Мінскі калекцыянер расказвае гісторыю Першамая па значках

Ён носіць май на сэрцы

Давіду Шмаеўскаму ўжо 82 гады, аднак энергіі ў яго — хоць адбаўляй. Ён падарожнічае, цікавіцца валей-болам і калекцыяніруе памятныя значкі, сярод якіх ёсць і прысвечаныя 1 Мая. Таксама ён паўдзельнічаў не ў адной першамайскай дэманстрацыі. Разам з карэспандэнтам «Р» дзед Давід прыгадвае мінулае.

Давід Фёдаравіч збірае значкі гадоў 60. 

У калекцыі Давіда Шмаеўскага каля 20 знакаў, прысвечаных 1 Мая. Усе яны абсалютна розныя. Дзядуля перабірае іх у руках:

— Першага мая ў савецкія часы адзначалася ўсесаюзнае свята. На дэманстрацыю выходзілі ўсе прадпрыемствы і навуковыя ўстановы, неслі транспаранты, сцягі, партрэты членаў партыі. Потым збіраліся каля трыбуны на плошчы Леніна, сёння гэта плошча Незалежнасці. У кватэрах сталы ламаліся ад страў. Канешне, тады ўзаемаадносіны і каштоўнасці былі зусім іншыя.

Давід Шмаеўскі ў свой час атрымаў дыплом па спецыяльнасці «інжынер-металург», працаваў на заводах ад Ле-нінграда да Уладзівастока, займаўся судзействам у валейболе. А калекцыя-ніраваннем пачаў займацца гадоў 60 таму.

Спачатку Давід Фёдаравіч збіраў значкі з месцаў, дзе быў, і заводаў, на якіх працаваў.

— Маё захапленне — валейбол. Я сам гуляў да 65 гадоў, пакуль ногі не падвялі, давялося мяняць суставы.


Захапленне валейболам вызначыла асноўную тэматычную скіраванасць калекцый, у дзядулі каля 1200 валейбольных значкоў. Давід Фёдаравіч паказвае на разнастайных колераў і памераў металічныя значкі, ад якіх аж мільгае ў вачах:

 — Вось першы, 1991 года, ад украінскай федэрацыі. Гэта Кітай, вось Аўстрыя, Германія, Фінляндыя, Швецыя, Куба, Аўстралія, Злучаныя Штаты, Карэя. Гэты самы вялікі і просты на першы погляд трапіў да мяне ў мінулым годзе з Грузіі.

Давід Шмаеўскі ўпэўнены, што пры Савецкім Саюзе памятных значкоў выпускалася нашмат больш, чым сёння. У наш час могуць са-бе дазволіць памятныя значкі толькі найбольш прыбытковыя прадпрыемствы і фірмы.

Колькасць значкоў у калекцыі літаральна незлічоная.

— У нашай краіне ўжо 11-ы раз праводзіцца турнір ветэранаў гарадоў-герояў, — пачынае аповед дзядуля пра найбольш цікавы і значны значок з калекцыі. — З Масквы да нас на гэтае спаборніцтва прыязджае каманда ветэранаў КДБ «Аддушына». Гэта клуб вышэйшага каманднага саставу СССР, ніжэй чым палкоўнік туды не дапускаюць. Знак гэтага клуба вельмі рэдкі. Мяне ім узнагародзілі, бо я адзін з самых старэйшых суддзяў Саюза. Бачыце, каля шчыта і мяча на эмблеме стаіць 1959 год — год заснавання клуба.

Акрамя валейбольных   знакаў, Давід Фёдаравіч назбіраў шмат не менш каштоўных калекцый. У яго ёсць пакунак са значкамі, прысвечанымі розным святам СССР. Гэта, у прыватнасці, Дзень Ваенна-марскога флота, Дзень рыбака, Дзень Савецкай арміі, Дзень металурга… Ёсць падборка значкоў з гарадамі-героямі, з юбілеямі Перамогі.  

Найбольш цікавым дзядуля лічыць знак «Таварыства барацьбы за цвярозасць», які выпускалі пры Гарбачове ў 1986 годзе, калі аб’явілі вайну п’янству.

Самае смешнае, дзядуля ніколі не лічыў сваіх значкоў цалкам. «Які сэнс?» — усміхаецца ён. Насамрэч, які ў гэтым сэнс, калі галоўнае не колькасць, а гістарычная вартасць.

ПРОСТАЯ МОВА

Іосіф Суднік, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў:

— У нашай арганізацыі на 1 студзеня 2017 года лічыцца 716 чалавек (сярод іх — 45 жанчын). Гэта і знакамітыя палітыкі, і кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, і індывідуальныя прадпрымальнікі, і інжынеры… Звычайна  людзі цікавяцца нумізматыкай, значкамі і медалямі. У апошні час моднай стала антыкварыстыка: ад праса і музычных інструментаў да бязменаў і самавараў. Як правіла, у арганізацыі больш людзей сярэдніх і пажылых гадоў, якія дастаткова забяспечаныя і маюць магчымасць набыць калекцыйны матэрыял.

У ТЭМУ

1 мая па ўсёй краіне запланаваны ўшанаванні пераможцаў конкурсаў прафмайстэрства, прафсаюзных актывістаў, працоўных дынастый, мітынгі і святочныя канцэрты.

Галоўнай пляцоўкай для святочных мерапрыемстваў у Мінску стане парк Перамогі. У Брэсце ў парку імя Першамая пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства «Умельцы Брэстчыны», святочная праграма запланавана ў парку Воінаў-iнтэрнацыяналістаў. Ушанаванні пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства пройдуць і ў Віцебску на плошчы Перамогі. У гомельскім парку культуры і адпачынку а 12-й гадзіне будзе арганізаваны прафсаюзны флэшмоб «Мы — разам!». Прафсаюзы Прынёмання запрашаюць гараджан і гасцей Гродна ва ўрочышча Пышкі, дзе прой-дзе ўзнагароджанне сацыяльных партнёраў і лепшых пярвічных прафсаюзных арганізацый горада, пераможцаў фотаконкурсу «Роля прафсаюза ў маім жыцці». У Магілёве на плошчы Леніна адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Леніна, у скверы 40-годдзя Перамогі адкрыецца сезон фантанаў і танцавальных вечароў.

veronika.ulasevich@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter