Аграрник - ученый и поэт Генрих Тарасевич полюбил сонеты из-за работы в Минсельхозпроде

Шчырая размова з уласным сумленнем

СВАЕ першыя 17 гадоў пражыў у мястэчку Новы Двор на Шчучыншчыне, цяпер гэта аграгарадок. Школа побач з бацькоўскім домам — толькі вуліцу перайсці, там і праводзіў вольны час. Як і многія, Генрых Францавіч прыгадвае гэтую пару як самую светлую і бесклапотную. Пасля аддаліўся ад роднай хаты, паступіўшы ў Літоўскую сельгасакадэмію ў Каўнасе. Так зацягнула хлопца вучоба, што вырашыў яе працягнуць у аспірантуры пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце глебазнаўства і аграхіміі. Там і абараніў кандыдацкую дысертацыю. Дзе б ні быў, Генрых Тарасевіч сумаваў па малой радзіме, якая, да слова, і паўплывала на прыхільнасць колішняга юнака да паэзіі.


— Па суседстве, у вёсцы Стары Двор, нарадзілася, жыла і пахавана класік беларускай літаратуры, грамадскі і палітычны дзеяч Алаіза Пашкевіч (Цётка). Між іншым, грандыёзнае святкаванне 100-годдзя паэткі ў 1976-м на яе радзіме з удзелам вядомых айчынных творцаў аказала на мяне — тады 15-гадовага юнака — незабыўнае ўражанне. З таго часу яшчэ больш зацікавіўся паэзіяй, — успамінае субяседнік.

Надыходзіць, дарэчы, 150-годдзе з дня нараджэння Цёткі, куды ён бу­дзе запрошаны ўжо не ў якасці гледача, а ў складзе афіцыйнай пісьменніцкай дэлегацыі.

Цётка, і не толькі яна, вярэдзіла маладую мройлівую душу. У Новым Двары знаходзіліся дзве бібліятэкі з цікавымі кнігамі. Азы вершаскладання Генрых Тарасевіч засвоіў на школьных занятках. Не проста так, а для справы. Спачатку ў школе, а потым і ў клубе стварыліся так званыя ВІА — вакальна-інструментальныя ансамблі, якія паўсюдна ўвайшлі ў моду ў сярэдзіне 1970-х. Хацелася выконваць не толькі савецкія, але і замежныя песні. З музыкай было прасцей — з магнітафона ці пласцінкі падабраць мелодыю на слых, а вось са словамі складаней. Дакладна іх перапісаць няпроста, прыходзілася прыдумваць нешта сваё на роднай мове, больш-менш блізкае да тэксту. Англамоўныя кампазіцыі перакладаць было лягчэй, а італьянскія і нямецкія — па інтуіцыі… Так і прызвычаіўся Генрых Тарасевіч да музыкі з паэзіяй, а ў студэнцкія часы пры дапамозе творчых навыкаў нават зарабляў. Тым не менш многа пісаў у стол. Калі ж вершаў падсабралася, сябры настаялі выдаць кніжку. Урэшце атрымалася чатыры. Да таго ж субяседнік — лаўрэат многіх прэстыжных літаратурных конкурсаў, у тым ліку «Радзіма мая дарагая» да 100-годдзя Алеся Бачылы. Удзельнічае ў вялікіх літаратурных святах, ганаровы госць Дня беларускага пісьменства.

— Паважаю розныя формы сучаснай паэзіі, аднак аддаю перавагу класічным. Асабліва даспадобы строгая рэгламентацыя санетаў з іх лаканізмам, дакладнасцю, эстэтыкай. Нездарма ў творчым асяроддзі лічыцца: добры санет варты цэлай паэмы. Мяркую, што любоў да гэтай формы прыйшла падчас працы спічрайтарам у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Там навучыўся з вялізнай увагай адносіцца да кожнага слова і лічбы ў дакладзе, важная дакладнасць і ў санетах, — прыкмячае аграрнік-навуковец.

Ён перакананы, што вершы пішуцца выключна на аснове асабістага вопыту, уражанняў і эмоцый. Прыдумляць сюжэт можна хіба ў прозе, бо ў лірыцы гэта банальны падман, хай і ў прыгожай абгортцы. А вызначэнняў паэзіі безліч, але найлепшае — шчырая размова з уласным сумленнем. Аднак гэтага не атрымаецца, калі верш не ад сэрца, лічыць суразмоўца:

— Карацей, вядомы радок Ахматавай «…когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда» не для мяне. Пакуль што мой уласны досвед з вышыні пражытых гадоў дае ўдосталь сюжэтных ліній, эмоцый і перажыванняў. А як рэзервы скончацца — нічога штучнага выдумляць не буду, бо заўсёды можна складаць гумарыстычныя творы.

Ёсць тэмы, на якія пісьменніку складана пісаць фізічна, і звязаныя яны ў першую чаргу з чарнобыльскай катастрофай, зыходам беларусаў са сваіх родных сяліб. Да гэтае пары ў Тарасевіча перад вачыма роспач жанчын, якія назаўсёды развітваліся з роднай зямлёй і пераязджалі на чыстыя тэрыторыі. Ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў «мірнага атама», а пасля працаваў у Дэпартаменце па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Плануючы сучаснасць і будучыню, субяседнік прыкмеціў формулу спіралі:

— Так і мае інтарэсы ў творчасці. Зараз ізноў стала цягнуць да складання песень, прычым не толькі слоў да іх, але і мелодый. Улічваючы, што практыкаваўся ў гэтым з маладосці, даецца няцяжка. Мяркую, і словы, і музыка павінны падбірацца арганічна і быць аднолькава ўдалымі. Чаму ў нас на слыху асобныя песні Візбара, Акуджавы, Высоцкага, бо там тое самае спалучэнне. Асобныя свае напрацоўкі я паказаў вядомаму беларускаму выканаўцу, і ён іх пахваліў, прычым, здаецца, не толькі з ветлівасці. Урэшце, добрая песня — гэта яшчэ і якасная аранжыроўка. Таму было б цікавым і ўзаемавыгадным супрацоўніцтва з прафесійнымі аранжыроўшчыкамі і кампазітарамі. У гэтым сэнсе я адкрыты для прапаноў.

Генрых Тарасевіч рыхтуе да друку новы паэтычны зборнік пра пошук ісціны і вечныя духоўныя каштоўнасці. Ён перакананы, што паратунак ад сусветнай злосці — у хрысціянстве, спагадзе, справядлівасці. Гэта і стараецца перадаць у сваіх вершах.

basikirskaya@sb.by

Фота з асабістага архіва Генрыха ТАРАСЕВІЧА

Кастрычнік

Ранкам воблачным кастрычнік

Завітаў будзённа ў дзверы

У пацешлівым абліччы —

У адзенні жоўта-шэрым.

Стала раптам сумна ў думках,

Што й зіма ўжо недалёка

І ў піліпаўскіх варунках

Халады прыйдуць няўрокам.


А здаецца, толькі ўчора

Лета песціла бясконца:

Ноччу цёплай ззялі зоры,

Днём працяглым грэла сонца.

Ды пакуль што будзем рады

Шчодрай восені імгненням —

Залатому лістападу,

Паэтычным летуценням.

* * *

Як хораша пішуцца восенню вершы —

Прырода дае асаблівы імпэт,

Каб кожны паэт стаў душой багацейшы

І шчырым радком адарыў гэты свет.

Хвалююць няўрокам узнёслыя думы,

Якія раней дзесь далёка былі.

Душа не працівіцца лёгкаму суму,

І чуецца водар прыціхлай зямлі.

Ніхто меркаванне аспрэчваць не будзе,

Што ў восені ёсць патаемны матыў…

Яе паважаюць вясковыя людзі

За шчодрыя плёны палеткаў і ніў.


З вянка санетаў «Юнацтва»

Маё мястэчка, мой радзінны стан.

Прайшлі, як сон, юнацкія там леты.

І толькі ў памяці салодкі зман —

Дазвання недасяжная планета.

Мне часта сняцца школьныя часы,

Таемны шпіль драўлянага касцёла,

Сяброў выявы, блізкіх галасы…

Ад іх на сэрцы светла і вясёла.

Няўмольны час…

Бяжыць за годам год,

Падзей і спраў адвечны карагод,

Жыццё маё ўспамінамі сагрэта,

Сярод якіх мясціна Новы Двор —

Сумлення, веры, шчырасці дазор,

Зямны выток для боскага санета.

* * *

Дзе вы, мае юнацкія гады,

Даўнейшых дзён часіны залатыя?

Уласны свет мне дараваў тады

Выключна мары-мроі маладыя.

…Цнатлівая узнёсласць пачуцця

Да вабнай і гарэзлівай дзяўчынкі,

І як прадвесце сталага жыцця —

Адчайныя хлапечыя учынкі.

Таго кахання першага charmant —

Не выветраны ўвесь яго туман —

Старт у даросласць

памятны заўжды.

Прыгоды немагчыма затрымаць,

Але мажліва ў думках натаваць

Былых падзей адметныя сляды.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter