Посмотрели, как выглядит новейший Центр управления воздушным движением, который заработал в стране

Неба на далонi

З поўначы 15 мая ўвесь трафiк у паветранай прасторы нашай краiны каардынуецца з новага Цэнтра кiравання паветраным рухам. Цэнтр — галоўны праект мiнулых пяцi гадоў працы ДП «Белаэранавiгацыя» i новы этап развiцця аэранавiгацыйнай сiстэмы краiны. Ён павысiць узровень аэранавiгацыйнага абслугоўвання, бяспеку палётаў i зробiць паветраную прастору Беларусi яшчэ больш прывабнай для сусветных авiякампанiй. На ўрачыстым адкрыццi новага цэнтра быў i наш карэспандэнт.

Пад адным дахам Цэнтра кiравання паветраным рухам — 15 структурных адзiнак, усяго каля 500 чалавек.
ФОТА АЛЯКСЕЯ МАЦЮШ

Знакавая падзея

Перарэзалi сiмвалiчную чырвоную стужку намеснiк Прэм’ер-мiнiстра Анатоль Сiвак, мiнiстр транспарту i камунiкацый Аляксей Аўраменка, дырэктар Дэпартамента па авiяцыi Мiнтранспарту Арцём Сiкорскi i генеральны дырэктар РУП па аэранавiгацыйным абслугоўваннi паветранага руху ДП «Белаэранавiгацыя» Леанiд Чура.

Намеснiк Прэм’ер-мiнiстра Анатоль СIВАК: «Пачатак працы цэнтра — iнвестыцыi ў бяспеку, а таксама выхад на больш сучасны ўзровень тэхнiчных сродкаў».
Фота Аляксея Мацюша

Намеснiк Прэм’ер-мiнiстра Анатоль Сiвак павiншаваў калектыў i кiраўнiцтва прадпрыемства з адкрыццём цэнтра, а таксама з 25-гадовым юбiлеем:

— Знакавая падзея для ўсёй авiяцыйнай галiны нашай краi­ны. Пачатак працы цэнтра — iн­вестыцыi ў бяспеку, а таксама выхад на больш сучасны ўзровень тэхнiчных сродкаў. Будаўнiцтвам гэтага аб’екта Мiнiстэрства тран­спарту i камунiкацый пад­крэс­лiвае тую працу, якую яно робiць пры рэалiзацыi мiж­народных пагадненняў у галiне авiяцыйнага транспарту.

Цэнтр кiравання паветраным рухам — галоўны праект апошнiх пяцi гадоў працы «Белаэранавiгацыя» i новы этап у развiццi аэранавiгацыйнай сiстэмы краiны.
ФотА Віталя Піваварчыка

Сапраўдны хай-тэк

Першы камень у падмурак цэнтра заклалi ў вераснi 2016 года.
Цэнтр кiравання паветраным рухам размяшчаецца ў мiнскiм мiкрараёне Сокал. Першы камень у падмурак цэнтра заклалi ў вераснi 2016 года. Адкрыццё мiнскага цэнтра — значная падзея не толькi для авiятараў, але i краiны ў цэлым. Акрамя ўзвядзення самога будынка i яго вельмi складанага тэхнiчнага напаўнення, неабходна было выканаць мноства дадатковых задач. Арганiзаваць цеснае ўзаемадзеянне з органамi i службамi, якiя ўдзельнiчаюць у забеспячэннi палётаў, у тым лiку дзяржаў-суседзяў, мадэрнiзаваць тэхнiчныя сродкi аўтаматызаванай сiстэмы кiравання паветраным рухам, а таксама забяспечыць прафесiйную падрыхтоўку персаналу.

Iдзём па калiдорах цэнтра. Пад адным дахам — 15 структурных адзiнак, усяго каля 500 чалавек. Дыспетчарскi трэнажорны модуль павышае пра­фесiйную падрыхтоўку авiяцыйнага персаналу. Мо­дуль базiруецца ў дзвюх паасобных залах: дыспетчарскай i пiлотаў-аператараў. Ролю пiлотаў выконваюць вопытныя дыспетчары. Усе перагаворы на англiйскай мове.

Сумесная група планi­равання ўкамплек­тавана спецыялiстамi ДП «Белаэра­навiгацыя» i вайскоўцамi. Гэтыя людзi каардынуюць выкарыстанне нашай паветранай прасторы. Таксама разглядаюць заяўкi на паветраны транзiт праз нашу краiну каля 1500 авiякампанiй са ста краiн свету.

Структурна паветраная прастора нашай краiны падзелена на дзевяць сектараў. Максiмальная загрузка кожнага — да 40 паветраных суднаў у гадзiну.

Цэнтр пошуку i ратавання цесна супрацоўнiчае з МНС. У выпадку магчымай авiякатастрофы яны разам каардынуюць сiлы i сродкi, якiя задзейнiчаны ў пошукава-выратавальных аперацыях.

Сэрца цэнтра — зала кiра­вання паветраным ру­хам. На плошчы ў 600 квадрат­ных метраў працуюць дзясяткi дыспетчараў. Мена­вiта тут сабрана ўсё кiраван­не паветраным рухам. Арганi­зацыя працоўных месцаў дыспетчараў на высокiм узроўнi. Разумны пульт — звыштэхналагiчнае i зручнае працоўнае месца. Сэнсарныя дапаможныя планшэты, можна рэгуляваць стальнiцу i манiторы, як каму зручна, iндывiдуальнае падсвечванне наладжваецца па цяпле i iнтэнсiўнасцi. Для супра­цоўнiкаў абсталяваны прасторнае кафэ, пакоi адпачынку i псiхалагiчнай разгрузкi. У цэнтры павышаныя меры бяспекi: асаблiвыя прапускныя ўмовы з кантролем доступу, падвойная агароджа па перыметры, датчыкi пранiкнення, iнтэлектуальная сiстэма вiдэа­назiрання.

Перадавое абсталяванне цэнтра дазволiць павялiчыць прапускную здольнасць нашай паветранай прасторы ў тры разы. Гэта важкi зачын з перспектывай на 15—20 гадоў. 

Сэрца цэнтра — зала кiравання паветраным рухам. На плошчы ў 600 квадратных метраў працуюць дзясяткi дыспетчараў.
  Фота Юрыя Мазалеўскага

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter