В Гродно начался монтаж пролетных конструкций нового моста

Пра Нёман, надзеі і апоры

Пачаўся мантаж пралётных канструкцый чацвёртага гродзенскага моста цераз Нёман. Яго абнаўленне набiрае абароты. Аб’ект з’яўляецца часткай глабальнага праекта па будаўнiцтве вялiкага аб’язнога кальца вакол Гродна. Унiкальны ў сваiм родзе мост хутка дазволiць пазбавiць горад ад аўтамабiльных затораў, а таксама злучыць тры новыя мiкрараёны: Альшанку, Паўднёвы i Грандзiчы. Паводле генплана развiцця Гродна, у iх будзе пражываць больш за 140 тысяч чалавек.

З ходам работ на аб’екце пазнаёміліся Уладзімір КАРАНІК, Віктар КАРАНКЕВІЧ і Уладзімір ДЗЯШКО.

Берагі стануць бліжэй

Праект распрацаваны прадпрыемствам «Iнстытут Гроднаграмадзянпраект». Ён цiкавы тым, што на iснуючых апорах амаль цалкам будзе пабудаваны новы мост, i толькi пасля гэтага будуць дэманцiраваны пралётныя канструкцыi старога. Гэта дазволiла значна патаннiць будаўнiцтва.

Новы аўтамабiльны мост будзе чатырохпалосны, з дзвюма палосамi ў абодвух напрамках, шырыня кожнай — 4,5 метра. Акрамя таго, тут будуць тратуары па 1,5 метра, а таксама з’явяцца веладарожкi шырынёй у 3 метры. Даўжыня новага моста — 240 метраў, а яго вышыня над узроўнем вады — 32,5 метра. Генпадрадчыкам аб’екта выступае ААТ «Мостабуд», заказчык — УКБ Гродзенскага аблвыканкама.

На сёння рабочыя прыступiлi да мантажу пралётных канструкцый, а таксама да ўстаноўкi маналiтнай плiты. Зборка i мантаж металаканструкцый вядзецца з двух берагоў да цэнтра моста.

Бетонныя пліты ўкладваюцца па новай бясшоўнай тэхналогіі.

Галоўны iнжынер МБУ № 7 Гродзенскага фiлiяла ААТ «Мостабуд» Iлья Бейма трымае руку на пульсе вялiкай будоўлi:

— На самым важным для нас аб’екце ўжо зманцiравана некалькi пралётаў з боку левага берага, пачынаецца iх мантаж i з процiлеглага боку. Зборка вядзецца да цэнтра моста. 

Для надання прыгажосцi абноўленаму мосту на берагах пакладзена дэкаратыўная брукаванка з каменю. Складанасцi ў працы абумоўлены хутчэй рэльефам мясцовасцi. Перапад вышынi дасягае 33 метраў над узроўнем рэчышча Нёмана. Усе работы выконваюцца на вышынi, зборка пралётаў навясная або паўнавясная. Самым складаным будзе дэмантаж 65-метровай канструкцыi старога чыгуначнага моста. Тэхналагiчны праезд па бетоннай плiце плануецца адкрыць ужо да канца гэтага года.

Прараб фiлiяла МБУ № 7 ААТ «Мостабуд» Аляксей Аутка пацвердзiў вышэйсказанае i павёў гутарку пра тое, што адбываецца сёння на вялiкай будоўлi:

— Штодня тут працуе каля 70 маставiкоў i дарожнiкаў, работы не спыняюцца нi на  дзень. Пасля заканчэння будаўнiцтва ў моста будзе сучасны выгляд, не кажучы ўжо пра камфорт для пешаходаў i веласiпедыстаў. Мы выкарысталi на падпорных сценках апор моста тэхналогiю закладкi габiёнаў (камянёў) замест жалезабетоннага маналiту. Падножжа паглыблена на шэсць метраў. Гэта таксама нашмат танней за падпорныя жалезабетонныя канструкцыi.

Чацвёрты мост цераз Нёман ужо набывае новы воблік.

Нарматыўны тэрмiн узвядзення аб’екта — 23 месяцы. Аднак рух плануецца адкрыць 3 лiпеня 2021 года. Усе работы па стварэннi аб’язнога кальца разбiты на пяць этапаў. Намеснiк старшынi Гродзенскага аблвыканкама Уладзiмiр Дзяшко падкрэслiвае:

— Значнасць гэтага моста для Гродна цяжка пераацанiць. Гэта ва ўсiх сэнсах унiкальнае збудаванне. Упершыню за ўсю гiсторыю СНД чыгуначны мост рэканструiруецца пад аўтамабiльны. Рэалiзацыя падобнага iнвестыцыйнага праекта — гэта адзiнкавы эксперымент, аналагаў якому пакуль няма. Выкарыстанне старога чыгуначнага моста дазволiла зрабiць таннейшым будаўнiцтва на 30 працэнтаў. Мост можна назваць сталежалезабетонным. Часткова былi выкарыстаны сем з дзевяцi iснуючых апор, на якiя надзелi металiчныя саркафагi.

Намеснiк старшынi падкрэслiў, што будаўнiцтва вялiкага аб’язнога кальца забяспечыць працу сотням дарожнiкаў i маставiкоў на некалькi блiжэйшых гадоў:

— Рэканструкцыя гэтага ўнiкальнага збудавання стала магчымай толькi дзякуючы прамому распараджэнню Кiраўнiка дзяржавы, якое было дадзена ў кастрычнiку мiнулага года. У стварэнне вялiкага аб’язнога кальца закладзена стратэгiя развiцця i росту горада мiнiмум на 50—70 гадоў наперад. Яно стане «крывяноснай артэрыяй», якая дасць магчымасць гораду развiваць сетку новых дарог, будаваць новыя кварталы i iнавацыйныя пляцоўкi. Першая чарга будаўнiцтва абыдзецца ў 152 мiльёны рублёў. На ўсё вялiкае кальцо спатрэбiцца не менш за 400 мiльёнаў.

У агляднай будучынi з’явiцца яшчэ адзiн мост — у раёне камбiната будаўнiчых матэрыялаў. Гэта дасць магчымасць для рамонту двух iншых гродзенскiх мастоў. Усяго ў горадзе функцыянуюць тры масты, два з якiх — Паповiчскi i Румлёўскi — працуюць з вялiкай перагрузкай. Iх рэканструкцыя наспела даўно, аднак, каб пазбегнуць транспартнага калапсу, прыход будаўнiкоў адкладваецца.

Акрамя таго, дзякуючы з’яўленню чацвёртага моста ўвесь транзiтны транспарт зможа не заязджаць у горад, а рухацца ў аб’езд па кальцы. Гэта таксама вялiкi плюс.

Для маставiкоў гэта новы вопыт i веды.

Дырэктар ААТ «Дарожна-будаўнiчы трэст № 6» Васiль Доўгань дадае:

— У 1960-я гады пры ўзвядзеннi моста, якi цяпер рэканструiруецца, планавалася, што па iм пойдуць вайсковыя чыгуначныя саставы, таму апоры збудавання здольныя вытрымаць груз да 20 тысяч тон. Аднак з савецкiх часоў ён амаль не выкарыстоўваўся i доўгi час знаходзiўся ў закiнутым стане. На дадзеным вялiкiм аб’екце задзейнiчаны практычна ўсе нашы супрацоўнiкi, атрымлiваючы новы вопыт i веды, якiя, упэўнены, спатрэбяцца ў далейшым. За апошнiя гады спецыялiстамi нашага прадпрыемства ўведзены ў строй дзясяткi буйных аб’ектаў, у лiку якiх першая i другая кальцавыя аўтадарогi вакол Мiнска, дарога ў абыход Гродна да трасы М-6, забяспечаны пад’езды да Беларускай АЭС, пабудаваны чатырохпалосныя магiстралi ў новых мiкрараёнах нашага горада.

kondratsieva@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter