Белорусской государственной сельскохозяйственной академии — 180 лет

Заручоныя назаўжды

Беларуская дзяржаўная сельгасакадэмія, пачатак якой дала адкрытая ў 1840 годзе першая ў царскай Расіі сельскагаспадарчая вучэльня — Горы-Горацкая земляробчая школа, адзначае 180-годдзе. Яна стала крыніцай аграрнай адукацыі і навукі, дала свету слынных асоб, заснавальнікаў навуковых школ. Дыпломы спецыялістаў сельскай гаспадаркі ў Горках атрымалі звыш ста тысяч яе выпускнікоў.  


Белдзяржсельгасакадэмія — адна з найбольш старэйшых і буйных шматпрофільных вышэйшых навучальных аграрных устаноў краін СНД і Еўропы. Сёння на 10 факультэтах, у Пінскім і Палескім філіялах, Вышэйшай школе аграбізнесу атрымліваюць адукацыю еўрапейскага ўзроўню 10 тысяч студэнтаў з Беларусі, бліжняга і дальняга замежжа.


Акадэмія мае статус навуковай арганізацыі, акрэдытацыю Мінадукацыі Расіі з правам выдаваць выхаванцам дыпломы расійскага ўзору. Яна ўвайшла ў лік лепшых з 150 вышэйшых навучальных устаноў краін СНД.

Студэнцкі гарадок у Горках заўжды ажыўлены. Шматпавярховыя навучальныя карпусы, інтэрнаты, Палац культуры, бібліятэка і іншыя пабудовы Белдзяржсельгасакадэміі акружаюць векавыя дрэвы. Акуратна дагледжаныя кветнікі і газоны. Значна абнавіўся акадэмічны гарадок, калі Горкі ў 2012 годзе праводзілі рэспубліканскія «Дажынкі». Эпіцэнтрам свята стала тэрыторыя акадэміі. Да фестывалю-кірмаша архітэктурны ансамбль студгарадка дапоўніўся дзевяціпавярховым інтэрнатам, адкрыліся рыбаводны індустрыяльны комплекс і вучэбна-навукова-вытворчая школа-ферма. Знайшла свой працяг даўняя акадэмічная традыцыя — садзіць дрэвы. Два дзясяткі чырвоных дубоў — сімвал мудрасці і вечнасці — сталі лагічным працягам Алеі Герояў Сацыялістычнай Працы, выпускнікоў акадэміі. Да кожнага дрэўца прымацавана таблічка з выбітымі імёнамі слынных выхаванцаў горацкай альма-матэр.

Сваю алею пакінулі ў тую восень у акадэмічным гарадку і ўдзельнікі Міжнароднага тэлевізійнага фестывалю «Вясковы двор». Такі форум упершыню праводзіўся тут. Інфармацыйную падтрымку аказвала наша газета. Прадстаўнікі больш як двух дзясяткаў тэлекампаній еўрапейскіх краін прадстаўлялі на творчым конкурсе перадачы пра земляробаў, іх поспехі і дасягненні, культуру і традыцыі. Незабыўнае ўражанне засталося ў гасцей Горак ад гэтых яркіх падзей.

Лекцыю будучым зааінжынерам чытае прафесар Аляксандр САЛЯНІК.

У галоўным корпусе як сімвал захоўваецца памятная Кніга са словамі выпускніка, Кіраўніка нашай дзяржавы: «Я ганаруся… маёй акадэміяй…». Падпісацца пад імі можа і сёння любы выхаванец слыннай навучальнай установы.

З прарэктарам Міхаілам Волкавым крочым па высцеленымі брукам алеям студгарадка. Знаёмыя вучэбныя карпусы, дзе з аднакурснікамі эканамічнага факультэта больш як тры дзесяцігоддзі таму слухалі лекцыі, здавалі залікі і экзамены. Цёплымі пагодлівымі вечарамі пад густымі шатамі дрэў на цэментаваным пятачку пад гармонік ладзіліся танцы. Пэўна, многія тут знайшлі сваё шчасце.

Сённяшнія студэнты маюць магчымасць бавіць вольны час у цудоўным Палацы культуры. На адным з паверхаў яго размешчаны краязнаўчы музей. Экспазіцыя багата на арыгінальныя экспанаты і эксклюзіўныя гістарычныя дакументы, якія сведчаць пра цікавыя факты. Вось некаторыя з іх. У Горы-Горацкім земляробчым інстытуце быў створаны прататып першага ў свеце збожжаўборачнага камбайна. Тут упершыню ў сусветнай практыцы пачалі рыхтаваць менеджэраў для сельскай гаспадаркі.  

Ад Палаца культуры з Міхаілам Міхайлавічам крочым бульварам да летняй эстрады, што ўзвышаецца на крутабокім беразе. Уздоўж выцягнуўся спартыўны комплекс са стадыёнам, гульнявымі заламі, абсталяванымі сучаснымі трэнажорамі.

Магістрант Аксана САЛАПАЕВА, прафесар Макс ФРЭЙДЗІН, магістрант Та НА, дэкан факультэта бізнесу і права Наталля ГЛУШАКОВА, магістрант ГЭГЕНЬЦЖОЛА і загадчык кафедры аграбізнесу Віктар ВАСІЛЬЕЎ.

Візітная картка акадэміі — галоўны корпус, дзе размешчаны рэктарат. Парадную пляцоўку перад пяціпавярховым будынкам упрыгожвае фантан. Да юбілею адноўлены яшчэ адзін водны феерверк. Пафарбаваны яркімі колерамі ўсе 16 навучальных карпусоў, інтэрнаты.

Пад шатамі векавых дубоў, ясеняў і ліп у стогадовым муры размешчана бібліятэка. Яна равесніца акадэміі. Больш як паўвека загадваў ёю Дзям’ян Новікаў. Працоўны стаж яго перарвала ваеннае ліхалецце. Франтавік дайшоў да Берліна. У павержаным фашысцкім логаве натрапіў на ўнікальныя кнігі, вывезеныя фашыстамі з горацкай бібліятэкі. Шмат намаганняў прыклаў Дзям’ян Раманавіч, каб вярнуць іх, але не дачакаўся гэтага моманта. Кнігі прыбылі пасля яго смерці. Чатыры гады таму бібліятэцы прысвоена імя Дзям’яна Новікава.

Парадны фасад бібліятэчнага будынка ўпрыгожвае мемарыяльная дошка класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. У даваенныя гады творца наведваў акадэмію, чытаў свае вершы студэнтам і выкладчыкам. Заходзіў у бібліятэку, любіў прагульвацца па батанічным садзе. Тут, як і ў вучэбнай гаспадарцы і іншых падраз­дзяленнях будучыя спецыялісты атрымліваюць практычныя ўрокі па абранай прафесіі.

Рэктар БДСГА Віталь ВЕЛІКАНАЎ.

Рэктар Віталь Веліканаў перакананы: вучэбны працэс варта ўзбагачаць практыка-арыентаванымі заняткамі. З прарэктарам Міхаілам Волкавым завіталі на вучэбна-навукова-вытворчую школу-ферму. Узведзена яна непадалёку ад Горак. Аналагаў ёй няма на ўсёй постсавецкай прасторы. Тут студэнты засвойваюць даенне кароў на пяці відах установак. Знаёмяцца і з кіраваннем робата. Ферма стала сапраўднай навукова-доследнай базай, дзе не толькі наладжаны вытворчы працэс, але і апрабіруюцца самыя новыя тэхналогіі і распрацоўкі вучоных.

Акрамя вучэбна-доследнай гаспадаркі акадэміі, будучыя спецыялісты практыкуюцца ў 70 філіялах кафедр, створаных у 25 сельгасарганізацыях рознай формы ўласнасці, 17 навукова-даследчых і праектных інстытутах і іншых установах. Так, на базе рыбнага індустрыяльнага комплекса распрацаваны шэраг вучэбна-практычных лабараторый для правядзення вучэбнага і навуковага працэсаў па спецыяльнасці «Прамысловае рыбаводства і навукова-доследная работа па рыбнай гаспадарцы і аквакультуры».

Загадчык кафедры кандыдат біялагічных навук Мікалай Барулін адзначае: прафесія рыбавода — адна з самых цікавых экалагічнага профілю, яна дае выпускнікам шырокія магчымасці. Маладыя спецыялісты працуюць на штучных саджалках, рыбаперапрацоўцы ці ў рыбінспекцыі. Падрыхтоўкай кадраў для рыбнай гаспадаркі ў акадэміі заняліся чвэрць стагоддзя таму. Мікалай Валер’евіч рыбаводчую спецыяльнасць атрымаў тут. Студэнтам захапіўся навукай. Абараніў кандыдацкую дысертацыю і зараз завяршае працу над доктарскай. Навукоўцы разам са студэнтамі плануюць пачаць выкананне інавацыйнага праекта Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання па стварэнні на базе рыбгаса «Волма» шматфункцыянальнага асятровага комплексу.

Дацэнт Міхаіл УСАЎ на практычных занятках у рыбагадавальніку са студэнтамі факультэта біятэхналогіі і аквакультуры Настассяй ГАТАЛЬСКАЙ, Мікалаем КАСМАЧОВЫМ і Уладзіславай ЛЯСНЕЎСКАЙ.

Цікава было пачуць пра даследаванне рыб Даніё-рэрыё. Зараз у навукоўцаў свету бум на іх. Гэтыя маленькія істоты замянілі доследных мышэй. Генетыкі, анколагі, таксіколагі, кардыёлагі праводзяць на іх доследы. Наладжаны кантакты з амерыканскімі і кітайскімі калегамі. У перспектыве плануецца даследаваць на рыбках метады лячэння кардыялагічных захворванняў.

Рашуча ўзяла старт інавацыйная структура — ТАА «Тэхнапарк «Горкі». Кіраўнік калектыву Андрэй Цімаеў згуртаваў дружную каманду аднадумцаў. Зарэгістраваныя рэзідэнты гатовы не толькі выпускаць інавацыйны прадукт, створаны на базе штучнага інтэлекту, але ўжо і рэалізуюць некаторыя распрацоўкі ў вучгасе і і ншых гаспадарках. Так, з дапамогай электроннай апаратуры праводзіцца аўдзіт па двух накірунках. За пяць хвілін на аснове аналізу біяхіміі крыві вызначаецца стан здароў’я каровы. Аператыўна аналізуецца расклад кармоў па элементах, і калі якіх не стае, даюцца парады, як выправіць сітуацыю.

Супрацоўніцы тэхнапарка Вольга Салоўская і Настасся Новікава падзяліліся радаснай весткай: па заказу ПРААН распрацаваны інкубатар «Садзейнічанне занятасці ў малых і сярэдніх гарадах». Тэхнапарк «Горкі» ўключаны ў праект. Для студэнтаў ладзяцца бясплатныя кансультацыі і арганізуюцца мерапрыемствы па адкрыцці прыватнага бізнесу. Актыўна супрацоўнічаюць з тэхнапаркам выкладчыкі і студэнты факультэта бізнесу і права.

Беларуская аграрная мадэль, аснова якой пакладзена ў земляробчай Горы-Гарацкай школе амаль два стагоддзі таму, пераканаўча даказвае свае перавагі. Пра перспектывы развіцця Беларускай дзяржсельгасакадэміі і яе слынных выпускнікоў — у наступным нумары газеты.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter