Какими новинками пополнится столичный транспорт в этом году?

Зялёнае святло электробусу

Як бы ні расла колькасць асабістых аўтамабіляў, метрапалітэн і наземныя маршруты грамадскага транспарту застаюцца актуальнымі ў любы час. А гэта азначае, што транспартная сетка мае патрэбу ў пастаянным развіцці і аптымізацыі. Аб планах і перспектывах даведаўся карэспандэнт «Р».

У 2021 годзе плануецца набыць 252 аўтобусы, 9 электробусаў і 150 тралейбусаў.

Сёння ў Мінску функцыянуюць 202 аўтобусныя, 60 тралейбусных, 8 трамвайных і 45 экспрэс-маршрутаў. Па шчыльнасці маршрутнай сеткі Мінск знаходзіцца ў дзясятцы гарадоў з найбольш развітым грамадскім транспартам.

— З гонарам можна сказаць, што мы з’яўляемся лідарамі на постсавецкай прасторы, — канстатуе начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак дзяржаўнага прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Аляксандр Капцюх. — У нас добрыя перспектывы адносна тралейбуснага руху, працягласць кантактнай сеткі якога складае 500 кіламетраў. Максімальна на лінію выходзяць 628 тралейбусаў, у чым мы нават крыху апярэджваем Маскву.

Па словах Аляксандра Капцюха, у 2021 годзе плануецца набыць 252 аўтобусы, 9 электробусаў і 150 тралейбусаў (з іх 100 — вялікай умяшчальнасці і 50 — асабліва вялікай). Трамвайныя сеткі не павялічыліся, таму і закупляць новыя трамваі няма неабходнасці. Да таго ж знос у іх самы нізкі з усіх відаў транспарту.

Што тычыцца падземнага транспарту, то запуск трэцяй лініі метрапалітэна дазволіў стварыць трохвугольнік перасадак, што разгрузіла перасадачны вузел «Купалаўская — Кастрычніцкая». На трэцяй лініі працуюць зручныя цягнікі «Штадлер-Мінск», якія маюць скразныя праходы праз увесь састаў, што дазваляе раўнамерна запаўняць вагоны. У іх значна зніжаны ўзровень шуму, ёсць кандыцыяніраванне ў салонах і сістэма інтэрактыўнага інфармавання пасажыраў. Новы від рухомага саставу ў хуткім часе з’явіцца і на першых дзвюх лініях метрапалітэна.

Маршрутная сетка ў горадзе сфарміравана і з’яўляецца аптымальнай. Нягледзячы на гэта, любыя прапановы разглядаюцца і абмяркоўваюцца, а пры неабходнасці ўкараняюцца. Для гэтага спецыялісты папярэдне вывучаюць аналіз дзеючай маршрутнай сеткі і аб’ём пасажырапатоку.

Аптымізацыі падвяргаюцца маршруты, якія карыстаюцца найменшай папулярнасцю і маюць альтэрнатыўныя паралельныя.

— У бліжэйшы час плануецца сур’ёзнае вывучэнне пасажырапатоку, — расказвае Аляксандр Капцюх. — Пасля гэтага мы прымем лагічныя рашэнні па павелічэнні інтэрвалаў руху на маршрутах, дзе напаўняльнасць у салонах нізкая. Дзякуючы таму, што рухомы састаў абсталяваны камерамі відэаназірання, сачыць за напаўняльнасцю салонаў можна як у рэжыме рэальнага часу, так і праглядаючы архіўныя запісы.

Дарэчы, з пачатку пандэміі і ў летні перыяд назіралася традыцыйнае зніжэнне пасажырапатоку, з-за якога метрапалітэн страціў каля 30—33 працэнтаў пасажыраў, а наземны транспарт — каля 20—27 працэнтаў.

ДАРЭЧЫ

У пачатку гэтага года парк «Мінсктранса» папоўніўся новымі мадэлямі грамадскага транспарту: пяццю аўтобусамі МАЗ-203 і сямю электробусамі Е321 удасканаленай канструкцыі.

grudnitskiy@sb.by

У 2021 годзе плануецца набыць 252 аўтобусы, 9 электробусаў і 150 тралейбусаў.

Фота Аляксея Вязміцінава

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter