Глубокое: до и после 17 сентября 1939 года

«Залатая падкова» адзінства

Амаль штодзённа на плошчы «17 верасня» — плошчы адзінства ў Глыбокім — можна пабачыць турыстаў з розных гарадоў краіны і нават замежжа. Да пандэміі апошніх было яшчэ больш. Найпершым чынам госці наведваюць два велічныя храмы: Сабор Ражства Прасвятой Багародзіцы XVII стагоддзя і касцёл Святой Тройцы XVIII стагоддзя. Падоўгу экскурсанты запыняюцца і ў скверах, што з двух бакоў акаймляюць плошчу. У адным — магутны фантан з замыславатай архітэктурай, а далей — скульптура з вядомага біблейскага тэксту «Ісус і самарыцянка са жбанам», напамінак нам аб тым, што не хлебам адзіным павінен жыць чалавек, але клапаціцца і пра сваю душу, наталяцца напоем гісторыі. 

З другога боку плошчы — гісторыя горада і раёна ў бюстах самых знакамітых людзей краю: мецэната названых вышэй храмаў Юзэфа Корсака, сусветна вядомага авіяканструктара Паўла Сухога, стваральніка сучаснага іўрыта Эліэзера Бэн-Іегуды, заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Пятра Казлова, прафесара Юрыя Сабалеўскага, паэта, удзельніка вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Алеся Дубровіча...

Госці задаюць шмат розных пытанняў. Адно з іх гучыць часта: «Чаму плошча называецца «17 верасня»? Што гэта за дата?

ГЛЫБОКАЕ: перад і пасля 17 верасня 

Згодна з умовамі Рыжскага мірнага дагавору 18 сакавіка 1921 года, мястэчка Глыбокае апынулася ў складзе Польшчы як населены пункт Дзісненскага павета Віленскага ваяводства. Дзржаўная мяжа, што падзяліла Беларусь на дзве часткі, праходзіла за 70 кіламетраў ад мястэчка, а Глыбоччына стала прыгранічнай зонай. Дадзеная акалічнасць значна паўплывала на грамадска-палітычнае жыццё рэгіёну. З першых дзён польскія ўлады стварылі на нашых землях жорсткі паліцэйскі рэжым. Апорай гэтага рэжыму сталі асаднікі, якіх рассялялі на памежных землях і якія павінны былі сачыць за лаяльнасцю мясцовых жыхароў да новых улад.

17 верасня 1939 года савецкія войскі ўвайшлі ў Глыбокае. У памяць аб гэтай падзеі галоўная плошча горада перайменавана ў плошчу «17 верасня», гэту назву носіць і сёння.

У музеі захаваўся наступны дакумент таго часу першых крокаў савецкай улады на Глыбоччыне: «Праз два дні часовае кіраўніцтва, (адміністрацыйная ўлада павета) выдала загад для гандлёвых арганізацый: працаваць з 9 да 19 гадзін, абменьваць 1 злоты на 1 рубель, хлебапякарня павінна што­дзённа выпякаць па 300 кілаграмаў хлеба. 25 верасня раённая газета «За новае жыццё» надрукавала справаздачу: «Для забеспячэння насельніцтва Глыбокага таварамі першай неабходнасці з Савецкай Беларусі завезены... соль, некалькі кілаграмаў махоркі, некалькі дзесяткаў скрынак запалак і 3 тоны газы». А ўжо восенню 1939 года на Глыбоччыне было арганізавана 11 калгасаў. 15 студзеня 1920 года ўтвораны Глыбоцкі і Пліскі раёны. У Глыбоцкі раён увайшлі гарадскі і 19 сельскіх Саветаў — усяго 7440 двароў. У Пліскім існавала 18 сельсаветаў.

На жаль, мірнае жыццё неўзабаве закончылася. Праз два гады пачалася Вялікая Айчынная вайна з Германіяй, у якой Глыбоччына панесла вялікія страты. У раёне, удумайцеся ў гэту лічбу, звыш 40 помнікаў загінуўшым воінам і ахвярам акупантаў. Толькі на мемарыяльным комплексе «Барок» захавана 27 тысяч ваеннапалонных і вязняў яўрэйскага гета.

У пасляваенны час дзякуючы працавітасці людзей Глыбоччына паўстала з руін. Сёння раён — адметны магутны пераапрацоўчы комплекс сельскагаспадарчай прадукцыі. Тут размешчаны вядомыя ў вобласці і рэспубліцы буйныя прадпрыемствы: малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, камбікормавы завод. Створана магутнае аграпрамысловае аб’яднанне.

Глыбоччына займае першае месца ў вобласці па бізнесу: зарэгістравана ажно 200 фірмаў і звыш 800 індывідуальных прадпрымальнікаў. Само Глыбокае непазнавальна змянілася, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе.

Рысы мінулага ўдала перапляліся з сучаснай архітэктурай. Мы ўжо расказвалі аб пераменах на плошчы «17 верасня», але ж яны закранулі і ў цэлым увесь горад. Так, вакол возера Кагальнае ў цэнтры пакладзены пешаходныя дарожкі, устаноўлены ліхтары, зладжаны альтанкі. Новы воблік набылі Дом культуры, стаматалагічная паліклініка. Расчыніла дзверы новая сярэдняя школа № 1 імя авіяканструктара-земляка Паўла Сухога, адна з лепшых у вобласці. Здзейснены маштабны праект па каналізаванню горада.

Паскоранымі тэмпамі ўзводзіцца жыллё. Цэлы мікрараён з 60 кватэрных дамоў вырас на паўночнай ускраіне, дзе наваселле справіла амаль тысяча сямей, пераважна шматдзетных. Адна з іх — Ігара і Святланы Хаванскіх:

— Мы жылі з двума дзецьмі ў бацькоў, бо свайго дома не мелі. Па рашэнні райвыканкама нам выдзелілі чатырохпакаёвую кватэру 98 метраў квадратных. Спачатку аплочвалі толькі палову яе кошту з растэрміноўкай на сорак год, а калі нарадзілася яшчэ двое дзяцей, то зусім быў скасаваны доўг. Фактычна дзяржава падаравала нам такую шыкоўную кватэру. Не ведаем, у якой яшчэ краіне ёсць падобнае!?

Тут жа, у мікрараёне «Паўночны», узведзены дзіцячы садзік, універсам, хутка пабудуюць і школу.

У апошнія паўтара года па рашэнні райвыканкама і пад асабістым кантролем яго старшыні Аляксандра Шубскага будоўля перамясцілася на вуліцы Глыбокага. Тратуары, пешаходныя дарожкі пракладзены да дзіцячых садзікаў і школ, а таксама па вуліцах Мінскай, Ламаносава, Маладзёжнай, Крупскай, Калініна і іншых. Ля дзіцячага садзіка № 4 зладжана аўтамабільная стаянка, пакладзены бардзюры па вуліцы Савецкай. Усяго акультурана звыш дзясятка аб’ектаў. Работы працягваюцца на вуліцах Гагарына, Вольнай. Тратуарная плітка ўкладваецца па вуліцы Леніна. Дарэчы, вытворчасць будаўнічага матэрыялу, у тым ліку пліткі, арганізавана на базе мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. 

Пад шчаслівай лічбай 

У гонар знакавай даты «17 верасня» быў названы і адзін з калгасаў у Глыбоцкім раёне. У 1951 годзе гаспадарку ўзначаліў Леанід Пугаўка, чалавек легендарны. Нарадзіўся Леанід Канстанцінавіч у беднай сялянскай сям’і. Рана, з 11 год, спазнаў батрацкую навуку ў памешчыка Чарняўскага: пасвіў гусей, а пасля кароў. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР шчыраваў на зямлі ў бацькоў. Потым была армія. Вялікую Айчынную вайну сустрэў пад Ленінградам. Ваяваў на Курскай дузе, Сандамірскім плацдарме, Берліне, а Перамогу святкаваў у прадмесцях Прагі. За выключную мужнасць узнагароджаны ордэнамі Славы II і III ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.

Былы старшыня калгаса «17 верасня» Герой Сацыялістычнай Працы Леанід Пугаўка.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на радзіму, дзе спачатку загадваў хатай-чытальняй, быў старшынёй Лучайскага сельскага Савета, а пасля ўзначаліў калгас «17 верасня», якім нязменна кіраваў 30 год, амаль трэць веку.

Ужо ў 1954 годзе хлебаробы калгаса атрымалі з кожнага гектара па 21,5 цэнтнера зерневых. На той час гэта была самая высокая ўраджайнасць у Беларусі. Далей былі дасягнуты лепшыя вынікі ў раёне і вобласці па ільну, малаку, мясе. Бесперапынна вялася ў калгасе будоўля. Толькі за два гады, з 1956 па 1958-мы, наваселлі справілі 40 вяскоўцаў. Былі пабудаваны тры школы, магазіны, бальніца ў Бабічах, якая абслугоўвала пяць суседніх гаспадарак. Пакладзены асфальт на вуліцах.

За выдатныя поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі па вытворчасці збожжа, бульбы, лёну, мяса, малака, і ўкараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 18 студзеня 1958 года Леаніду Канстанцінавічу Пугаўку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Цікава, што такое ж высокае званне атрымаў і старшыня суседняга калгаса «Перамога» Міхаіл Васільевіч Лытысаў, з якім Пугаўка спаборнічаў.

Пераемнік Л. Пугаўкі — былы старшыня калгаса «17 верасня» Анатоль Пачопка.

Разбег, які далі росквіту сваіх гаспадарак гэтыя два мясцовыя «прафесары ад зямлі», падтрымалі іх пераемнікі: Алена Дзягель і Анатоль Пачопка. Першая да таго ж пабудавала цуркву і каталіцкую капліцу. Апошні завёў у племянную конегадоўлю. Так, напрыклад, аднаго пародзістага скакуна прадалі ў Расію за... 15 тысяч долараў. Мо таму калгас «17 верасня» і перайменавалі ў ААТ «Залатая падкова», да якого 8 год таму назад далучылі суседнюю гаспадарку «Пятроўчыны» (ранейшы калгас «Перамога»).

Сёння ААТ «Залатая падкова» кіруе малады дырэктар Аляксандр Стукан. На рахунку ў банку ёсць грошы, няма запазычанасці па плацяжах, своечасова людзі атрымліваюць зарплату. Толькі за малако гаспадарка атрымлівае звыш 10 тысяч рублёў у суткі.

Менавіта гэтай галіне і ўдзяляецца найбольшая ўвага. За апошнія два гады рэканструявана ферма «Стары Двор», на бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы пераведзены цялятнік у «Чаронцы», распачата будаўніцтва двух памяшканняў для маладняку буйной рагатай жывёлы ў «Бабічах». Прыжыліся ў гаспадарцы маладыя аператары машыннага даення Віка Філітарына, Вераніка Лабузевіч, Таццяна Іванец, механізатары Сяргей Качан, Ігар Скурат, Дзмітрый Крамарэнка. Апошнія актыўна ўключыліся ў корманарыхтоўку.

Гаспадарка жыве, глядзіць у будучыню. Нездарма ж яна нарадзілася ў верасні, пад лічбай «17», і нездарма ёй далі потым назву на шчасце «Залатая падкова».

saulich@bk.ru

Фота аўтара і з архіва Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter