Як празрыстыя дзяржзакупкі ў электронным фармаце ствараюць канкурэнцыю

Удар электроннага малатка

Сферу дзяржзакупак перыядычна скаланаюць гучныя карупцыйныя скандалы. Нават пераход працэдуры ў анлайн-рэжым не заўсёды робіць іх празрыстымі і адкрытымі, а многія плюсы электронных таргоў ператвараюцца ў мінусы. Нягледзячы на гэта, сістэма электронных закупак у нашай краіне з'яўляецца адной з самых прагрэсіўных у ЕАЭС. Аб яе магчымасцях і рызыках «Р» расказаў дырэктар нацыянальнага цэнтра маркетынгу  і кан'юнктуры цэн Міністэрства замежных спраў Валерый Садоха.


Першы электронны аўкцыён быў абвешчаны ў краіне шэсць гадоў таму. За гэты час на электроннай гандлёвай пляцоўцы прайшло больш за 70 тысяч працэдур. Зараз у такім фармаце праводзяцца ўсе віды адкрытых канкурэнтных працэдур дзяржзакупак: конкурсы, запыты цэнавых прапаноў, аўкцыёны, якія і сталі піянерамі ў галіне электронных закупак. Самая галоўная адметнасць электронных аўкцыёнаў ад астатніх працэдур закупак — этап таргоў: патэнцыяльныя пастаўшчыкі таргуюцца на паніжэнне паміж сабой у анлайн-рэжыме, змагаючыся за кантракт з заказчыкам. Гэтая працэдура вельмі эфектыўная менавіта з пункта гледжання эканоміі бюджэтных сродкаў. Плюсы правядзення закупак у электронным фармаце бясспрэчныя і даўно ўсім вядомыя: празрыстасць, адкрытасць, канкурэнцыя, электронны дакументаабарот. Кожны ўдзельнік сістэмы бачыць іх па-свойму. Але гэтыя плюсы, звяртае ўвагу Валерый Садоха, становяцца мінусамі для многіх нядбайных заказчыкаў, таму што дазваляюць лёгка выявіць парушэнні. Дапускаюць іх часам з-за неразумення ці няведання патрабаванняў заканадаўства, часам з-за халатнасці і безадказнасці.

— Гэта становіцца сур’ёзнай праблемай, бо маленькая памылка накшталт «ну пераблытаў валюту дагавора» не дазваляе ўбачыць выразную карціну статыстыкі. А статыстыка, безумоўна, важная для таго, каб ацэньваць рэальны эканамічны эфект ад укаранення электронных працэдур закупак. Яна важная для прыняцця рашэнняў аб выніках функцыянавання сістэмы дзяржаўных закупак, для выпрацоўкі далейшай стратэгіі яе развіцця, — прызнае эксперт.


На афіцыйным сайце па дзяржзакупках icetrade.by можна знайсці не толькі гадавыя планы закупак і звесткі аб дагаворах, якія заключаюцца, але і рэестр нядобрасумленных пастаўшчыкоў, рэгістр вытворцаў і іх гандлёвых прадстаўнікоў, парадак закупак прадпрыемстваў і арганізацый. Тут размяшчаецца інфармацыя аб галіновых асаблівасцях закупак за кошт уласных сродкаў, аб закупках за мяжой і кароткія агляды заканадаўства аб закупках краін блізкага і далёкага замежжа.

Атрымаць кансультацыю па пытаннях ажыццяўлення закупак і размяшчэння іх на сайтах цэнтра можна на «гарачай лініі» кол-цэнтра. Штодня туды паступаюць сотні званкоў. Спецыялісты дапамагаюць вырашыць шматлікія пытанні: ад самых простых (як атрымаць ЭЛП, з чаго пачаць пры размяшчэнні гадавога плана закупак) да сур’ёзных галаваломак, звязаных з памылкамі, дапушчанымі заказчыкамі або ўдзельнікамі. Акрамя таго, у цэнтры праводзяць маркетынгавыя даследаванні для заказчыкаў: вывучаюць рынкі тавараў і паслуг у нашай краiне, дзяржавах ЕАЭС і іншых краінах свету. Такія справаздачы дазваляюць больш дакладна вызначыць пачатковы кошт закупкі ці знайсці пастаўшчыкоў і вытворцаў нейкай спецыфічнай прадукцыі або паслугі.

Акрамя таго, у цэнтры вядзецца рэгістр вытворцаў і іх гандлёвых прадстаўнікоў. Гэта даступная для ўсіх інфармацыйная база прадпрыемстваў і арганізацый з дакументальна пацверджаным статусам вытворцы і афіцыйнага гандлёвага прадстаўніка. Па словах Валерыя Садохі, гэтая база значна павышае канкурэнцыю ў сферы правядзення дзяржзакупак і закупак за кошт уласных сродкаў і дапамагае заказчыкам знаходзіць пастаўшчыкоў для ажыццяўлення закупак з адной крыніцы. Усё гэта ў цэлым дабратворна ўплывае на эфектыўнасць закупак у нашай краіне. Зараз у рэгістр ўключана 1270 вытворцаў і іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, гэтыя прадпрыемствы штодня атрымліваюць інфармацыю аб новых працэдурах закупак. А для таго каб павысіць узровень спаборніцтва пры правядзенні конкурсаў і знізіць выдаткі па імпарце, цэнтр дае магчымасць размясціць прапановы па закупках у міжнародных інфармацыйных сетках з перакладам на 20 замежных моў.

konoga@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter