Фестиваль европейского кино проходит в столице

Прыцяжэнне вялікага экрана

Лепшыя фільмы 2020 года можна ўбачыць у гэтыя дні ў сталічных кінатэатрах. У афішы фестывалю еўрапейскага кіно, які праходзіць у Мінску з 20 па 31 студзеня, прадстаўлена 41 карціна з Германіі, Францыі, Аўстрыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Чэхіі, Італіі, краін Балтыі і Скандынавіі. Усе яны ўдзельнікі прэстыжных сусветных фестываляў. Фільмы дапамогуць лепш зразумець сучасную еўрапейскую культуру, а таксама не засумаваць тым, каму летась не хапіла новага якаснага кіно з-за пандэміі і адмены многіх форумаў. Карціны, паведамляе artcorporation.by, прадставяць вядучыя айчынныя кінаэксперты.


У праграме ігравога кіно — сацыяльныя драмы, любоўныя прыгоды, фантазіі і гісторыі, заснаваныя на рэальных падзеях. Да прыкладу, сёння ў афішы фестывалю румынскі фільм «Вялікімі літарамі». Згодна з сюжэтам карціны, у 1981 годзе шаснаццацігадовы румынскі школьнік вырашае расказаць праўдзівую гісторыю краіны — на сценах горада з'яўляюцца напісаныя мелам пратэстныя слоганы. Падлетка арыштоўваюць, дапытваюць, а справу адпраўляюць у архіў тайнай паліцыі. Праз 30 гадоў пасля падзення камунізму ва Усходняй Еўропе тэатральны рэжысёр бярэцца рэканструяваць гэты выпадак.

У дакументальнай праграме — актуальныя праблемы і разважанні аб вечным. У падборцы прадстаўлены і рэдкасці ў выглядзе дакументальных камедый і нават док-анімацыі. Адну з такіх анімацыйных стужак — карціну «Мая любімая вайна» (Латвія) — можна будзе ўбачыць сёння ў кінатэатры «Цэнтральны».

Арганізатар фестывалю еўрапейскага кіно — цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» — рэкамендуе выконваць меры эпідэміялагічнай бяспекі і нагадвае, што ў саміх кіназалах забяспечана сацыяльная дыстанцыя паміж гледачамі.  

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter