Профессор Алексей Рагуля: что поможет преодолеть испытания жизненных катаклизмов

«Песімізм не пра нашу нацыю...»

Пандэмію каронавіруса беларусы ўспрымаюць крыху інакш, чым другія народы. Не раз даводзілася чуць: перажылі вайну, перабудову, розныя «атыпічныя пнеўманіі», што нас возьме? Баяцца і хавацца ці сабрацца гуртам? Размова пра філасофію стаўлення нашай нацыі да выклікаў лёсу з прафесарам кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдатам філалагічных навук Аляксеем РАГУЛЕМ выкрыла шмат нечаканых паралелей. Акрамя таго, 85-гадовы юбіляр падзяліўся прыкладамі са свайго ўласнага доўгага жыцця.


— Аляксей Уладзіміравіч, як беларусы ў большасці спрадвеку ўспрымаюць агульныя беды накшталт пандэміі?

— Народная культура — гэта не толькі тэксты, але люстра, у якім адбіваюцца сэнсы. Яна ніколі не абыходзіла вострыя тэмы, наадварот, асэнсоўвала надзвычайную сітуацыю — вайну, голад, эпідэмію… Гэта сітуацыя выбару для народа. Ва ўсіх жанрах (казках, замовах, загадках) героя заўсёды чакае выпрабаванне, ён стаіць перад выбарам. Напрыклад, у беларускіх легендах асілак паўстае перад змеем, дзяўчына — перад панам, малады хлопец вырашае, перавезці яму праз раку халеру ў вобразе жанчыны ці не. Узнікае матыў катастрофы: невядома, адкуль яна бярэцца. Калі ў свеце ёсць дабро, ява — жыццятворныя сілы, то існуе і наўе — смертаносная моц, лічылі нашы продкі. Наўе — тое, што навеяла. Існуе ў народзе нават такое магічнае пажаданне: «Хай яго паветра панясе!» Для беларусаў у такой складанай сітуацыі ўласцівы крытычны аптымізм. Ад нараджэння да смерці ідзе падрыхтоўка да пераадолення цяжкасцей на шляху да радасці жыцця. Але нам неўласцівы геданізм — настольная прага асалоды. Наша радасць — у магчымасці рэалізаваць сябе. Менавіта таму культы вясны, маладосці, мацярынства ў нас пераважаюць над вобразам чалавека, што загадзя рыхтуецца да небыцця. Заходнееўрапейскі філосаф Ніцшэ казаў: «Памры ў свой час!» Але гэты песімізм не пра нашу нацыю. Беларусы заўсёды думаюць пра трэцяе пакаленне: дзяцей, унукаў, каб ім жылося лепей. І гэта мабілізуе кожнага на пераадоленне цяжкасцей.

— Атрымліваецца, наш падыход абвяргае безнадзейнасць сітуацыі: «Паміраць збірайся, а жыта сей»?

— Менавіта так. Узгадаем самую вядомую кумулятыўную казку пра залатое яечка і мышку. Дзед біў, баба біла… Потым гора, неспадзяваная бяда — яечка разбілася. Усе плачуць, што такая страта. Гэта пераломны момант, тут высмейваецца народнай мудрасцю фаталістычны падыход да жыцця. У якасці прыкладу таксама можна прывесці казку пра лісу і зайчыка, якога яна выгнала з хаты. Мядзведзь і воўк не змаглі яе прыструніць, а пеўнік праз сілу духу змог. Пагадзіцеся, у рэальным жыцці такая ж ліса пеўніка лёгка разарвала б, але тут спужалася. Нашы старажытныя кумулятыўныя сюжэты абвяргаюць безнадзейнасць і вучаць шукаць выйсце з катастрафічнага становішча. Часам сюжэт вырашаецца ў смехатворным каноне. Праблемы гіпербалізуюцца, іх паказваюць гратэскна. Напрыклад, сюжэт канца свету. Вароты скрыпяць, воўк вые, мядзведзь ад жаху раве, нават поп царкву падпаліў… Такім чынам народная мудрасць выкрывае песімізм, што дэмаралізуе чалавека, бо ў паніцы ён няздольны дзейнічаць, каб перамагчы.

— Ці адрозніваецца гэты падыход ад заходнееўрапейскага, дзе зараз кожны імкнецца выратаваць самога сябе ці зачыніцца паасобку?

— Мы бачым, што глабалізацыя не вырашыла пастаўленых задач. Найбольш эфектыўная форма аб’яднання, калі трэба мабілізавацца, на мой погляд, — гэта рэспубліка. Тэмпы распаўсюджвання інфармацыі сёння  непараўнальныя са старажытнымі часамі, але новага нічога няма. Тэхналогіі, глабалізацыя аказаліся слабымі, каб эфектыўна супрацьстаяць новай невядомай інфекцыі.

— Можа, трэба спытацца, як нашы суседзі, рускія, кажуць: хто вінаваты?

— Не, гэта не беларускі падыход. У нас ёсць адказ: сам сабе выкаваў кайданы, сам разарві. Нагадаю вам такую народную прыпавесць. Чалавека прыкавалі да слупа, сітуацыя здаецца безвыходнай. Але прыйшоў да яго музыка: «Зайграю табе песню свабоды!» Нашто яна? Нібыта ў бядзе дапаможа. Але на гукі з’явіўся каваль і разбіў молатам і зубілам ланцугі. У еўрапейскай традыцыі ўся цывілізацыя пабудавана на індывідуалізме, у нас, наадварот, у народнай культуры комплекс «я — мы». На святы нашы продкі вадзілі карагоды, абходзілі кругам таксама ў час бяды. Гэта пластыка сумеснага дзеяння. Калі будавалі мост і клалі вялізныя драўляныя апоры ў пэўныя месцы, гуртам выкрыквалі: «Ра­зам!». У той жа час нам неўласцівы заклік «шапкамі закідаем», наадварот, разумная засцярога. Скажам, у ваяроў Вітаўта было два шчыты: адзін на спіне. У бліжнім баі гэта гарантавала перавагу. Кансалідацыя важная, і кіраўнікі такой супольнай дзейнасці павінны быць мудрымі і прадбачлівымі. Калі ўсе браты і сёстры скіруюць позіркі на зло, у гісторыі адбываюцца пералом і перамога.

— А як успрымаюцца зло, хвароба ці смерць?

— Прыроднае зло з’яўляецца ў розных масках. Смерць мы ніколі не ўспрымалі як нешта эстэтычнае, наадварот, злое і агіднае. Напрыклад, валасяніца — памерлая дзяўчына, што зрабілася лясной істотай. Дапамагае перамагчы страх перад ёй і падобнымі смех. Не такі чорт страшны, як яго малююць. Жыццё выглядае ў народным уяўленні як сінусоіда: з’яўленне — пераадоленне, на якое накіраваны ўсе сілы, — станаўленне і выйсце на новы віток. Прыгадаем Янку Купалу:

Самое сонца ўзяць у рукі

І, як з паходняй, з ім ісці,

Святлом ніштожыць нашы мукі,

Увесь плач роднае зямлі.

Чалавек павінен быць гаспадаром на сваёй зямлі, гэта фарміруе культуру аптымізму. Жыццё беларус успрымае як сферу: з зерня ўсё пачынаецца і зноў вяртаецца ў зямлю. Але прыгадаем казку «Адкуль ліха?». Драпежнік сочыць за жыццём, таму нельга пражыць яго без змагання. Апошнія 200—300 гадоў на нашай тэрыторыі шмат вялікіх страт. У

XVII стагоддзі колькасць насельніцтва скарацілася, па некаторых крыніцах, удвая праз «невядомую» вайну 1654—1667 гадоў. Усе памятаюць ахвяры Вялікай Айчыннай. Але трэба часцей узгадваць іншае. Мы — нашчадкі тых, хто выжыў. І не таму, што імкнуліся зрабіць гэта за любы кошт. Наадварот, арыентаваліся на прагу жыць. Псіхоз да дабра не вядзе.

— Аляксей Уладзіміравіч, вы асабіста таксама былі сведкам гістарычных катаклізмаў…

— Так, нарадзіўся ў вёсцы Сенна сучаснага Навагрудскага раё­на, у той час гэта была частка Польшчы. Бачыў, як прыязджаў на ровары паліцэйскі і забіраў лю­дзей… З ваеннага часу захавалася памяць пра кананаду, карныя экспедыцыі. Бачыў маіх равеснікаў расстралянымі ў лужах крыві. Тых, хто праяўлялі сябе як актывісты падчас уз’яднання Беларусі, акупанты знішчалі сем’ямі. Каб не здарылася горшага, трэба асэнсоўваць шлях, што мы праходзім. І хацеў бы прыгадаць вам верш Максіма Танка:

Я не лічыў бы салдатам сябе,  

Каб не гатоў быў прайсці

Праз няўдачы.  

Я не лічыў бы аратым сябе,

Каб першы град

Мог скасіць маю веру ў калоссе,  

I не лічыў бы паэтам сябе,

Каб кожны мой дзень

Не быў днём нараджэння.



Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter