Какие нарушения температурного режима находят на предприятиях техинспекторы ФПБ

Важней за ўсё надвор’е ў цэху

..З надыходам зімы прафсаюзы правяраюць, як выконваецца тэмпературны рэжым на прадпрыемствах і ў арганізацыях. У мінулым годзе спецыялісты пабывалі на 4696 прадпрыемствах па ўсёй краіне і выявілі 1781 парушэнне. Карэспандэнт «Рэспублікі» разам з тэхінспектарам пабывала на мінскім заводзе і паглядзела, у якіх умовах працуюць зборшчыкі нашых халадзільнікаў.

Калі работнікам холадна, яны могуць звярнуцца са скаргай у прафком.

Між іншым эфекту нечаканасці не атрымалася — ля прапускнога пункта Мінскага завода халадзільнікаў ЗАТ «Атлант» нас сустракае цэлая дэлегацыя. Адразу пытаюся, чаму нельга прыйсці без папярэджання:

— У нас дзясяткі аб’ектаў павышанай небяспекі. Гэта закрытае рэжымнае прадпрыемства, таму без дазволу дырэктара прыходзіць сюды нельга, — тлумачыць Ігар Гладкіх, старшыня прафкама. — Ніякай паказухі тут няма і не будзе. Ды і немагчыма абагрэць велізарныя памяшканні за чатыры дні (менавіта за столькі быў напісаны ліст аб правядзенні рэйду. – Аўт.).

Пакуль дабіраемся да вытворчых цэхаў, Мікалай Кавалеўскі, галоўны тэхнічны інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці «Белпрафмаш», распавядае, якая тэмпература павінна быць у розных памяшканнях:

— Усё залежыць ад энергазатрат. Адна справа — сядзець за камп’ютарам: офіснаму супрацоўніку камфортна працаваць пры +20...+22 °C. Зусім іншая — цяжкая праца. Калі высокая тэмпература — з заводскага рабочага сыдзе сем патоў, таму ў цэхах лепш падтрымліваць +16...+18 °C.

Дарэчы, падрыхтоўка да наступнай зімы пачынаецца ўжо са студзеня новага года. На прадпрыемствах усё абследуюць, бяруць на аловак недахопы: недзе дах пашкодзіўся, недзе з акна паддзімае... Вясной усе праблемы ліквідуюць, каб своечасова атрымаць пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага сезона.

— Электраэнергія — гэта сур’ёзныя затраты, таму многія кіраўнікі прытрымліваюць цяпло, — кажа Мікалай Мікалаевіч. — Яно і зразумела: небагатаму заводу вельмі складана абагрэць велізарныя памяшканні з высокімі столямі. З мэтай эканоміі можна недадаць работнікам пару градусаў, але тады кіраўнікі абавязаны ўвесці рэгламентаваныя перапынкі і абсталяваць пакой абагрэву, дзе кожную гадзіну чалавек зможа пагрэцца, папіць гарбаты.

Першы пункт на заводзе — сталоўка, якая працуе ў дзве змены. Тут, распавядае старшыня прафкама, кожны дзень у меню пяць салатаў, некалькі першых і другіх страў. На «Атланце» занята 5200 чалавек — кожны мае магчымасць добра паабедаць за невялікія грошы. Але можна пагрэць у мікрахвалёўцы і хатнюю ежу, што прынеслі з сабой. 

У вытворчых цэхах завода тэмпература трымаецца ў межах нормы.

  Ставім плюсік месцу для харчавання і перамяшчаемся ў вытворчыя памяшканні. Зоркае вока галоўнага тэхінспектара адразу прыкмячае: тэмпература знаходзіцца ў межах нормы, вокны чыстыя, дах не працякае, падлогі без выбоін, усе работнікі ў спецвопратцы па сезоне.

— На заводзе ёсць свая акрэдытаваная лабараторыя, кожны дзень цяпло вымяраецца электроннымі градуснікамі ў розных кропках, — кажа Ігар Гладкіх. — Ніжэй за +18 °C тэмпература не апускалася нават тады, калі на вуліцы былі маразы і -30 °C. У сярэднім у цэхах падтрымліваем камфортную тэмпературу +19...+22 °C. Дапамагае і тое, што абсталяванне добра грэе паветра. На цяпло завод затрачвае ў дзень 10 тысяч рублёў, а калі тэмпература апускаецца істотна ніжэй за нуль — усе 20 тысяч.

Звяртаем увагу на стэнд з інфармацыяй. Тут вісіць памятка пра тое, куды супрацоўнік можа паскардзіцца, калі на рабочым месцы холадна. Дарэчы, за аховай працы тут сочаць і грамадскія інспектары. Адзін з іх, Аляксандр Клімовіч, прызнаецца: у пачатку ацяпляльнага сезона людзі скардзіліся на холад:

— Але гэта было ўсяго адзін дзень. Па спецвопратцы пытанняў няма — яе выдаюць раз у год, але калі нешта парвалася ці стапталася, можна атрымаць новую форму.
Маніторынгі працягнуцца да студзеня і закрануць каля 5000 прадпрыемстваў.
Маніторынг завершаны, і галоўны тэхінспектар гатовы абвясціць вердыкт: істотных недахопаў на прадпрыемстве няма. Але вось у іншых арганізацыях не ўсё так гладка.

— За першы тыдзень маніторынгаў у Мінс-ку я праверыў 5 прадпрыемстваў, тром з іх выпісаў рэкамендацыі. Ёсць цэхі ў зусім нiкчэмным становішчы — напрыклад, тэмпература там ледзь-ледзь дацягвае да +10 °C. 

Па выніках маніторынгаў тэхінспектары выпісваюць дакумент: даведку, калі заўваг няма, або рэкамендацыю, калі яны ёсць. На працягу пэўнага тэрміну кіраўнікі павінны адказаць Федэрацыі прафсаюзаў, што зроблена для ліквідацыі праблем. І гэта не жарты, бо ўзнікае вялікая рызыка: з-за нізкай тэмпературы можна не толькі захварэць, але і сур’ёзна траўміравацца. Напрыклад, на заводзе холадна і людзі апранаюць пальчаткі, каб працаваць за станком. Але гэта забаронена — калі тканіна патрапіць у машыну, руку зажуе і чалавек стане інвалідам.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter