Друг Дали привез в Минск более сотни работ известного сюрреалиста

Трохмерны свет Далі

Сябар знакамітага іспанскага сюррэаліста прывёз у Мінск больш за сотню работ вядомага мастака.

Каб натхніцца работамі знакамітага сюр­рэ­а­ліста, зараз беларусам не абавязкова ад­праў­ляцца за мяжу. На мінулым тыдні ў Мінску ў На­цы­я­нальным ма­стац­кім музеі атрымаў ча­совую прапіску між­на­родны выста­вачны праект “Сальвадор Далі”. Тут прадстаўлена больш за 100 твораў скульптуры, графікі і ювелірнага мастацтва, створаных адным з найвялікшых мастакоў ХХ стагоддзя: ад мініяцюрнага “Веч­нага га­дзін­ні­ка” ў дыяментах і рубінах да экс­прэ­сіўнай “Жанчыны ў агне” ў чалавечы рост. Яшчэ дзве скульптуры Далі можна ўба­чыць на вольным паветры. Шасціметровы “Трыумфальны слон” на некалькі месяцаў завітаў на самую модную мін­скую вуліцу — Зы­біц­кую. А трохметровая скульптура “Па­кла­ненне Тэрпсіхоры” сустракае гасцей каля ўваходу ў Нацыянальны мастацкі музей.

Усе работы — частка найбуйнейшай у све­це прыватнай калекцыі скульптуры і дэ­каратыўна-прыкладнога мастацтва Саль­вадора Далі The Dali Universe. Яе заснавальнік італь­янскі арт-дылер і калекцыянер Беньяміна Леві пачаў збіраць работы Далі яшчэ пры жыц­ці мастака. Леві прысутнічаў на адкрыцці вы­ставы ў беларускім музеі і распавёў па­дра­бязнасці супрацоўніцтва і сяброўства з вядомым мастаком:

— У 1960-х гадах я арганізоўваў выставу сюррэалізму ў сваёй прыватнай галерэі ў Мі­лане. У мяне не хапала толькі твораў Далі. І я прыехаў да яго, каб набыць карціну. Яго сакратар прапанаваў купіць яшчэ і дзве скульптуры разам з аўтарскімі правамі, якія дазвалялі тыражаваць работы. Мне трэба было падумаць. Праз дзесяць дзён я вярнуўся і купіў гэтыя дзве скульптуры. Арганізоўваючы выставы па свеце, убачыў, што публіку ці­ка­вяць такія трохмерныя працы. Загарэўся ідэяй сабраць іншыя скульптуры майстра, тыя, што ён рабіў у 1930—1950-х гадах. Збіраў па галерэях, але і гэтага было недастаткова. І праз некалькі гадоў пасля першай сустрэчы звярнуўся да Да­лі з прапановай зрабіць новыя работы аса­біста для мяне.

Упэўніць мастака ў гэтым у многім атрымалася дзякуючы жонцы Далі.

— Гала, можна сказаць, была менеджарам Далі, больш думала пра грошы. Мне лёгка было з ёй дамаўляцца, — успамінае калекцыянер. — А вось з самім Далі мы шмат ды­ску­тавалі. Часам прасіў яго нешта змяніць у скульптурах, каб яны лепш прадаваліся. Але ўпэўніць мастака зрабіць тое, чаго ён не хоча, было вельмі складана.

Аднак, адзначае Беньяміна Леві, ка­му­ні­ка­ваць з Саль­ва­да­ром Далі было вельмі цікава:

— Гэта быў вельмі эрудзіраваны чалавек, інтэлектуал з выдатным пачуццём гумару. Мы шмат размаўлялі на самыя розныя тэмы: псіхааналіз, астраномія, літаратура... Зра­зумець яго працы вельмі няпроста, як і яго філасофію, погляд на жыццё. Я шмат разважаў пасля нашых гутарак, і гэта дапамагло мне пранікнуць у свет Далі.

Творы з калекцыі The Dali Universe былі прадстаўлены ў сотні музеяў свету, у тым ліку ў Сінгапуры, Нью-Ёрку, Фларэнцыі, Венецыі і многіх іншых гарадах. Увогуле выставы на­ведалі каля 12 мільёнаў чалавек.

Некаторыя ставяць пад сумненне ўні­каль­насць скульптур. Маўляў, іх можна растыражаваць досыць шмат. Дарэчы, ты­ражы скульптур з калекцыі Беньяміна Леві вагаюцца ад не­каль­кіх адзінак да соцен. Аднак эксперты ў сферы мастацтва тлумачаць, што гэта нармальна — скульптура, як і літаграфія, можа паўтарацца. Далі рабіў формы і перадаваў правы пэўным фізічным асобам або арганізацыям, якія потым адлівалі скульптуры і тыражавалі іх. Пры гэтым мастак даваў дазвол на выпуск абмежаваных серый. Кожная з іх зафіксавана ў сусветных каталогах. Таму ўся скульптура Далі лічыцца аўтарскай.

Выстава “Сальвадор Далі” — выдатны падарунак на­вед­вальнікам Нацыянальнага мастацкага музея, які ў гэтым годзе адзначае сваё 80-годдзе. Генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў сведчыць, што цікавасць да праекта расце з кожным днём. Асаблівы наплыў гасцей чакаюць падчас II Еўрапейскіх гульняў — экспазіцыя будзе працаваць да 30 чэрвеня. Вядома, здзіўляць музей будзе не толькі замежным праектам, але і ўласнымі экспанатамі. Беньяміна Леві, які многія дзесяцігоддзі супрацоўнічае з рознымі музеямі і галерэямі ўсяго свету, высока ацаніў нашу мастацкую ўстанову, як і Мінск у цэлым:

— Вельмі прыгожы і чысты горад. Не ўбачыў ніводнай паперкі на вуліцы. Хто быў у Італіі, разумее маё здзіўленне. Шырокія дарогі, шмат прасторы. Спадабалася архітэктура. У прыватнасці, уразіла, што будынкі не загаджаны вялікай колькасцю графікі.

mila@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter