Акция «Единый день безопасности»: мы понаблюдали за учебной эвакуацией в одной из минских школ

Шырока расчыненыя дзверы

У краіне праходзіць акцыя «Адзіны дзень бяспекі», якую право­дзіць цэлая калабарацыя дзяржорганаў: МНС, МУС, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, РДГА «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства», Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і іншыя. На прамысловых прадпрыемствах, небяспечных аб’ектах і ў будынках з масавым знаходжаннем людзей у гэтыя дні адпрацоўваюць дзеянні ў выпадку пажару і экстранную эвакуацыю. Інспектары МНС правяраюць сістэмы апавяшчэння, гатоўнасць добраахвотных пажарных дружын, а таксама навучаюць аказанню першай медыцынскай дапамогі ў выпадках пажараў або аварый.

Галоўная задача акцыі — сфарміраваць у грамадстве культуру бяспекі жыццядзейнасці.

Зноў у школу

— Сумеснымі намаганнямі мы фарміруем у грамадстве культуру бяспекі жыццядзейнасці, — тлумачыць галоўную задачу акцыі «Адзіны дзень бяспекі» афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка.

Вучні вясёлыя — заняткаў жа няма.

Паўднёва-заходні раён Мінска. Сярэдняя школа № 67. Супра­цоўнікі МНС і ДАІ праводзяць у класах навучальныя семінары, флэшмоб, а напрыканцы — вучэбную эвакуацыю. Вучням малодшых класаў распавядаюць аб правілах пажарнай бяспекі ў гульнявой форме. Напрыклад, вершаваная эстафета. Перадаюць пунсовы шарык па класе, у каго ён апынуўся ў руках — павінен скончыць рыфмаваную загадку.  

2 «А» клас. Да дошкі выходзіць дужы мужчына ў форме. Старшы прапаршчык Кірыл Лазарчык — камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі № 24 Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях горада Мінска, а яшчэ — бацька адной з вучаніц гэтага класа. Ён коратка распавёў аб сваёй працы. Уважлівая аўдыторыя захоплена слухала.

— Хто хоча прымерыць баявую вопратку? — задае, мабыць, рытарычнае пытанне Кірыл Лазарчык.

Лес рук. Хочуць апрануцца ў баявую вопратку выратавальніка не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Каска спаўзла на вочы, у куртцы схаваўся поўнасцю, як у магутным даспеху, у руках гідраўлічныя кусачкі з масіўнымі зубцамі, якія непрыкметна пад­трым­лівае Кі­рыл Лазарчык, — вобраз юнага выратавальніка гатовы.

Каска спаўзла на вочы, у куртцы схаваўся поўнасцю, як у магутным даспеху — воблік юнага выратавальніка гатовы.

— Цяжкія, як гантэлі, — хлопчык вызваліўся з кайданоў курткі і з усмешкай вярнуўся на сваё месца за другой партай.  А колькі радасці было ў дзятвы, калі ім далі пасядзець у аўтацыстэрне, што прыпаркавалася ва ўнутраным двары школы!

Без лішняй мітусні

Тым часам супрацоўнікі ДАІ вучаць дзяцей правілам бяспекі дарожнага руху. Нават дарослым не перашкаджае нагадваць, здавалася б, вялікія ісціны паводзін на дарозе. Толькі ў дарослых праграма семінара «з зорачкай» — ім яшчэ раскажуць пра негатыўныя наступствы п’янства за рулём, пра небяспеку размоў па тэлефоне падчас руху і для нагляднасці прывядуць статыстыку ДТЗ.

Адказныя па паверхах з ліку добраахвотнай пажарнай дружыны дакладваюць, што ў будынку нікога не засталося.

Па гучнай сувязі праносіцца галасавое апавяшчэнне аб умоўным пажары. Настаўнікі без лішняй мітусні выводзяць дзяцей з класаў. Усе шэсць запасных выхадаў свабодна адкрываюцца знутры без ключа. На вуліцы настаўнікі па спісах пералічваюць вучняў. Адказныя па паверхах з ліку добраахвотнай пажарнай дружыны дакладваюць, што ў будынку нікога не засталося.  Усяго за пяць хвілін на вуліцу выбеглі 780 вучняў. Вясёлыя: урокаў жа няма! А маштабная вучэбная эвакуацыя сёння праходзіць на Чыжоўка-Арэне: трэба вывесці з будынка на вуліцу ўжо некалькі тысяч чалавек.

Настаўнікі без лішняй мітусні выводзяць дзяцей з класаў.    

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter