Бесплатные поездки и ужины, маски и перчатки: белорусы объединяются, чтобы помогать врачам

Разам мы — сіла!

Ці не даводзілася вам чуць меркаванні, што сёння людзі, маўляў, ужо не тыя: сталі эгаістычнымі, цікавяцца толькі грашыма і іншымі матэрыяльнымі дабротамі, перасталі звяртаць увагу на праблемы іншых? Разам з тым, як вядома, найбольш яскрава характар чалавека праяўляецца ў экстрэмальных абставінах. І зараз, калі небяспечны вірус палохае і раз’ядноўвае свет, можна з упэўненасцю сказаць: беларусы засталіся спагадлівымі, яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Як вядома, асноўны цяжар па пераадольванні сітуацыі з COVID-19 лёг на медыцынскіх работнікаў. Ім сапраўды прыходзіцца нялёгка, працуюць яны амаль кругласутачна. Да дапамогі медыкам падключыліся грамадскія арганізацыі, бізнес і проста нераўнадушныя людзі.

Акцыя «Дзякуй, доктар!» запушчана на святлодыёдных экранах у Віцебску.

Так, федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прыняла рашэнне аб страхаванні і матэрыяльнай падтрымцы работнікаў устаноў аховы здароўя, якія аказваюць дапамогу хворым на каронавірус.

Старшыня федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда адзначыў, што падтрымку самым уразлівым катэгорыям медыкаў, якія аказаліся на перадавой, прафсаюзы пачалі аказваць яшчэ ў сакавіку, калі ў краіне зарэгістравалі першыя выпадкі захворвання на каронавірус. Гэта дапамога ў набыцці дэзынфіцыруючых і абеззаражвальных сродкаў, а таксама сродкаў індывідуальнай абароны — ад масак і пальчатак да ахоўных медыцынскіх касцюмаў. Ужо закуплена 14 000 такіх касцюмаў, яны размяркоўваюцца паміж рэгіёнамі. Першая партыя была накіравана ў Віцебскую інфекцыйную бальніцу.

З моманту ўзнікнення эпідэміялагічнай сітуацыі прафсаюзы Міншчыны аператыўна ўключыліся ў працу па аказанні дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу.

— Зараз важна стварыць для медыцынскага персаналу максімальна бяспечныя ўмовы працы, — лічыць старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі. — Мы прынялі рашэнне аб адмене ўсіх непершаступенных расходаў у прафсаюзных арганізацыях і сродкі, якія вызваліліся, накіроўваем у «касы ўзаемадапамогі». З іх аказваецца дапамога медыкам, а таксама найбольш уразлівым групам насельніцтва — ветэранам вайны і працы, адзінокім пажылым людзям, школам-інтэрнатам, дзіцячым дамам і сацыяльным прытулкам. На набыццё дэзынфіцыруючых сродкаў і сродкаў індывідуальнай абароны, аказанне матэрыяльнай дапамогі затрачана больш за 60 000 рублёў. Замоўлена 2000 пальчатак і 2000 масак для патрэб устаноў аховы здароўя Мінскай вобласці. Наш прафсаюзны дэвіз «Мы — аб’ядноўваем!» як ніколі актуальны.

Ідэя падтрымаць работнікаў Капыльскай цэнтральнай бальніцы прыйшла да майстроў вытворчага навучання Капыльскага дзяржаўнага каледжа. Да акцыі «Марафон дабра» падключыліся і навучэнцы. У вольны ад працы і вучобы час педагогі і вучні шыюць маскі, якія бясплатна перадаюць медыкам. Матэрыял для вырабу масак прадаставіў мясцовы лясгас.

Многія людзі знаходзяць спосабы падтрымаць медыкаў маральна, дапамагчы ім сэканоміць час і сілы. Так, адна са службаў мінскага таксі прапануе бясплатна адвезці ўрачоў на работу ці забраць пасля змены. У дзень кожны з 60 вадзіцеляў прымае па 8—10 такіх заказаў. Некаторыя аўтамыйкі робяць прамысловую дэзынфекцыю машын — таксама бясплатна.

У кафэ гатуюць гарачыя абеды для медперсаналу Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы.

Актыўна ўключыліся ў марафон дабра кампаніі сферы харчавання. Некаторыя кафэ ў розных гарадах краіны закрыліся для наведвальнікаў, аднак іх кухні працягваюць працаваць: яны гатуюць гарачыя абеды для медыкаў. Частку прадуктаў ім пастаўляюць пякарні і сетка гіпермаркетаў. Апрача таго, гаспадары запусцілі краўдфандынг — гэта значыць кожны жадаючы можа пералічыць грошы на набыццё прадуктаў. Тыя, у каго няма лішніх сродкаў, прапануюць уласную гародніну, машыны для дастаўкі.

Акцыю ў падтрымку беларускіх медыкаў правялі ваеннаслужачыя 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Стоячы на пляцы, салдаты трымалі ў руках аркушы са словам «Дзякуй!», якое потым выкрыкнулі некалькі разоў.

Віцебскія дэсантнікі падзякавалі медыкам за працу.

У мэтах бяспекі мы трымаемся фізічнай дыстанцыі, але духоўна вельмі зблізіліся, каб справіцца з агульнай бядой. Зрэшты, як і заўсёды ў няпросты час…

nevmer@sb.by

Фота Аляксандра КУЛЕЎСКАГА і БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter