В Минске во втором квартале введут в эксплуатацию первый электродом

Пабудуюць на добры ток

План па жыллёвым будаўнiцтве мiнулага года перавыкананы на 156 000 квадратных метраў. Перавышаны паказчык i па ўводзе жылля з дзяржпадтрымкай: пры запланаваных 984 000 квадратных метраў пабудавана 1,306 мiльёна. Сёлета планку знiжаць не збiраюцца. Абазначаны паказчык у чатыры мiльёны квадратных метраў спадзяюцца нават перавыканаць. Аб падрабязнасцях даведалася карэспандэнт «Р».

План па жыллёвым будаўнiцтве мiнулага года перавыкананы на 156 000 квадратных метраў.

— Што тычыцца кошту квадратнага метра за жыллё летась, у нас была задача, каб ён складаў не больш за 1082 рублi. Паказчык выканалi. У планах на 2021 год — 1152 рублi за квадратны метр, — намецiў арыенцiры намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення будаўнiцтва i жыллёвай палiтыкi — начальнiк упраўлення жыллёвай палiтыкi Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва Аляксандр Аўраменка.

Ён анансаваў i пэўныя новаўвядзеннi. Так, рыхтуюцца праекты нарматыўна-прававых актаў для тых, хто доўгi час знаходзiцца на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў.

— Грамадзяне, якiя стаяць на ўлiку, напрыклад, у буйных населеных пунктах, такiх як Мiнск, цi ў абласных цэнтрах, могуць чакаць даволi працяглы час. У Мiнску гэта могуць быць дзесяцiгоддзi, а то i больш, — расказвае Аляксандр Аўраменка. — Для таго, каб яны маглi рэалiзаваць сваё права на жыллё, рыхтуюцца адпаведныя праекты нарматыўна-прававых актаў, цяпер яны праходзяць узгадненне. Мяркуецца, што калi хтосьцi стаiць пэўную колькасць гадоў на ўлiку тых, хто мае патрэбу, напрыклад, у Мiнску i бачыць, што ён можа пабудаваць жыллё ў Брэсцкай або iншай вобласцi, то можна падаць сваю заяўку, i там жыллё будзе будавацца з улiкам гэтага. Значыць, вобласць будзе вызначаць нейкi працэнт кватэр для жадаючых з iншых рэгiёнаў краiны.

Надзённая тэма сёння — электрадамы. Гэта экалагiчна i даволi практычна. Такi дом у Мiнску ўвядуць у эксплуатацыю ў другiм квартале бягучага года.

— Ацяпленне, прыгатаванне ежы i гарачае водазабеспячэнне ў iм будзе ажыццяўляцца з выкарыстаннем электраэнергii, — адзначыў намеснiк старшынi камiтэта будаўнiцтва i iнвестыцый Мiнгарвыканкама Дзянiс Нiкiцiн. — Дом узводзiцца ў Маскоўскiм раёне, у iм 150 кватэр.

У сталiцы актыўна развiваецца будаўнiцтва арэнднага жылля. Цяпер узводзяць два такiх дамы. Адзiн з iх паступiць у эксплуатацыю ў сакавiку. Гэта 244 кватэры.

Летась у Мiнску ўвялi ў эксплуатацыю 62 аб’екты жыллёвага будаўнiцтва агульнай плошчай 700 000 квадратных метраў. Гэта каля 11 000 кватэр. З iх з дзяржаўнай падтрымкай пабудавалi 130 000 квадратных метраў. Кастрычнiцкi раён стаў лiдарам па колькасцi ўведзеных новабудоўляў.

Найбольш маштабнае будаўнiцтва ў сталіцы iдзе ў Кастрычнiцкiм, Маскоўскiм i Цэнтральным раёнах.

— Будаўнiцтва жылля ажыццяўляецца як у iндывiдуальным выкананнi, так i ў буйнапанэльным домабудаваннi (БПД), — падкрэслiў Дзянiс Нiкiцiн. — Так, летась у канструкцыях БПД пабудавана каля 200 000 квадратных метраў, а ў iндывiдуальным — каля 500 000 квадратных метраў.

Адзiн з прыярытэтаў у жыллёвым будаўнiцтве — забеспячэнне жыллём шматдзетных. Летась больш за 4000 такiх сем’яў накiравалi на паляпшэнне жыллёвых умоў. Навасельцамi сталi 1600 сем’яў. Сярэднi кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай у Мiнску — каля 1200 рублёў.

Сёння ў сталiцы ў стадыi будаўнiцтва 147 шматкватэрных жылых дамоў агульнай плошчай каля 1,7 мiльёна квадратных метраў. Найбольш маштабнае будаўнiцтва iдзе ў Кастрычнiцкiм, Маскоўскiм i Цэнтральным раёнах. Сёлета ўвядуць у эксплуатацыю 53 жылых дамоў агульнай плошчай 600 000 квадратных метраў, з iх з дзяржпадтрымкай — 124 000 квадратных метраў. Тым не менш не варта забываць: у Мiнску скарачаюць жыллёвае будаўнiцтва, iдзе пераарыентацыя на гарады-спадарожнiкi.

— Пачата асваенне квартала № 2 у Смалявiчах. На тэрыторыi прадугледжана будаўнiцтва 19 шматкватэрных дамоў, двух дзiцячых садкоў, школы i будынка службы ЖКГ, а таксама iнжынерна-транспартнай iнфраструктуры. Летась ужо ўведзены ў эксплуатацыю адзiн жылы дом на 192 кватэры, — нагадаў Дзянiс Нiкiцiн.

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter