Как в Ветковском районе поднимают легендарный танк «Т-34»

Вяртанне з забыцця

Супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пастаянна праводзяць пошукавыя работы, каб знайсці для рэстаўрацыі і экспанавання ўзоры бранятэхнікі або іх фрагменты. Яны вывучаюць архівы, выязджаюць на месцы баёў, размаўляюць са сведкамі ваенных дзеянняў і іх нашчадкамі. Так стала вядома, што паблізу пасёлка Залаты Рог Веткаўскага раёна могуць знаходзіцца рэшткі танка Т-34. У экспедыцыю па іх пад’ёме адправілася і карэспандэнт «Р».

Адна з першых знаходак — фрагмент лабавой брані корпуса.

Месца, якое паказаў мясцовы жыхар Дзмітрый Лук’яненка, знаходзіцца зусім побач з пасёлкам. Восенню 1943 года тут ішлі ўпартыя баі за вызваленне Гомеля, у якіх прымалі ўдзел і танкі.

Магнітаметр у руках Аляксандра Гумоўскага, тэхніка аддзела баявой тэхнікі і цяжкага ўзбраення Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з якім мы абследуем зарослы чаротам балоцісты бераг канавы, раз-пораз выдае сігналы, на табло мільгаюць лічбы.

— 1200 адзінак паказваюць прысутнасць металу, — перакладае з мовы апарата Аляксандр. — На глыбіні каля 2 метраў знаходзіцца металічнае цела вагой не менш за 200 кілаграмаў.

Экскаватар мясцовага меліярацыйнага прадпрыемства пачынае здымаць грунт у зазначаным месцы. Захапляе віртуознасць вадзіцеля Рыгора. Вялізныя зубцы машыны то філігранна здымаюць танюсенькія пласты, то глыбока апускаюцца ў зямлю менавіта на такую глыбіню і пад такім ухілам, як загадвае Аляксандр. Усе, хто прысутнічае, нервуюцца: апарат мог спрацаваць і на які-небудзь стары трактарны плуг.

Коўш скрыгатнуў па метале! Першая знаходка спачатку не выклікае энтузіязму: нічога дзіўнага няма ў тым, што каля канавы побач з пасёлкам валяецца металічнае дзіравае вядро. Але пры бліжэйшым разглядзе аказваецца, што вядро гэта армейскае, зялёнага колеру. Такія выкарыстоўваліся ў танках для розных тэхнічных патрэб. І яно не проста дзіравае, а прабітае.

Цяжкі трак танка паднялі не з першай спробы.

На металічную палку, што паказваецца з зямлі пасля чарговага руху каўша, не звяртаю ўвагі, а вось спецыялісты канстатуюць: гэта фрагмент цягі прывода кіравання. У танка Т-34 каробка перадач і іншыя агрэгаты знаходзіліся ззаду, а такія цягі дазвалялі кіраваць ім спераду.

Далей — болей. Знаходзім тарсіёны (элементы падвескі), гільзы ад снарадаў, разарваны балон пнеўмазапуску рухавіка, люк з паваротнай крышкай — не то для паліва, не то для масла, фрагмент лабавой брані корпуса. Але вось экскаватар чапляе прадмет, ад спробы падняць які сам ледзь не торкае носам. З чорнай тлустай глебы паказваецца трак, ці больш звыкла — гусеніца танка. Важыць яна каля 800 кілаграмаў, а з улікам наліплага грунту — яшчэ больш. Нядзіўна, што экскаватару прыйшлося цяжка. Вызваліўшы коўш, Рыгор пачынае абкопваць знаходку. Зноў філігранная праца — зусім побач плешчацца вада ў канаве, і калі яна хлыне ў катлаван, дабрацца да рэшткаў танка стане вельмі цяжка. Так што за кожным рухам каўша сочым, затаіўшы дыханне і баючыся варухнуцца. І вось нарэшце пасля некалькіх спроб трак аказваецца на паверхні.

А магнітаметр усё не сціхае. Каб дабрацца да наступнага прадмета, экскаватар пераязджае на другі бок катлавана: так зручней і больш бяспечна. Спачатку коўш вымае даволі вялікую металічную пласціну — днішча танка з эвакуацыйным люкам. За ім услед правы борт з уцалелым «ляніўцам» — так называюць апошняе кола, якое падтрымлівае гусеніцу. Фрагмент вежы танка наводзіць спецыялістаў на думку, што ён выраблены ў 1942 годзе на заводзе «Чырвонае Сормава» ў тагачасным Горкім. Нарэшце экскаватар дастае і другі трак.

Фрагмент вежы дазваляе здагадвацца, дзе і калі вырабілі гэты танк.

За ўсімі знаходкамі ўважліва сочыць Ігар Свірыдзенка, старшыня Гомельскага абласнога пошукавага грамадскага аб’яднання «Памяць Айчыны»:

— Згодна з ваеннымі данясеннямі тых часоў, тут прапалі сем экіпажаў савецкіх танкаў. Наша аб’яднанне займаецца пошукам байцоў і няўлічаных пахаванняў. Не выключаю, што тут могуць быць астанкі салдат.

Але нічога падобнага да чалавечых астанкаў мы не знайшлі. Гэта лагічна, калі танк узарвалі з-за таго, што ён заграз у балоце. На карысць гэтай версіі гавораць рэшткі бярвёнаў, якія выкапалі падчас пошукаў. Але ёсць і сведчанні, якія дазваляюць выказаць здагадку, што танк узарваўся з-за дэтанацыі боекамплекта. У гэтым выпадку астанкі экіпажа таксама наўрад ці ацалелі…

Усе знойдзеныя фрагменты    Т-34 даставяць у Станькава, дзе знаходзіцца экспазіцыя баявой тэхнікі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яны спатрэбяцца пры рэканструкцыі легендарнага савецкага танка.

nevmer@sb.by

Фота аўтара 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter