Выставка, посвященная художникам Георгию и Наталье Поплавским, проходит в Национальной библиотеке

Тандэм натхнення

Беларуская мастачка Наталля Паплаўская адзначыла на днях 90-годдзе. Такі ж юбілей святкаваў бы сёлета і яе муж народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі, але, на жаль, яго не стала ў 2017 годзе. Прыхільнікам майстра застаецца толькі ўспамінаць таленавітага аўтара і натхняцца яго работамі. Пазнаёміцца бліжэй з творчасцю Георгія Георгіевіча і Наталлі Мікалаеўны ў гэтыя дні можна ў Нацыянальнай бібліятэцы. Тут да 22 лютага праходзіць прысвечаная ім кніжна-ілюстрацыйная выстава «Тандэм натхнення».

    З творчасцю Георгія і Наталлі Паплаўскіх можна пазнаёміцца ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Свет жывапісца, графіка і ілюстратара Георгія Паплаўскага багаты і разнастайны. Ён пабачыў Кубу, Аўстралію, Мексіку, Сінгапур, Індыю і іншыя краіны, хадзіў матросам у Атлантыку і Карыбскае мора, на рудавозах перасёк Арктыку. І, вядома, усе свае падарожжы адлюстроўваў на паперы і палатне. Але не параўнаюцца гэтыя работы па душэўнасці з тымі, што нараджаліся ў вясковай майстэрні на Браслаўшчыне. Мастак быў цесна звязаны з беларускай зямлёй, яе гісторыяй, культурай, літаратурнымі традыцыямі, народнай творчасцю. У раздзеле экспазіцыі «Тандэм натхнення», прысвечаным Беларусі, можна ўбачыць лірычныя пейзажы роднага краю, партрэты людзей, карціны іх працоўнага жыцця. Асаблівае месца на выставе адведзена кніжным ілюстрацыям Георгія Паплаўскага. Ён афармляў творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, а таксама школьныя падручнікі — найчасцей сумесна са сваёй жонкай Наталляй Паплаўскай. Наталля Мікалаеўна ў свой час шмат працавала над ілюстраваннем і падручнікаў, і дзіцячай кнігі. Яна афармляла беларускія народныя казкі, казкі народаў СССР, творы Кіплінга, Перо і іншых. Працавала ў тэхніцы акварэлі, літаграфіі, афорта і лінагравюры.

Як адзначаюць арганізатары выставы, «Тандэм натхнення» ў немалой меры адлюстроўвае той значны ўклад, які ўнеслі Паплаўскія ў развіццё беларускага выяўленчага мастацтва. Усяго дэманструецца звыш 60 дакументаў, сярод якіх і арыгіналы работ з аўтографамі мастакоў.  

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter