Белорусская писательница Наталья Батракова лидирует среди современных прозаиков по количеству проданных книг

«Мне муж выдавецтва не купляў, i бiблiятэкарам я не прыплачваю»

Таленавітая,  адкрытая да размовы, прыемная і неардынарная асоба. Аўтар папулярных раманаў-дылогій «Территория души», «Площадь согласия» і «Миг бесконечности». Зусім нядаўна выйшла заключная частка «Мига бесконечности», а ўжо прыйшлося друкаваць другі тыраж. Шэсць тысяч асобнікаў — лічба прыстойная, калі не сказаць завоблачная для мастацкай прозы Беларусі. Чым творца палоніць чытачоў, якімі інтрыгамі і вобразамі кранае патаемныя іх струны? «Сельская газета» пастукалася на кухню да пісьменніцы, калі тая круціла слоікі з агуркамі. Зараз кнігі Наталлі Батраковай друкуюцца выключна ў Беларусі, іх можна набыць у крамах «Белкніга» і прыватных шапіках. У бібліятэках выстройваюцца чэргі,а фармуляры спісаныя ўдоўж і ўпоперак. Гэта, бадай, і ёсць найлепшае прызнанне, якое прыходзіць і праз сустрэчы пісьменніцы з аўдыторыяй. Яна прыязджае ў самыя далёкія куточкі Беларусі. Для маленькіх гарадоў гэта сапраўднае свята. Людзі адчуваюць сябе шчаслівымі, кажуць, што за год да іх першы пісьменнік прыехаў — і адразу Батракова.



— Прызначыць сустрэчу проста. Бібліятэкары тэлефануюць у выдавецтва, узгадняюць, а я ніколі не адмаўляю, галоўнае, каб па графіку супадала. Пераканана, што пісьменніку неабходна сустракацца з чытачамі, прычым выключна са сваімі. Заўсёды прашу: не наганяйце народ, хай прыйдуць тыя, каму гэта сапраўды цікава. Асаблівай цеплынёй адрозніваюцца маленькія гарады, там усё іначай. Я ж сама правінцыялка, родам з Бялыніч, і яскрава адчуваю непадробную гасціннасць і ўважлівасць глыбінкі. Мінае 2—2,5 гадзіны, дырэктар выдавецтва падае знакі, што час спыняць бяседу. А ўсе слухаюць — і я расказваю. Уручылі кветкі, развіталіся, азіраюся — усе сядзяць, як зачараваныя. Усё, кажу, да наступнай сустрэчы, тады пачынаюць смяяцца. Беларускі чытач — вельмі тактоўны, інтэлігентны, недакучлівы. Я яго вельмі люблю, — не хавае пачуццяў Наталля Батракова.

Ясна, што ў любога паспяховага чалавека ёсць прыхільнікі і нядобразычліўцы. Калі пісьменніцу пачалі друкаваць у Маскве, пра яе з’явіліся розныя плёткі. Маўляў, муж выдавецтва купіў, таму такія тыражы вялікія. Яшчэ адна з небыліц: Наталля прыплачвае бібліятэкарам за рэкламу. Зайздрасць — нават добра, гэта сведчыць пра нераўнадушша да асобы і яе творчасці. «Не было б Батраковай, чыталі б нас», — гучна заяўляюць некаторыя геніі, але да гэтага часу здзьмухваюць пыл са сваіх кніг, якія сіратліва маркоцяцца на паліцах. Тым часам працягу раманаў Батраковай людзі чакаюць з нецярпеннем.

— Як стаць паспяховым? — задаю пытанне, якое занадта муляе многіх сучасных паэтаў і празаікаў. Як аказалася, усё геніяльнае проста.

— Пісаць трэба, дбаючы пра чытача, ставіць сябе на яго месца. Задумайцеся, ці захацелі б прачытаць сваю кнігу, пражыць паралельнае жыццё, якое ў ёй пададзена. Нельга, пішучы, любавацца сабой як пісьменнікам, сваёй круцізной. Тэкст павінен быць цікавы, немудрагелісты, прыцягальны — у тым і сакрэт. Гэта аднолькава адносіцца да прозы і паэзіі. Але паэзія — рэч спецыфічная. Можна ўспомніць перыяды, калі яна была моднай, напрыклад, 1960-я гады — эпоха Еўтушэнкі, Раждзественскага, Вазнясенскага. Зараз, на жаль, шэраг яе прыхільнікаў абмежаваны. Мае паэтычныя кнігі купляюць, але хутчэй як прычапны вагон да прозы, бо вытрымкі вершаў ёсць у раманах, нехта з маіх герояў абавязкова піша.

Наталля Батракова жыве па Бібліі, а дакладней, па прынцыпе: не ствары сабе куміра. Любімых пісьменнікаў, як і кніг, не вылучае, аднак некаторых ухваляе. Па-за канкурэнцыяй для Батраковай Тамара Лісіцкая, яе раман «Идиотки» Наталля чытала ў рукапісе.

— У Томы хлёсткая мова, як і яна сама. Словы яе, эпітэты — поўныя драйву. Час ад часу мяне просяць пачытаць рукапісы аўтары, якія толькі пачынаюць. Удзячна, што Віктар Марціновіч калісьці даверыў сваё «Озеро радости». Хоць фэнтэзі — не мой любімы жанр, я захапілася творам гукарэжысёра і спевака Віталя Радчанкі, нават хачу спытаць, ці будзе працяг. Дарэчы, грошы на выданне першай кнігі ён сабраў на краўдфандынгавай пляцоўцы. З перспектыўных празаікаў — Ігар Палякоў. Пакуль ён вядомы кнігамі «Пространства» і «Мистичковая история», хацелася б паглядзець, як аўтар развіваецца.

Наталля Батракова заўсёды бачыць сэнс у развіцці. Ад кнігі да кнігі яна сабе паставіла задачу ўздымаць планку, выпрацоўваць прафесіяналізм, вучыцца славеснасці. «Я ўсё-ткі інжынер па спецыяльнасці», — прыкмячае топ-пісьменніца. Працавала яна ў сферы лагістыкі, а з 2000 года больш часу стала ўдзяляць творчасці і выдала паэтычны зборнік. Папулярнасць прыйшла пасля першага рамана, але Наталля доўга супраціўлялася, калі яе называлі пісьменніцай. Тактоўна выпраўляла: яна аўтар, бо вельмі строга падыходзіла да сябе. Вырасла ў сям’і, дзе любяць чытаць: мама і тата навыперадкі беглі да паштовай скрыні за тоўстымі часопісамі. І кніг дома было багата.

— Мне здавалася, што ўсе пісьменнікі — небажыхары, іх кнігі ў залатых цісненнях на верхніх паліцах. Як пасмею прылічаць сябе да іх? Толькі пасля таго як разышлося сем тысяч асобнікаў «Мига бесконечности», я зразумела, што ў мяне нешта атрымалася, і раз так называюць — не буду выпраўляць.

Запрыкмеціў пісьменніцкі дар у дзяўчынкі траюрадны дзядзька-журналіст. Прыязджаючы ў водпуск, ён заўсёды чытаў яе школьныя сачыненні і раіў паступаць у літаратурны інстытут. Аднак мама прагаласавала за сініцу ў руцэ і настаяла рэалізаваць матэматычныя здольнасці, якія нароўні з філалогіяй у Наталлі былі выдатнымі.

Як сцежку ні муруй — парасткі праб’юцца. Наталля Батракова не ўяўляе сябе без кніг, і галоўнае — яны многім патрэбныя. «Інакш я б іншым занялася, напрыклад, ландшафтным дызайнам, у мяне 200 кустоў руж», — раскрывае хобi пісьменніца. Летам яна стараецца адпачываць ад пісаніны і сустрэч, аднак без гэтага не абыходзіцца, да таго ж творца ўладкаваны так, што адно паўшар’е заўсёды прадумвае сюжэт.

— Восенню як прыклеюся да камп’ютара — толькі на фестываль і магу адлучыцца. Першая кніга пішацца хутка і лёгка, кожная наступная займае больш часу, — пасвячае ў падрабязнасці Наталля.

— Вашы героі і сюжэты — прыдумка ці праўда?

— З большага — прыдумка, хоць другі план бывае з жыцця. У адной з кніг сяброўка гераіні дыджэй Ірка Палуцкая, яе прататып — Тома Лісіцкая. Добрыя сябры з Германіі, якія кансультавалі мяне па нямецкай частцы рамана, згадзіліся быць не толькі правобразамі, але і імёны захацелі захаваць, так і засталіся ў кнізе Робертам і Аксанай.

— Магніт Сусвету працуе. Дар’я Данцова ў тэлеперадачы расказвала, што прыдумкі, якія яна накладае на рэальныя прататыпы, спраўджваюцца.

— І я сутыкнулася з такім выпадкам. У рамане «Территория души» частка прысвечана Кіеву, гэты горад для мяне не чужы. Часта там з мужам бывалі і заўсёды прыпыняліся ў адной і той жа гасцініцы, дзе ўвесь час былі вольныя месцы, тым больш люксы і паўлюксы. А ў рамане напісала, што месцаў зусім не засталося, бо адначасова праходзяць тры міжнародныя канферэнцыі. Кніга выйшла і жыла сваім жыццём. Зноў прыехаўшы ў Кіеў, па звычцы зайшла на рэсэпшэн, але пачула, што няма ніводнага вольнага нумара, заняты нават люксы і паўлюксы, бо адначасова праходзяць тры канферэнцыі. Я ўсвядоміла і рассмяялася.

Выпадковасць гэта ці праекцыя космасу — невядома. А што кнігі мяняюць светапогляд людзей — дакладна. На адной з сустрэч чытачка расказала: доўга не магла адважыцца на складаную аперацыю, ляжала ў бальніцы і чытала раманы Батраковай. Захапілася шчырым, палкім, летуценным каханнем герояў і папрасіла доктара хутчэй рабіць аперацыю, каб паспець яшчэ закахацца.

— Як прымаеце крытыку ў свой адрас?

— З прадуктыўнай крытыкай, па шчырасці, не сутыкалася. Бывае, што мэта чалавека — не разгледзець твор, а выліць цэбар бруду. Думаю, крытык — гэта нерэалізаваны аўтар. Ужо гадоў сем пад матэрыяламі пра сябе не чытаю каментарыяў, шкада на гэта губляць час.

— Не крыўдуеце, што вашага стылю раманы называюць жаночымі?

— Для некага гэта здаецца прыніжальным. Але ў любым выпадку, калі піша раман жанчына, падзеі будуць падавацца праз жаночую прызму, ад прыроды нікуды не дзецца. Адзінае: складана выпісваць мужчынскія вобразы, тады пытаюся парады ў мужчын. Я перфекцыяністка па натуры.

Язык да Кіева давядзе, а раманы Наталлю давялі да Кітая. Яна заключыла кантракт з кітайскім выдаўцом, які знайшоў яе праз беларускае консульства ў Шанхаі. Перакладчык завяршае працу над першай кнігай «Мига бесконечности», выйдуць электронная і папяровая версіі па-кітайску. У Паднябеснай цяпер кніжны бум, таму шукаюць па свеце запатрабаваныя творы.

У беларускім пісьменніцкім асяроддзі, як граніт, зацвярдзела ісціна: на кнігах не заробіш, а хочаш выдавацца — плаці. Наталля Батракова аспрэчвае гэты факт, ніводнага рамана яна не выдала платна, больш за тое — зарабляе на іх.

— Але гэта не адразу, трэба заслужыць імя. Да таго ж пісьменнік — гэта не прафесія, яна не значыцца ні ў адным рэестры. Лепш мець запасны аэрадром, спецыяльнасць, якая будзе карміць, пакуль прыйдзе прызнанне, — павучае лідар празаікаў.

— Верагодна, у Расіі рынак больш лаяльны да пісьменнікаў? Белетрыстыка ў некаторых выдавецтвах выходзіць шалёнымі тыражамі.

— Там таксама рэалізаваць сябе складана. Добра знаёмая з Лорай Званаровай — сакратаром Саюза пісьменнікаў Масквы, яна пісала прадмову да майго вершаванага зборніка «Экстрасистолы любви». Гуляем з ёй неяк па Маскве, а я скарджуся, што ў Беларусі пісьменніку рэалізаваць сябе цяжка. «Дзе лёгка? — запярэчыла яна. — Масква па велічыні, як Беларусь. На гэтым скрыжаванні, напрыклад, чакаюць светлафора як мінімум дзевяць патэнцыяльных пісьменнікаў, якія пішуць, мараць выдавацца, зарабляць грошы і стаць вядомымі». Але дасягаюць задуманага адзінкі.

Прынамсі, Наталля Батракова ўсім перашкодам на зло даказала, што беларуская літаратура можа быць запатрабаванай. Не так даўно ўступіла ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, каб на міжнародных форумах прадстаўляць не толькі сябе, але і ўсю краіну. Акрамя новых кніг і вострых сюжэтаў, яшчэ адну цікавую місію бачыць для сябе майстрыца слова — дапамагаць аўтарам, якія яшчэ не абраслі пер’ем:

— Лічу сябе шчасліўчыкам у творчым сэнсе, сустрэла многа добрых людзей, пачынаючы ад першага выдавецтва. Таму таксама абавязана дапамагчы тым, хто пачынае. Бальшыня пісьменнікаў вельмі сарамлівыя. Па сабе ведаю: за некага магу стаяць гарой, наконт сябе змаўчу. Любая творчасць — агаленне душы, і калі душу гэтую топчуць — вельмі балюча.

Алена БАСІКІРСКАЯ, «СГ»



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter