Медицинские маски, перчатки и мобильные телефоны — УП "Минскводоканал" ежегодно фиксирует и устраняет более 3000 случаев засоров в канализации

Выводзіць на чыстую ваду

Вільготныя сурвэткі, будаўнічае смецце і харчовыя адходы здольны вывесці са строю не адну каналізацыйную трубу. Толькі спецыялісты «Мінскводаканала» кожны год ліквідуюць больш за 3000 выпадкаў засмечванняў у каналізацыі. Да чаго прыводзіць звычка змываць бытавое смецце ў каналізацыю, даведвалася карэспандэнт «Р».

Два ў адным

Мінск. У двары дома № 60/1 па вуліцы Ландэра прыпаркаваны сіні спецаўтамабіль з велізарнай цыстэрнай наверсе. Гэта камбінаваная машына абсталявана сістэмай рэцыркуляцыі пры прамыванні каналізацыйных труб. Вадзіцель аўтамабіля і па сумяшчальніцтве аператар пульта кіравання Яўген апускае ў каналізацыйны люк шланг высокага ціску вады і рукаў вакуумнай сістэмы. Адно націсканне на кнопку пульта — і бруя вады пад ціскам у 200 атмасфер трапіць у трубу. Такая бруя выштурхвае адклады і прамывае вадасцёк. А шланг тым часам прасоўваецца па трубе. Вакуумная сістэма ўсмоктвае смецце і адклады, адпраўляе іх у цыстэрну. Унутры машыны — бесперапынная сістэма рэцыклінгу вадкасці. Гэта значыць, што сцёкавая вада, якую адпампавалі з труб, праходзіць праз фільтр і паступае ў шланг высокага ціску. І паўторна выкарыстоўваецца для прамывання каналізацыі. Усё цвёрдае смецце, выцягнутае з каналізацыі, трапляе ў адстойнік цыстэрны аўтамабіля. Так вельмі схематычна выглядае гідрадынамічнае прамыванне каналізацыйнай сеткі.

Гэта камбінаваная машына ў два-тры разы хутчэй чысціць каналізацыйныя трубы ў параўнанні з традыцыйным гідрадынамічным аўтамабілем.

Спецыялісты запэўніваюць: пры такім спосабе прамывання страты вады складаюць каля 20 працэнтаў ад агульнага аб'ёму. Камбінаваная машына ў два-тры разы хутчэй чысціць каналізацыйныя трубы ў параўнанні з традыцыйным гідрадынамічным аўтамабілем. Дзякуючы гэтаму ўкараненню перадавых тэхналогій колькасць засмечванняў знізілася. Яўген удакладняе: у сярэднім аварыйная брыга­да выязджае тры-чатыры разы за змену. Хоць некалькі гадоў таму здаралася і па 15 выклікаў у дзень.

Аб маштабах таго, што мы спускаем у каналізацыю, кажуць лічбы. Кожны дзень на ўваходзе Мінскай ачышчальнай станцыі (куды трапляюць сцёкавыя воды пасля праходжання па каналі­зацыйных сетках і дзе іх чакае шмат­этапны працэс ачысткі) і помпавых станцыях выцягваецца каля 7,5 тоны бытавога смецця. Яно прайшло не адзін кіламетр трубаправодаў і не адзін помпавы агрэгат. Смецце, якое трапляе ў сістэму каналізацыі, асядае або закупорваецца, гэта прыводзіць да засмечванняў на сетках водаадвядзення (каналізацыі) і паломак помпавага абсталявання.

Кожны дзень на ўваходзе Мінскай ачышчальнай станцыі і помпавых станцыях выцягваецца каля 7,5 тоны бытавога смецця. 

Каналізацыя па вуліцы Ландэра адносна чыстая. Ва ўсякім выпадку, з трубы не вылятаюць цэгла, зношаныя аўтамабільныя шыны або іншае смецце. Калі такое бывае, то супрацоўнікі чысцяць сетку ўнутры калодзежа ўручную.

Брыгады слесараў працуюць у асноўным днём. Увечары ў мінскіх дварах, на жаль, грувасткую машыну складана прыпаркаваць з-за іншых аўтамабіляў. Больш за тое, многія пакідаюць сваіх «ластавак» на каналізацыйных люках. Зразумела, што гэта зацягвае ліквідацыю непаладак. Таму спецыялісты просяць: не стаўце аўтамабілі на люках калодзежаў! У выпадку ўзнікнення аварыі аўтамабіль перашкодзіць рабоце спецыялістаў водаканала. Або ўскладніць работу службы МНС пры пажары, таму што ў такіх калодзежах можа апынуцца і пажарны гідрант.

Брыгады слесараў працуюць у асноўным днём.

 Ад тэлефона да бетону

У мэтах прафілактыкі ўтварэння засмеч­ванняў УП «Мінскводаканал» штодня выконвае гідрадынамічнае прамыванне гарадскіх сетак водаадвядзення. Аднак не заўсёды гэтых мер хапае. Таму што ў каналізацыйныя трубы трапляюць вільготныя сурвэткі, харчовыя адходы, ватныя палачкі, падгузнікі, будаўнічае смецце, упрыгожванні і нават мабільныя тэлефоны. А ў перыяд пандэміі і рэжыму самаізаляцыі галоўнымі ворагамі каналізацыі сталі меды­цынскія маскі і пальчаткі. Людзі не разумеюць, што тыя ж ня­тканыя вільготныя сурвэткі не раствараюцца ў вадзе, а збіваюцца ў камякі і назапашваюцца ў калектары. Падгузнікі ўбіраюць ваду і значна павялічваюцца, што прыводзіць да засмечвання ўжо на ўнутрыдамавых сетках. Вынік легкадумнага карыстання каналізацыяй прадказальны. Намеснік начальніка вытворчасці «Мінскачыствод» Аляксандр Кудрыцкі ўдакладняе: УП «Мінскводаканал» штогод фіксуе і ліквідуе больш за 3000 выпадкаў засораў. Таму спецыялісты просяць жыхароў папярэджваць іх утварэнне. Напрыклад, па магчымасці ўсталёўваць на зліўныя адтуліны адмысловыя рашоткі з дастатковай частатой, а таксама два-тры разы на год праводзіць прачыстку злучальных элементаў змяшальнікаў, прытрымлівацца правіл карыстання каналізацыяй.

ВАЖНА

Пашкоджанне сетак водазабеспячэння, водаадвядзення і збудаванняў на іх, што пацягнула парушэнне або спыненне водазабеспячэння насельніцтва і іншых спажыўцоў альбо адвядзенне і ачыстку сцёкавых вод, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. Індывідуальны прадпрымальнік заплаціць ад 20 да 100, юрыдычная асоба — да 500 базавых велічынь. Гэта прапісана ў частцы 2 арт. 15.54 Кодэкса Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях.

ДАРЭЧЫ

Калі сцёкавыя воды падтапляюць падвальнае памяшканне дома або кватэру, неабходна адключыць ваду, а пра інцыдэнт паведаміць арганізацыі, якая эксплуатуе ўнутрыдамавыя сеткі (ЖЭС, ЖРЭА), або проста пакінуць заяўку ў кантакт-цэнтры 115.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter