вышла в издательстве «Мастацкая літаратура»

Адзiны назаўжды Айчыны свет

Шчырая, як споведзь: новая кнiга Навума Гальпяровiча «Ветразь лёсу» выйшла ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура»

Аўтар раскрывае душу перад чытачамi, нiбыта птушка расхiнае крылы. Менавiта такое адчуванне пасля прачытання кнiгi Навума Гальпяровiча «Ветразь лёсу». Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе i пры фiнансавай падтрымцы Мiнiстэрства iнфармацыi. У анатацыi сказана: «Вершы Навума Гальпяровiча даўно заслужылi ўвагу i выклiкалi цiкавасць у беларускiх чытачоў. Яны прываблiваюць глыбокай лiрычнасцю, шчырасцю, прасякнуты любоўю аўтара да Радзiмы i свайго роднага Полацка». У кнiзе i вершы, напiсаныя нядаўна, i выбраныя творы розных гадоў.

Зборнiк выйшаў у серыi «Новая бiблiятэка беларускай паэзii», заснаванай у выдавецтве «Мастацкая лiтаратура». Дырэктар установы Алесь Бадак заўважае, што апошнiм часам паэзiю выдавалi вельмi асцярожна, а тут нечаканы паварот:

— Усё пачалося з праекта «Народная бiблiятэка». Размаўлялi з пiсьменнiкамi, крытыкамi, бiблiятэкарамi, чытачамi — чые кнiгi з беларускiх класiкаў яны хацелi б выдаць. Многiя называлi Багдановiча, а мы падумалi: можа, вяртаецца цiкавасць да паэзii? Такiм чынам, выйшаў збор выбраных твораў Максiма Багдановiча — тыраж прадалi практычна за паўгода i зрабiлi дадатковы, якi таксама разышоўся. Галоўнае, што падкрэслiлi для сябе: паэзiя па‑ранейшаму цiкавiць народ.

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» попыт на паэзiю, у тым лiку сучасных аўтараў, працягнулi вывучаць. Бiблiятэкары пацвердзiлi: запыт на вершы ў чытачоў ёсць.

— У вынiку абнавiлi серыю «Бiблiятэка беларускай паэзii», дадаўшы да ранейшай назвы «новая», — удакладняе Алесь Бадак. — Наогул, гэтая серыя iснавала яшчэ да з’яўлення нашага выдавецтва, з канца 1960‑х. У ёй выходзiлi кнiгi многiх аўтараў, мiж тым з часам змянiлiся актуалii, былi створаны новыя творы, таму варта перагледзець спадчыну нават тых пiсьменнiкаў, якiя ў нас ужо выдавалiся. Пакуль у абноўленай серыi маем два зборнiкi — Яўгенii Янiшчыц i Навума Гальпяровiча. Далей у нас таксама прыгожыя планы.
Высокi напал думкi, паважлiвае стаўленне да роднага слова, глыбокае асэнсаванне з’яў роднай гiсторыi i сучасных падзей зрабiлi творчасць Навума Гальпяровiча адметнай i запамiнальнай, што не раз адзначалi ў сваiх рэцэнзiях лiтаратурныя крытыкi i калегi па пяры.

Глыбокая фiласофiя, летуценны свет разваг i непадробная любоў да вялiкай i малой радзiмы дыхаюць скрозь кожны радок паэта. Тут незвычайнай сiлы метафары, якiя зоркiмi вачанятамi паглядаюць з‑пад твораў. Мяркуйце самi. Верш «Палата» (з нацiскам на апошнiм складзе). Гэта рачулка на роднай Гальпяровiчу Полаччыне: «Калi высахнуць вочы ў журбе // I самота ў душы скамянее, // Я аднойчы прыйду да цябе // У апошняй i кволай надзеi». Паэт толькi зазiрне ў жоўтае люстра вады i адразу адчувае ў сабе новыя сiлы.

У вершах — павучаннi, якiя сам для сябе выносiць аўтар. Ён нiкога не настаўляе, а проста дае зразумець: «Пастукаўся аднойчы да мяне // Вандроўнiк нейкi, страшны i калматы. // Вiсела поўня над бацькоўскай хатай, // I ценi прабягалi па сцяне». Калi ў некалькiх словах перадаць гэтую гiсторыю, лiрычны герой вандроўнiку не адчынiў дзверы: «I чую рэха, бы пачварны смех, // I думка ў галаве збалелай стыне: // Не адчынiў я. Мой няўмольны грэх. // А значыць, мне таксама не адчыняць».

Безумоўная любоў да Ра­дзiмы лунае ў кожным радку, таму прыклад — паэма «Адзiнае». Лiрычны герой у вандроўцы ў велiчным i загадкавым Кiтаi, кожную ноч снiць сны аб Беларусi: «Так шмат цудоўных месцаў ёсць вакол. // Але чаму сваё шукаюць вочы? // Чаму iзноў прачнуся сярод ночы, // Убачыўшы свiтанне над Дзвiной?» I так — заўсёды. Радзiма нiколi не пакiдае Навума Гальпяровiча, а ён — яе. Сумна глядзiць на журавоў i, зняўшы шапку, праводзiць iх на свiтаннi. Дай бог iм цяпла i звонкiх песень на чужой зямлi: «Шапку зняўшы, доўга не стаяць. // Ды i колькi можна жыць у скрусе? // Ну i што, што журавы ляцяць. // Хай ляцяць, а я вось застаюся…»

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter