Священник Кирилл Бардонов: Забота об окружающем мире - дело каждого

З любоўю да прыроды

У  нашы дні чалавецтва лічыць важным клопат пра навакольны свет. Такі падыход супадае з хрысціянскім вучэннем і бачны ўжо на першых старонках Бібліі. У паэтычным апісанні фарміравання свету чалавек ствараецца апошнім — як вяршыня Божай задумы. Свет створаны для чалавека, і таму яму даручаны клопат пра прыроду.

Фото Ольги Александровой

У ХІІ—ХІІІ стагоддзях у Італіі жыў святы Францішак Асізскі, якога можна палічыць апекуном і заступнікам тых, хто займаецца аховай навакольнага асяроддзя і даследуе яго. Некаторыя вучоныя і публіцысты называюць гэтага святога «першы эколаг». Ён быў заснавальнікам манаскага ордэна францысканцаў, у якога ёсць адгалінаванне, названае капуцынамі. Дарэчы, менавіта дзякуючы капуцынам узнік спосаб заварвання кавы, які называецца «капучына».

Сваіх паслядоўнікаў Францішак вучыў, што, калі побач з манастыром яны засноўваюць сад, неабходна пакідаць частку яго неапрацаванай, каб яна развівалася згодна з законамі дзікай прыроды. У тыя часы такі падыход лічыўся дзіўным.

Наш сучаснік, актуальны папа рымскі, пасля выбару на пасаду прыняў імя Францішак, каб падкрэсліць сувязь з духоўнасцю згаданага сярэдневяковага святога. У адным з дакументаў, прысвечаных ахове навакольнага асяроддзя, папа запісаў: «Святы Францішак, верны Святому Пісанню, прапануе нам прызнаць прыроду цудоўнай кнігай, праз якую да нас прамаўляе Бог і пераказвае нам штосьці са сваёй прыгажосці і дабрыні».

Некаторыя сучасныя эколагі ўскосна прапагандуюць думку, як быццам бы чалавек — лішняе стварэнне на зямлі. Але калі людзі будуць ставіцца да навакольнага асяроддзя не як неўмеркаваныя спажыўцы, а з клопатам пра прыроду, то такая думка становіцца непрымальнай.

Святы Францішак асаблівым клопатам ахінаў бедных і цяжкахворых, спалучаючы пропаведзь Евангелля з простым і стрыманым стылем жыцця. Людзі часта акружа­юць сябе лішнімі рэчамі, наносячы ўрон прыродзе. Навакольны свет — таямніца, якую чалавецтва спрабуе зразумець і пра якую паклікана клапаціцца, захоўваючы яе для нашчадкаў.

Ксёндз Кірыл Бардонаў.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter