Протоколы местных Советов по развитию предпринимательства планируют сделать обязательными для исполнения

Справа ў надзейных руках

Створаныя ў краіне ўмовы для развіцця бізнесу і дзелавой ініцыятывы ўжо даўно дазваляюць распачаць сваю справу за адзін дзень або зарабляць у асобных сферах увогуле без рэгістрацыі. Аднак без праблем не абыходзіцца. І, нягледзячы на пастаянную лібералізацыю заканадаўства, дыялог бізнесу і ўлады часам заходзіць у тупік. Сітуацыі, калі «сляпы глухога не разумее», даволі распаўсюджаны ў рэгіёнах. Вырашыць праблему павінен падпісаны нядаўна Указ Прэзідэнта № 173 «Аб удасканаленні дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва». У працяг тэмы прадстаўнікі дзяржорганаў і бізнесу абмеркавалі за круглым сталом у Рэспубліканскім саюзе прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, як аптымізаваць работу рэгіянальных Саветаў па развіцці прадпрымальніцтва.

Рэгіянальныя Саветы па развіцці прадпрымальніцтва патрабуюць перазагрузкі ў мэтах пашырэння перспектыў развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах. thebalancesmb.com

Перазагрузка

Радавых пытанняў, з якімі прыватны бізнес рэгулярна сутыкаецца, сёння нямала: маёмасныя, зямельныя, падатковыя... Некаторыя з іх актуальныя для ўсёй краіны, а асобныя — толькі прыватныя моманты працы таго ці іншага прадпрымальніка. І часта вырашыць узнік­шыя праблемы ў сілах мясцовай улады. Аднак нярэдка з-за адсутнасці ў кіраўніцтва раёна жадання глыбока ўнікаць у рашэнне пытанняў спрэчныя моманты даходзяць да рэспубліканскага ўзроўню, аднімаючы на сваё рашэнне сілы і час. На думку старшыні Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП) Аляксандра Швеца, нават самыя перадавыя і лепшыя рашэнні, якія прымаюцца ў краіне, не стануць эфектыўнымі, калі іх не будуць выконваць на месцах. Менавіта таму дзелавая супольнасць сёння бачыць неабходнасць у перазагрузцы работы рэгіянальных Саветаў па развіцці прадпрымальніцтва і грамадска-кансультатыўных Саветаў (ГКС) пры аблвыканкамах у мэтах пашырэння перспектыў развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах.

Аналіз праблем прыватнага бізнесу на месцах у цэлым па краіне паказаў, што няма належнай скаардынаванасці дзеянняў мясцовых Саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, размеркавання ўзроўню пытанняў, якія яны павінны разглядаць:

— У цяперашні час ёсць тэндэнцыя да стварэння гэтай сістэмы, ёсць першыя крокі, якія замацаваны ў статуце, але нам прыйдзецца яе выбудаваць дэ-факта, каб яна рэальна працавала. Тут ёсць шэраг прынцыповых пытанняў. Першае — хто ўзначальвае мясцовы Савет па развіцці прадпрымальніцтва (хто за што адказвае). Другое — парадак камплектавання Саветаў, каб не было дубліравання з ГКС. Трэцяе — абавязковасць фарміравання тыпавых рэгламентаў, якія будуць уплываць і на кіраўніцтва Саветаў, і на камплектаванне, і на ўдзел чыноўнікаў у гэтых Саветах.


Па ацэнцы аспіранта юрыдычнага факультэта БДУ, аўтара даследавання «Дыялог бізнесу і дзяржавы ў рэгіёнах: як павысіць эфектыўнасць работы Саветаў па развіцці прадпрымальніцтва на лакальным узроўні» Мікіты Бяляева, тыпавое палажэнне — гэта кіраўніцтва да дзеяння. Даследаванне паказала: мэты, задачы і функцыянал мясцовых Саветаў па развіцці прадпрымальніцтва адрозніваюцца не толькі ад вобласці да вобласці, але і ад раёна да раёна:

— Каб гэтая сістэма працавала эфектыўна і якасна, неабходна ўкараненне нейкіх стандартаў, якімі будзе кіравацца Савет у штодзённай працы. Толькі ў рамках гэтай сістэмы з адзіным дакументам будзе атрымлівацца эфектыўнае ўзаемадзеянне на рэгіянальным узроўні, развіццё дыялогу паміж бізнесам і дзяржавай і прасоўванне праблем з рэгіянальнага ўзроўню на рэспубліканскі.

Рашэнне — у дыялогу

Самымі актуальнымі пунк­тамі, якія абмеркавалі эксперты, сталі пытанні персанальнага складу Саветаў, агульнай колькасці, таксама пытанні, якія датычацца дубліравання функцый Саветаў і ГКС пры аблвыканкамах. У прыватнасці, распрацоўшчыкі дакумента прапануюць: у мясцовых Саветах па развіцці прадпрымальніцтва колькасць прадстаўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў не павінна перавышаць траціну ад агульнай колькасці ўдзельнікаў.

Дырэктар Рэспублі­канскага фонда садзей­нічання развіццю прад­прымальніцтва Таццяна Быкава дадае:

— Савет на рэспубліканскім узроўні фарміруе прававое поле, а мясцовыя Саветы па развіцці прадпрымальніцтва павінны вырашаць канкрэтныя праблемы на месцах. На мой погляд, не варта ўключаць чыноўнікаў у склад Саветаў, акрамя старшыні ці намесніка старшыні аблвыканкама, а таксама сакратара. Старшыня аблвыканкама сам запросіць на пасяджэнне любую службу, для гэтага трэба загадзя скласці распарадак дня. Ніякіх лішніх галасаванняў больш не трэба.


Распрацоўшчыкі палажэння таксама прапануюць афармляць рашэнні Саветаў пратаколамі. Іх будзе падпісваць старшыня Савета і сустаршыня, пасля чаго рашэнні прымаюць абавязковы характар у рамках паўнамоцтваў выканаўчага i распарадчага органаў адпаведнага ўзроўню. Такія пратаколы, накіраваныя ў дзяржаўныя органы, арганізацыі, падпарадкаваныя Ураду, мясцовым выканкамам, з’яўляюцца абавязковымі для разгляду і прыняцця адпаведных рашэнняў.

Удзельнікі вызначыліся: праект дапрацуюць і размесцяць для шырокага абмеркавання на сайтах Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, Савета па развіцці прадпры­мальніцтва, Міністэрства экано­мікі, Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Вынікам абмеркаванняў у далейшым павінна стаць прыняцце пастановы Савета Міністраў аб зацвярджэнні палажэння. Гэта, як спадзяюцца распрацоўшчыкі дакумента, дазволіць зрабіць узаемадзеянне бізнесу і ўлады яшчэ больш простым і зразумелым.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter