"Бросил в машину три гранаты и убил 5 немецких офицеров и около 20 немецких солдат": как фронтовик Сергей Григорьевич Небесный героически сражался с врагом

Ягоны лёс: разведка боем

Фёдараўна! – гукнуў Сяргей Рыгоравіч у другі пакой, і адтуль да нас выйшла жанчына, якой гаспадар кватэры прыветліва ўсміхнуўся. Прадставіў яе мне:

– Настасся Фёдараўна, мая асабістая сакратарка.

Жанчына не засталася ў даўгу і адказала жартам:

– І твая, Рыгоравіч, жонка. Не забыўся? Семдзесят два гады ўжо, як разам.

Гаспадар папрасіў яе прынесці «архіў» і падключыцца да размовы з карэспандэнтам. А праз некалькі хвілін на стале з’явіўся ёмісты альбом «Героі Вогненнай зямлі – удзельнікі дэсанта на Эльціген», фотаздымкі, копіі васьмі падзяк Сталіна і ўзнагародных лістоў франтавіка Сяргея Рыгоравіча Нябеснага.

Пад агнём варожага кулямёта

Ветэран вайны Сяргей Рыгоравіч НЯБЕСНЫ.

Адзін з аповедаў Настассі Фёдараўны і Сяргея Рыгоравіча – пра яго подзвіг у сакавіку 1945 года пры вызваленні Чэхіі. «У баях за населены пункт Аламоўц тав. Нябесны быў прызначаны старшым разведгрупы. Пад агнём варожага кулямёта фарсіраваў раку Марава, у распачатым баі быў паранены, але працягваў змагацца з праціўнікам. У гэты час праязджала аўтамашына з нямецкімі салдатамі. Тав. Нябесны кінуў у машыну тры гранаты і забіў 5 нямецкіх афіцэраў і каля 20 нямецкіх салдат. За час баявых дзеянняў Нябесны ўзяў у палон 7 нямецкіх салдат і 2 афіцэраў. За што быў прадстаўлены да ордэна Славы III ступені».

Не паспеў Сяргей Рыгоравіч зрабіць нейкі каментарый да таго бою, як слова ўзяла яго «асабістая сакратарка» Настасся Фёдараўна:

– Я добра ведаю пра ваенныя гады мужа. Смелы і храбры, ён біў ворага, як кажуць, у хвост і грыву. Вядома ж, дасталося і яму: двойчы быў паранены, атрымаў кантузію.

– Я рос без бацькі, – узгадвае Сяргей Рыгоравіч. – Ва ўсім слухаўся маці, стараўся дапамагаць ёй, калі вучыўся ў школе. А як скончыў восьмы клас, вырашыў атрымаць спецыяльнасць электраманцёра, для чаго паступіў у мясцовую школу фабрычна-заводскага навучання, і праз паўгода атрымаў накіраванне на Каўказ. Там разам з аднагрупнікамі школы ФЗН быў задзейнічаны на пераабсталяванні нафтаперагонных заводаў рэгіёна.

Калі пачалася вайна, Сяргей са сваімі сябрамі пачаў прасіцца ў ваенкамаце на фронт. Вядома ж, ім адмовілі (непаўналетнія яшчэ), а калі споўнілася 18 гадоў, Нябесны стаў курсантам 3-га Бакінскага пяхотнага вучылішча, якое праз шэсць месяцаў расфарміравалі, бо ўзнікла рэальная пагроза захопу горада. Яго курсанты ўліліся ў склад Маскоўскай 103-й курсанцкай брыгады, што фарміравалася ў гарах Азербайджана. Яна была адпраўлена пад Новарасійск, які ўжо знаходзіўся ў руках фашыстаў. Немцы ўладарылі на раўнінах, а чырвонаармейцы – у гарах, адкуль рабілі начныя вылазкі і не давалі гітлераўцам спакою.

Адна такая сутычка з ворагам для Сяргея Нябеснага, байца батальёна аўтаматчыкаў, скончылася кантузіяй і некалькімі месяцамі лячэння ў ваенным шпіталі горада Сочы. Пасля – зноў на фронт, але ўжо ў складзе 318-й горна-стралковай Новарасійскай стралковай дывізіі ў якасці тэлефаніста пры яе штабе. Яго задача – і падчас баёў, і ў перапынках паміж імі забяспечваць сувязь штаба з батальёнамі, якія знаходзіліся на перадавой.

Тэлефонны кабель нярэдка псаваўся з-за мінамётных ці снарадных разрываў, і тады Сяргей спяшаўся туды, каб аднавіць сувязь. Аднойчы падчас такога бою яго плечы секанула асколкамі, і пасля амаль месяца лячэння ён вярнуўся ў строй.

Адвагі было не займаць

Гэтым разам ён трапіў у палкавую разведку, дзе небяспека заўсёды была вялікай – і падчас карэкціроўкі агню, пры фіксаванні агнявых кропак ворага, пры начных аперацыях па здабычы «языка», і пры іншых абставінах. Напрыклад, каб ноччу выкрасці немца з яго пазіцый, бліндажа ці акопа, трэба было падключаць палкавую артыллерыю: яна метадычна біла ў адно і тое ж месца, даючы магчымасць разведчыкам падпаўзці пад самыя яе разрывы і чакаць моманту пераносу таго агню наперад, каб ісці на штурм акопа ці бліндажа. Крый божа хоць крыху памыліцца, бо загінуць можна было і ад сваёй жа артылерыі.

– У якія толькі сітуацыі не даводзілася трапляць, – кажа ветэран. – Хіба можна забыць, як у сакавіку 1945 года я ледзь не развітаўся з жыццём пры захопе «языка». Выскачыў з лясной засады на фрыца, на якога паляваў некалькі гадзін. А тут нечакана іх з’явілася восем, гатовых стрэліць у мяне. Ды я іх апярэдзіў, паклаў аўтаматнай чаргой. За што атрымаў медаль «За адвагу».

Сяргей Рыгоравіч быў удзельнікам высадкі дэсанта 1 лістапада 1943 года на Керчанскі паўвостраў у раёне пасёлка Эльціген.

Сяргей Рыгоравіч быў удзельнікам высадкі дэсанта 1 лістапада 1943 года на Керчанскі паўвостраў у раёне пасёлка Эльціген. Дэсанту трэба было пераадолець

35 кіламетраў воднай прасторы пад агнём ворага і замацавацца на невялікім плацдарме, каб пашырыць наступленне па ўсім Крымскім узбярэжжы. Баі былі такія жорсткія, што ўвайшлі ў гісторыю як Вогненная зямля.

– Зараз населенага пункта Эльціген на геаграфічнай карце Крыма няма. Пасёлку далі іншую назву – Героеўскае – у памяць аб гераічных дзеяннях дэсанта, і мне пашчасціла вызваляць гарады-героі Новарасійск, Керч, Севастопаль. Баі былі такія, што гарэла зямля. Пасля таго як Крымскі паўвостраў быў ачышчаны, вораг адступаў у заходнім напрамку. А наша вайсковае падраздзяленне ўвайшло ў склад 4-га Украінскага фронту. Мы вызвалялі польскія і чэшскія гарады і пасёлкі і трымалі курс на Берлін, да якога дайсці мне не давялося, бо 16 красавіка 1945 года быў паранены асколкамі гранаты і Дзень Перамогі святкаваў у шпіталі.

Ратныя подзвігі ветэрана, які дэмабілізаваўся ў 1947 годзе, адзначаны ордэнамі Славы III і Айчыннай вайны I ступені, двума медалямі «За адвагу», медалямі «За абарону Каўказа» і «За перамогу над Германіяй».

У 1983 годзе Сяргей Рыгоравіч быў запрошаны на святкаванне 40-годдзя вызвалення горада Новарасійска, дзе сустрэўся са сваімі былымі аднапалчанамі. А ў 1989-м разам з жонкай пабываў у Севастопалі, які таксама вызваляў.

Ветэран вайны заўсёды ў дзень Вялікай Перамогі ўдзельнічаў у цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да мемарыяльных пліт горада, дзе пахаваны абаронцы

Айчыны. Не стала б выключэннем для яго і сёлетняя, 76-я гадавіна Вялікай Перамогі, калі б не цяжкая хвароба, якая прыкавала яго да ложка. Ён спадзяваўся, што паправіцца да 80-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны і свайго 97-годдзя (25 чэрвеня). Ды лёс, на жаль, распарадзіўся інакш: да гэтых дат ён крыху не дажыў...

Уладзімір ПЕРНІКАЎ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter