Не более 10 человек: как по новым правилам будут регистрировать браки в ЗАГСах

Уладары пярсцёнкаў

Пастанова Савета Міністраў ад 22 мая 2020 года № 305 вызначыла дадатковыя меры па прадухіленні распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай COVID-19. У прыватнасці, прынята рашэнне аб аказанні дадатковых платных паслуг па рэгістрацыі заключэння шлюбу і рэгістрацыі нараджэння ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці не больш за 10 чалавек. Мы звярнуліся ў кожны ЗАГС Мінска — іх усяго 9, а таксама ў Палац грамадзянскіх абрадаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама, каб даведацца, як па новых правілах будуць рэгістраваць шлюбы.

Цікава, што ўжо разабралі практычна ўсе прыгожыя даты чэрвеня і ліпеня, цяпер падаюць заявы на жнівень. Ажыятаж на прыгожыя спалучэнні лічбаў: 08.08.2020 і 20.08.2020.

Толькі самыя блізкія

Ганна Дубавец, начальнік аддзела ЗАГС адміністрацыі Цэнтральнага раёна, адразу заявіла нашаму карэспандэнту:

— Нашы маладыя ўсё разумеюць — яны не хочуць рызыкаваць сваім здароўем і здароўем сваіх блізкіх. Калі мы і раней, да пастановы, рэкамендавалі запрашаць да 10 чалавек, яны ўсе адказвалі: «Вядома-вядома. Мы ўсё прадумалі: толькі самыя блізкія».

Часта запрашаюць толькі бацькоў, сведкаў, фатографа. Нават бабулі і дзядулі не заўсёды прысутнічаюць. Урачыстая рэгіс­трацыя праводзіцца ва ўсіх па-рознаму — прыходзяць 6—10 чалавек. У буднія дні як прыходзілі ўдваіх — ён і яна, так і прыходзяць.

Спецыялісты ЗАГСаў, вядома, клапоцяцца пра здароўе тых, хто рэгіструецца: рэгулярна праводзіцца ўборка і дэзынфекцыя, устаноўлены антысептыкі, а дыстанцыя паміж усімі — міні­мум 1,5—2 метры. Вядома, не ўлічваючы тых, хто змацоўвае саюз першым пацалункам у новым статусе.

Ганна Дубавец для нас спытала ў пары, якая толькі-толькі прыйшла падаваць заяву на 21 жніўня: як плануюць праводзіць цырымонію? Адказалі, што паглядзяць па сітуацыі, але пакуль думаюць, што запросяць толькі бацькоў і сведак, і нават пасля ЗАГСа — у цесным сямейным коле.


Непапулярны месяц май

Нягледзячы на тое, што пастанова толькі-толькі выйшла, і супрацоўнікі ЗАГСаў інфармуюць пра яе грамадзян, раней таксама праводзілася падобная работа. Вольга Кіпер, начальнік аддзела ЗАГСа адміністрацыі Савецкага раёна, расказвае, што маладым рэкамендавалі запрашаць паменш гасцей, і яны адклікаліся на просьбу. Было і некалькі пера­носаў вяселляў: не да ўсіх могуць госці прыехаць, таму некаторыя ўрачыстасць перанеслі на канец лета.

Аддзел ЗАГС адміністрацыі Першамайскага раёна паведаміў маладым пра тое, што варта паменшыць колькасць гасцей на ўрачыстай цырымоніі, запісаўшы відэазварот на сваім сайце. Намеснік начальніка аддзела Ірына Гантарэнка пад­крэслівае, што ніхто з маладых не пярэчыў гэтым рэкамендацыям:

— Запрашаюць часцей за ўсё бацькоў, бабуль і дзядуляў — самых блізкіх. Тыя, хто марыў аб вялікіх і пышных вяселлях, перанеслі ўрачыстасць на восеньскі перыяд. Ёсць тыя, хто сціпла рэгіструюць шлюб — толькі ўдваіх, каб стаць, нарэшце, мужам і жонкай, а само свята з сям’ёй і з сябрамі плануюць на перыяд, калі сітуацыя стабілізуецца, ці калі будуць вянчацца.

Начальнік аддзела ЗАГС адмініс­трацыі Маскоўскага раёна Наталля Філімонава расказвае, што ў іх пры правядзенні ўрачыстых рэгістрацый заключэння шлюбу і раней рэкамендавалася запрашаць да 10 чалавек — так дакладна выконваецца ў зале патрэбная дыстанцыя:

— Мы бачым разуменне з боку маладых людзей і іх гасцей. Цяпер у нас у сярэднім 4—10 шлюбаў без забеспячэння ўрачыстай абстаноўкі ў дзень, 10—15 урачыстых у пятніцу—суботу. Май — непапулярны месяц у маладых. Колькасць рэгістрацый шлюбу ледзь-ледзь менш чым звычайна. Летам іх будзе больш. Так, у нас ёсць тыя, хто перанёс па розных прычынах урачыстасць на канец лета, на восень. Але, вядома, як бачыце, ёсць і тыя, што вырашылі гэта зрабіць цяпер: яны ў прысутнасці блізкіх становяцца мужам і жонкай.

Ксенія Васільева, начальнік аддзела ЗАГС адміністрацыі Каст­рыч­ніцкага раёна, пацвярджае, што ў іх шмат пар, якія імкнуцца праводзіць свята ў вузкім коле — сыходзіць мода «тры аўтобусы гасцей». Цяпер важна быць толькі з блізкімі. Гэта мілыя, камерныя ўрачыстасці. У аддзеле ЗАГС адміністрацыі Фрунзенскага раёна таксама рэгістрацыі шлю­баў праходзяць. Да прыкладу, заўтра прыйдуць 17 пар на не ўрачыстую цырымонію, і ўсе імкнуцца сабраць мінімум гасцей. У аддзеле ЗАГС адміністрацыі Ленінскага раёна распавялі, што ў іх у гэтым сезоне нават неяк больш урачыстасцяў, чым летась. Лічаныя пары пераносяць даты. У аддзеле ЗАГС адміністрацыі Завадскога раёна паведамілі, што цяпер менш урачыстых шлюбаў, але пары ўсё гэтак жа прыходзяць, каб стаць мужам і жонкай — без пераносаў, з мінімальнай колькасцю гасцей, а то і толькі ўдваіх. У аддзеле ЗАГС адміністрацыі Партызанскага раёна начальнік аддзела Алена Гаршкова кажа, што апладзіруе цяперашняй моладзі стоячы: «Настолькі адказныя, што нават папярэджваць пра гасцей не трэба. І маскі, і пальчаткі выкарыстоўваюць, рукі мыюць — вельмі акуратныя».

У Палацы грамадзянскіх абрадаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама паведамілі, што колькасць рэгістрацый шлюбу сёлета на ўзроўні мінулага года. Некаторыя пары перанеслі вяселле з вясны—лета на пазнейшыя тэрміны: у тым ліку паўплывала і пандэмія — некаторыя будучыя муж і жонка знаходзяцца за мяжой і не могуць прыехаць. У цэлым жа нічога не змянілася: ёсць шлюбы, ёсць каханне.

kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter