Пять фактов о киноэпопее Сергея Бондарчука "Война и мир", которая в этом году отмечает 55-летний юбилей

Усе зоркі «Вайны і міру»

Адна з найбольш маштабных кінаэпапей савецкага кінематографа фільм «Вайна і мір» паводле рамана Льва Талстога, пастаўлены рэжысёрам Сяргеем Бандарчуком, адзначае сёлета 55-гадовы юбілей. Здаецца, у гэтай карціне зняліся ўсе зоркі экрана — ад Вячаслава Ціханава да Ноны Мардзюковай. Работа над грандыёзнай карцінай доўжылася чатыры гады, фільм трыумфальна прайшоў па планеце, сабраўшы цэлы букет прэстыжных міжнародных узнагарод, у тым ліку «Оскар» і «Залаты глобус».

Лепшая Наташа

Галоўныя ролі — самая салодкая і прывабная мара акцёра. Асабліва калі гаворка ідзе аб вялікім праекце. Стаць Наташай Растовай прагна імкнуліся многія: Людміла Гурчанка, Наталля Фацеева, нават фатальная прыгажуня Анастасія Вярцінская (ёй у выніку дасталася куды больш сціплая роля Лізы, жонкі князя Андрэя). А Сяргей Бандарчук раптам зрабіў выбар на карысць зусім не актрысы, а балерыны Ленінградскага тэатра оперы і балета. Так 19-гадовая Людміла Савельева стала зоркай. Для яе дэбют у Бандарчука аказаўся пуцёўкай у свет вялікага сусветнага кіно: сваю наступную ролю яна сыграла ў Віторыа дэ Сіка ў драме «Сланечнікі», дзе здымалася разам з Марчэла Мастраяні і Сафі Ларэн.

«Няправільны» Андрэй

А вось Вячаславу Ціханаву, які сыграў Андрэя Балконскага, прыйшлося значна складаней. Мала таго што ролю ён атрымаў па патрабаванні міністра культуры СССР Кацярыны Фурцавай — Бандарчук хацеў здымаць Інакенція Смактуноўскага, але таго не адпусцілі з тэатра. Чатыры гады жыццё Ціханава было прысвечана толькі кінаэпапеі, а па выхадзе фільма крытыкі літаральна абрынуліся на акцёра, разграміўшы яго ігру ў пух і прах. Ды і рэжысёр не скрываў свайго меркавання: не адпавядае Ціханаў ролі Балконскага. У выніку артыст ледзь не пакінуў кінематограф, з цяжкага творчага крызісу яго вывеў рэжысёр Станіслаў Растоцкі, прапанаваўшы ролю ў фільме «Дажывём да паня­дзелка». Аднак гледачы аказаліся мудрэйшыя за крытыкаў: у 1966 годзе Вячаслаў Ціханаў па выніках апытання часопіса «Савецкі экран» разам з Людмілай Савельевай быў прызнаны лепшым акцёрам года — за працу ў «Вайне і міры».

Хітрыя прыёмы

Асобнай вяхой ідзе аператарская работа: тое, што стварылі на здымках «Вайны і міру» Анатоль Пятрыцкі і іншыя кінааператары, увайшло ва ўсе падручнікі. Так, сцэны Барадзінскай бітвы, якія паказалі майстэрства Сяргея Бандарчука ў першую чаргу як батальнага рэжысёра, вяліся з дапамогай камеры, умацаванай на спецыяльнай канатнай дарозе. Яе нацягнулі над полем бітвы на вышыні 120 метраў, вынікам стала неверагодная для свайго часу здымка «з лятаючага гарматнага ядра». Шэраг сцэн здымаўся з верталёта, выкарыстоўваліся вышкі і аператарскія краны незвычайнай канструкцыі. А каб перадаць атмасферу палёту першага балю Наташы Растовай, аператару Пятрыцкаму прыйшлося стаць на ролікі! Паміж танцуючымі парамі яго перамяшчаў асістэнт.

Грошы, грошы…

«Вайна і мір» лічыцца адной з самых дарагіх карцін у гісторыі сусветнай кінематаграфіі. Бюджэт стужкі да гэтага часу дакладна невядомы. Паводле адных ацэнак, было выдаткавана 100 мільёнаў долараў у цэнах 1967 года, па іншых — ад 150 да 180 мільёнаў. І гэта мы яшчэ не лічым выдаткі Міністэрства абароны СССР — многія салдаты тэрміновай службы ўдзельнічалі ў здымках батальных сцэн у якасці масоўкі.

Аднак фільм быў паспяховы ў пракаце, хоць папулярнасць яго ад серыі да серыі паступова зніжалася. Толькі ў Савецкім Саюзе чатыры часткі карціны паглядзелі 135 мільёнаў гледачоў, і, паводле ацэнак спецыялістаў, фільм сабраў у савецкім пракаце каля 58 мільёнаў рублёў, што значна перавысіла выдаткі на вытворчасць. А быў яшчэ і паспяховы замежны пракат!

...І дзеці

Сяргей Бандарчук і яго жонка, актрыса Ірына Скобцава, якая здымалася ў «Вайне і міры» ў ролі Элен Курагінай (сам рэжысёр увасобіў вобраз П’ера Бязухава), за гады работы над фільмам паспелі двойчы стаць бацькамі. У перыяд падбору акцёраў і зацвярджэння на ролі на свет з’явілася дачка — будучая актрыса Алёна Бандарчук, а да канца здымак нарадзіўся сын Фёдар Бандарчук, якому з такім бэкграўндам на родзе было напісана таксама стаць артыстам і рэжысёрам. Бацькі сваіх дзяцей жартам называлі «дзеці» «Вайны і міру».


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter