Митрополит Минский и Заславский Вениамин: «Залог существования нашего общества – делать добро»

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін: «Залог існавання нашага грамадства – рабіць дабро»

Сёлета ўпершыню ў гісторыі Беларускую праваслаўную царкву ўзначаліў беларус. Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім прызначаны епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі ВЕНІЯМІН. Нарадзіўся ён (Віталь Іванавіч Тупека)

16 верасня 1968 года ў Лунінцы. Там закончыў сярэднюю школу. Настаўніца хіміі Таццяна Васільеўна Казлова адзначае, што гэта адзін з лепшых яе выхаванцаў. У вучобе і паводзінах быў прыкладам для іншых.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Віталь Тупека папяхова здаў уступныя экзамены і паступіў на факультэт радыёфізікі і электронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаўшы дыплом інжынера-радыёфізіка, паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. На трэцім курсе падаў прашэнне і быў прыняты ў лік братыі Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра, дзе быў паголены ў манаства з імем Веніямін у гонар свяшчэннамучаніка Веніяміна, мітрапаліта Петраградскага і Гдоўскага. Закончыў і Мінскую духоўную акадэмію з вучонай ступенню кандыдата багаслоўя. Прызначаўся благачынным Жыровіцкай абіцелі, намеснікам Свята-Благавешчанскага Лядзенскага мужчынскага манастыра. У саставе дэлегацыі Мінскай епархіі прымаў удзел у Памесным Саборы Рускай праваслаўнай царквы.

Свяцейшым патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам Веніямін нарачоны епіскапам Барысаўскім, цяпер Праасвяшчэнным Барысаўскім і Мар’інагорскім вікарыем Мінскай епархіі. Быў кіраўніком Выдавецкага савета Беларускай праваслаўнай царквы і намеснікам старшыні Царкоўнага суда Беларускага экзархата. Узначальваў Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі.

За заслугі перад Беларускай праваслаўнай царквой узнагароджаны ордэнамі святога Кірылы Тураўскага ІІ ступені і Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай. За ўклад у духоўнае выхаванне вернікаў і зберажэнне нацыянальных культурных традыцый адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

ФотА  БЕЛТА

Сёння Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін — госць нашай рэдакцыі.

— Ваша Высокапраасвяшчэнства, дазвольце павіншаваць Вас з такім высокім прызначэннем і пацікавіцца, як пачынаўся ваш шлях да Бога?

— Хачу адзначыць, што ў манахаў ёсць святое правіла і яго прытрымліваюся: не ўзгадваць тое, што было ў свецкім жыцці. Да пострыгу быў Віталь, а ў 1994 годзе стаў Веніямінам.

Паслушанне праходзіў у Жыровіцкім манастыры, куды перайшоў пасля другога курса духоўнай семінарыі. Пасля заканчэння яе паступіў у духоўную акадэмію. Манаства — жыццё, прысвечанае Богу. Так яно павінна быць, але не заўсёды атрымліваецца, як хочам. Служыў у Жыровіцкім храме, а потым пераехаў у Лядскі мужчынскі Благавешчанскі манастыр. Быў пастаўлены ігуменам.

— Сусветнавядомы вучоны Блез Паскаль раіў сябру памнажаць веру змяншэннем грахоў, а не павелічэннем доказаў. А што вы параіце?

— Пачынаць з духоўнага выхавання дзяцей. Людзям старэйшага пакалення расказваць больш пра духоўныя святы, каб была зразумелай сутнасць іх і ў чалавека ўзнікала абуджэнне: як належыць жыць у адпаведнасці з біблейскімі запаветамі. Звычайна разуменне свята зводзіцца, што, напрыклад, Хрышчэнне — асвячэнне вадзіцы і не болей, а Праабражэнне Гасподне — асвячэнне садавіны. Важна ведаць сутнасць самой падзеі, якой прысвечана свята. Як яна суадносіцца з нашым жыццём. У сферы культуры і адукацыі не забываць даваць людзям духоўную складаемую, больш удзяляць увагі душы. І канешне, не забываць шлях да храма. Вернікам часцей прычашчацца.

Зараз, калі пачаўся Піліпаўскі пост, варта памятаць, што гэта сродак уціхамірвання свайго цела ў справе ачышчэння душы ад грахоў, шлях да выратавання. Без малітвы і пакаяння пост становіцца ўсяго толькі дыетай. Сорак дзён — адмысловы перыяд у жыцці вернікаў, калі адбываецца падрыхтоўка да свята ў фізічным і духоўным сэнсе. Нашы продкі насычалі гэтыя зімовыя дні добрымі справамі. Рабіць дабро — залог існавання грамадства. Святы Мікалай Сербскі адзначаў: калі б малады чалавек спытаў яго, як уратаваць сваю душу, ён параіў бы дапамагаць хаця б аднаму няшчаснаму чалавеку.

— У школах раней выкладаліся духоўныя дысцыпліны. Дзе параіце дзецям спасцігаць гэтыя веды?

— Пры многіх храмах Беларусі дзейнічаюць нядзельныя праваслаўныя дзіцячыя школы. Там дзецям расказваюць пра асновы праваслаўя, знаёмяць з жыціямі беларускіх святых. І ў агульнаадукацыйных школах варта знаёміць навучэнцаў з такімі светлымі асобамі, як Еўфрасіння Полацкая. Не проста ўзгадваць, а расказваць, чым павучальны яе прыклад жыцця. Многія маладыя людзі не задумваюцца над сваімі дзеяннямі, а прападобная Еўфрасіння ў 12 год прамяняла свецкае жыццё, напоўненае багаццем і раскошай, на манастырскую келлю. Там яна настолькі стала яркай асобай, што людзі звярталіся да яе за парадамі, за назіданнем, прасілі прымірэння, падтрымкі. Яна ж перапісвала кнігі са словам Божым і дарыла людзям дзеля асветы. Яна навучала грамаце. Асветніцкая дзейнасць яшчэ больш яе ўзвысіла і наблізіла да святасці.

Шмат цікавага можна распавядаць пра слыннага царкоўнага дзеяча, епіскапа, аўтара вядомых царкоўна-асветніцкіх і царкоўна-літаратурных твораў Кірылу Тураўскага. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе», у якім занатавана, што «Гэты шчасны Кірыла нарадзіўся ў гора­дзе Тураве. Сын заможных бацькоў, ён не любіў багацця і тленнай славы гэтага свету, але добра напрактыкаваўся ў Святых Пісаннях». Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з манастыроў.

Кірыла Тураўскі лічыў, што інтэлектуальная і духоўная праца — шлях да маральнага ўдасканалення асобы. Менавіта веды найбольш стрымліваюць чалавека ад злых учынкаў, адводзяць ад граху.

Ва ўсе часы нараджаліся людзі, адзначаныя асаблівай святасцю і праведным ладам жыцця. У гады савецкіх ганенняў на царкву гэтыя спадвіжнікі веры, як Гасподнія промні свету, давалі надзею на выратаванне. Да ліку іх можна аднесці і Валянціну Мінскую, зямны шлях якой спыніўся паўстагоддзе таму. У дзяцінстве яна каля вясковай царквы, дзе святаром служыў яе бацька, у канцы ХІХ стагоддзя пасадзіла ёлачку. Па волі Боскай дрэўца вырасла, і яго шаты прынялі форму крыжа. Дзяўчынка любіла царкоўныя службы і малітву. Жыццё яе не песціла. Аўдавелая, яна прыняла крыж хваробы і малітвеннага служэння Госпаду ў цяжкі для Праваслаўнай царквы час. Яе жыццё — прыклад пакорлівасці Боскай волі, спакойна прымаць усе выпрабаванні, якія пасылаюцца Збавіцелем.

Цікавыя лёсы ў святых лю­дзей зямлі беларускай — Макарыя Брэсцкага, Афанасія Пінскага і іншых. Іх жыццё моцна пераплецена з нашай гісторыяй. Калі гаворым пра Францыска (Георгія) Скарыну, то важна адзначыць, што ён не проста першы кнігадрукавальнік. Ён выдаў, па-першае, менавіта Біблію, а не якую іншую кнігу. Важна і тое, на якой мове яна была надрукавана. Распавядаючы пра гэтых духоўных асоб зямлі беларускай, адзначаем вялікую духоўнасць продкаў, традыцыі народа, культурную спадчыну. Лічу, што ў школьных праграмах павінна быць удзелена месца гэтым асобам. Вывучаючы нацыянальную гісторыю, маладыя людзі робяць для сябе вывады, арыентуюцца на маральныя ідэалы. Важна, каб кожны школьны прадмет выхоўваў у навучэнцаў любоў да роднай культуры і традыцый. Нават фізіка і матэматыка, калі іх з любоўю выкладаць, нясуць духоўнасць. Усё ў свеце гарманічна пераплецена і мудра. Важна ўмець адчуваць. Гэта і ёсць пачуццё веры.

— Як можна вызначыць адданасць веры, каб быць упэўненым у сабе, што ты з Богам?

— Нашы ацэнкі могуць быць далёкімі ад ісціны. Апостал Павел адзначаў, што суддзя нам Бог. І ўсё ж часткова варта давярацца сваім ацэнкам. Сваё жыццё кожны павінен звяраць з евангельскім вучэннем, атрыманым у спадчыну ад Хрыста, які адзначаў: «Хто любіць мяне, той і запаветы выконвае». Любоў і вера ў Бога дае магчымасць выконваць іх. Калі ж гэта не робім ці часткова выконваем, то адхіляемся ад шчырай веры.

— Ад дзесяці асноўных Біблейскіх запаветаў?

— У Нагорнай пропаведзі ў Евангеллі ад Матфея больш шырока трактуюцца яны. Не забі — нават калі чалавек гневаецца на іншага, то парушае запавет. І так па кожнаму запавету трактуюцца ўдакладненні.

— Як гасіць у сабе парасткі грахоўнасці?

— Існуе навука пра духоўнае ўдасканальванне, як пераадольваць такія схільнасці і ўмацоўвацца ў дабрачыннасці. У творах святых айцоў распавядаецца, як пераадольваць смутак, змагацца з маркотай, утрымлівацца ад пераядання, засцерагацца залішняй крыўды. Многаму можна павучыцца з пісьмаў-настаўленняў вядомага старца Паісія Афонскага.

— А калі з-за занятасці няма часу зазірнуць у кнігі?

— Так як знаходзім час, каб падсілкавацца ці паспаць, варта знаходзіць час, каб поўніць душу духоўнай ежай, без якой яна памірае. Чалавек можа жыць, весяліцца і радавацца, а душа ад грахоў можа быць памерлай ці далёкай ад выратавання. Што замінае хлебаробу раніцай павітаць малітвай новы дзень, увечары зазірнуць у Евангелле. Калі душа далучаецца да Бога, яна адпачывае і праз малітву. Гасподзь нас настаўляе, суцяшае. У час працы можна кароткія малітвы прамаўляць: «Даруй мне, Божа», «Найсвяцейшая Багародзіца, выратуй нас!». Яны асвяшчаюць старанне і вынік працы. З малітвай ураджай бласлаўлёны, колас шчодры. Для хлебаробаў напісана спецыяльная кніга «Ураджай расці з малітвай».

— Прыемна адзначаць вяртанне грамадства да духоўных вытокаў. Незадоўга да абвяшчэння незалежнасці рэспублікі быў утвораны Беларускі экзархат. Гэта ажывіла царкоўнае жыццё. Што сёння сабой уяўляе экзархат і якія яго перспектывы ?

— Экзархат — вялікая царкоўная структура, якая аб’ядноўвае больш як 1800 праваслаўных прыходаў на тэрыторыі Беларусі. І прыкладна столькі ж у нас святароў. У Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях дзейнічае па дзве епархіі, на Гродзеншчыне — тры епархіі і ў сталічным рэгіёне — чатыры. Усяго 15 епархій. Яны так створаны, каб архірэй мог найбольш эфектыўна кіраваць прыходамі на адпаведнай мясцовасці, часцей наведваць прыходы, ладзіць там богаслужэнні.

Уладыка Філарэт пачынаў богаслужэнне на Беларусі, калі ў рэспубліцы было крыху больш за 300 прыходаў. Зараз іх у шэсць разоў больш. Адпаведна, калі раней задача архірэяў заключалася ў правядзенні набажэнстваў, то зараз больш увагі надаецца адукацыі, наладжванню кантактаў са школамі. У Праваслаўнай царквы добрыя стасункі з СМІ. Праводзіцца шмат мерапрыемстваў з моладдзю. У апошнія дзесяцігоддзі актывізавалася місіянерства. Выязджаем да людзей, што пазбаўлены волі, праводзім сустрэчы з армейцамі. Спектр дзейнасці значна пашырыўся.

— Як адзначае Іаан Залатавуст, імя Царквы — не раздзяленне, а яднанне і згода. Якім Вам уяўляецца міжхрысціянскі і, у прыватнасці, праваслаўна-каталіцкі дыялог?

— У нас з католікамі ёсць тэмы, дзе перасякаемся: агульны клопат пра сумленне, духоўную асвету, змаганне з парокамі. Калі сустракаемся з каталіцкімі святарамі, абмяркоўваем агульныя справы. Памятаем, што наша краіна перажывала перыяды складаных міжканфесійных адносін. Даходзіла нават да канфліктаў. Пра міжканфесійныя адносіны вялася размова ў час нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам. Наша краіна перажывае нялёгкі перыяд. Складанасцей дадала сусветная пандэмія каранавіруса.

— На ваш погляд, магчымы візіт у Беларусь Папы Рымскага?

— У нашай рэспубліцы ўсталявана міжканфесійная раўнавага. Важна, каб гэта падзея не ўскалыхнула стабільнае грамадства. У гэты час не бачна такой магчымасці.

— Многія краіны, дзе надта бушуе пандэмія, уводзяць строгія меры перасцярогі. Не ўсюды грамадства іх прымае. А як Вы ставіцеся да барацьбы з гэтай навалай?

— На вялікі жаль, пакуль чалавецтва не можа перамагчы яе. Але жыццё працягваецца. У храмах не спыняюцца набажэнствы. І не пайсці на іх — паступіць насуперак сваім жаданням. Людзям старэйшага ўзросту можна раіць наведвацца на богаслужэнні, калі менш вернікаў. І абавязкова вытрымліваць парады ўрачоў. У царкве чалавек духоўна ўмацоўваецца і там арганізм мае дадатковую абарону.

— Пэўна, падчас сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы закраналася і тэма пратэстных акцый?

— Так. Мы імкнуліся меркаваць з розных бакоў, каб улічваць розныя думкі і зразумець, чаму ўзнікла такая сітуацыя ў Беларусі, як яе пераадолець і які далейшы шлях Айчыны, каб захаваць спакой, згоду, суверэнітэт. У рамках сучаснага свету кожны грамадзянін аблічаны свабодай і мае права выказваць свае думкі. Чалавек — вольная істота, створаная Богам, і ў яго ёсць розныя варыянты выказвацца. Але мы павінны асэнсоўваць, што нашы пачуцці могуць быць не заўжды правільнымі і яны нясуць якісьці эмацыянальны адпячатак: станоўчы ці адмоўны. Важна гаварыць узважана.

Абмяркоўвалі і адносіны з Расіяй і заходнімі краінамі. Час складаны. Надзвычай адказная справа — захаваць знешні баланс, каб краіна была суверэннай і надалей мела магчымасць развівацца самастойна.

— Так гістарычна склалася, што на беларускай зямлі вякамі мірна суіснуюць дзве хрысціянскія і іншыя канфесіі. Шмат шлюбаў міжканфесійных. Якой вам бачыцца перспектыва міжканфесійных зносін?

— У такіх выпадках варта паважліва адносіцца да звычаяў і традыцый іншай канфесіі, каб не закрануць іх маральныя пачуцці. Гэта адпавядае запавету Іаана Златавуста — не падзяляць, а аб’ядноўваць людзей. Такая асноўная місія хрысціянскай веры.

— Першы і галоўны запавет Гасподні заклікае: «Узлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усім разуменнем тваім» і «Узлюбі бліжняга свайго, як сам сябе». Сёння ён надзвычай злабадзённы. Якім Праваслаўная царква бачыць далейшы шлях да ўвасаблення хрысціянскіх запаветаў?

— Царкоўны запавет не можа тыражыравацца. Ён тычыцца асабіста кожнага чалавека. Калі вернік прытрымліваецца яго, важна, каб пачынаў з сябе і сачыў за думкамі і дзеяннямі. Немагчыма толькі словамі навучыць падлетка нейкім учынкам. Важна, каб чалавек бачыў побач з сабою прыклад, як варта выконваюцца запаведзі Гасподнія. Нашых продкаў адсылалі за прыкладам да пісьмовага «Жыція святых» ці спадвіжнікаў веры. Сучасны чалавек атрымлівае шмат іншай інфармацыі. Усявышняга мы павінны дзякаваць за ўсё. Свяціцель Іаан Златавуст паміраў, і яго апошнія словы былі: «Слава Богу за ўсё».

— Сярод вернікаў людзі розных прафесій. Значная частка іх працуе на зямлі. Спрадвеку сейбіт выходзіў у поле з малітвай і спадзяваннем. Месца хлеба ў доме ганаровае — на стале, пад абразамі. Па народных прыкметах вызначаецца, якім год выдасца на ўраджай. Як Праваслаўная царква адносіцца да гэтага?

— Народныя прыкметы, якія заснаваны на веданні законаў прыроды і доўгатэрміновых назіраннях і іншых працэсах, успрымаюцца карысна. А калі яны заснаваны на нейкіх памылковых думках, то гэта дзікунства і яно непрымальнае. Рэдкі прыклад: калі вам перайшлі дарогу з парожнім вядром ці перабег чорны кот. Раней людзі шчыра верылі, што нешта нядобрае іх чакае. Канешне, не мае аніякага значэння, якога колеру кот перабяжыць перад вамі. Трэба верыць не ў прыкметы, а ў Цара Нябеснага і Яму поўнасцю давярацца.

Хлебаробы найбольш настроены, каб свой позірк скіраваць да неба. У іх працы многае залежыць, як кажуць у народзе, ад нябеснай канцылярыі. Над полем парасон не ўсталюеш. Шчырая праўда, што без Бога і не да парога. Заўважана: дзе на зямлі працуюць з Богам у сэрцы, там і поспех.

— Мы шмат чуем пра трансгенныя расліны, пра генетычную інжынерыю, якая з благам тоіць у сабе нейкую патэнцыяльную небяспеку. Тут павінна быць вялікая адказнасць вучоных, сумленне іх перад Богам. Як Праваслаўная царква да гэтага ставіцца?

— Якая карысць чалавеку, калі ён займее ўвесь свет, а душы сваёй нашкодзіць? Пры прыняцці жыццёва важнага рашэння ці пры выбары перспектыўнага накірунку ў навуцы, альбо пры іншых сітуацыях трэба, каб чалавек давяраўся не толькі свайму розуму ці выконваў загады, а каб сэрцам праз малітву адчуваў: правільна паступае, ці не. Сэрца пачуе ўразуменне ад сумлення і не падвядзе.

Вучоны павінен мець даволі тонкае пачуццё асэнсавання той мяжы, да якой можна дасягаць розумам і адчуваць, дзе патрэбна спыніцца, асэнсоўваючы, што гэта і ёсць кропка, за якую нельга заходзіць.

— Часам узнікае такая сітуацыя, што не ведаеш, як паступіць, і тут прыходзіць думка: няхай усё будзе па волі Боскай.

— Так яно і павінна быць у кожнай справе сапраўднага верніка. Трэба жыць сумленнем і сэрцам: шукаць волі Боскай ва ўсіх справах і пачынаннях, а не толькі ў складаных сітуацыях і калі штосьці не ладзіцца.

— А ёсць і такая версія, што Бог дае чалавеку права выбару і ён павінен яго зрабіць самастойна.

— Несумненна, так. Іншая справа, што Бог любіць кожнага і не прымушае паступаць так, як Яму заўгодна, але рознымі жалобамі ўразумляе нас. Калі спадзяёмся на волю Гасподню, то атрымліваем лепшае для сябе. І нават калі шлях цярністы, яго варта прымаць, як угодна Цару Нябеснаму, таму што ў выніку заўжды будзе лепей.

— У часы масавага атэізму, каб адчуваць сябе хрысціянінам, трэба было здзяйсняць подзвіг. Цяпер, калі ганенняў на вернікаў няма, кожны пастаянна прызваны змагацца за чалавечую годнасць ў сабе. Як лепей гэта рабіць?

— Калі чалавек настроены вывучыць замежную мову, то знаходзіць магчымасць. Так і з тым, хто шукае шлях да Бога, абавязкова даведаецца пра сутнасць веры і яе патрабаванняў. Раю знаходзіць магчымасць і сябраваць з вернікамі, чытаць духоўныя кнігі і выконваць іх парады.

— Вучоныя спрачаюцца, ці прайшло чалавецтва ў экалагічным плане кропку невяртання. Ці здольна сучаснае асяроддзе да самаўсталявання пры дапамозе чалавека? Хочацца спадзявацца, што здольна. Вобразна кажучы, сумленне — вока Божае. А як вы лічыце?

— Кожнаму сумленне падказвае, як паступіць. Варта не заглушаць у сабе пачуццё сумлення, даваць магчымасць дзейнічаць. Гэта ж як пасаджанае дрэўца: калі яго паліваць, клапаціцца, каб прынялося і расло, то будзе плён і яно вырасце. Так і з сумленнем: калі дбаць і клапаціцца, быць уважлівым і нічога не рабіць насуперак, то яно становіцца чуллівым, праніцальным і прыносіць карысць чалавеку. Калі кожны будзе сумленна адносіцца да сябе і наваколля, усё будзе добра.

— У нашай краіне ўзводзяцца новыя храмы, у духоўных навучальных установах рыхтуюцца святары. У БДУ, дзе Вы атрымалі дыплом інжынера-радыёфізіка, дзейнічае Інстытут тэалогіі. Выхаванцы галоўнага ўніверсітэта краіны атрымліваюць як свецкую, так і тэалагічную адукацыю. Гэта ўдалае спалучэнне?

— Вельмі ўдалае. Яно ёсць у многіх еўрапейских краінах. Трэба і нам пашыраць. Гледзячы, якія навукі злучаць з духоўнасцю. Матэматыка нам нічога не гаворыць пра Бога. Але калі ўважліва ўнікаць і бачыць гармонію і дакладнасць, як усё ў свеце ўсталявана, то назіральны чалавек задумаецца над гэтым. Як гаворыцца, «уся прэмудрасць се сатварыў есі». Канешне, гуманітарныя навукі больш тычацца таго, каб верыць і гаварыць пра духоўнае. А дакладныя навукі і тэалогія, здаецца, такія і адначасова розныя. Аб’яднаць іх немагчыма. Але ж можна быць матэматыкам, фізікам, як Ісаак Ньютан, які, дзякуючы сваёй глыбокай веры, адкрыў важныя навуковыя законы.

— Вашы пажаданні чытачам газеты.

— Няхай дні Піліпаўскага посту будуць спрыяльнымі для таго, каб перагледзець свой унутраны свет, папрацаваць над тым, каб выправіць слабыя бакі. Усім ад шчырага сэрца жадаю спакою, радасці ад жыцця на больш высокім узроўні. А калектыву рэдакцыі «Сельской газеты» жадаю з выдатнымі поспехамі сустрэць 100-гадовы юбілей галоўнага аграрнага выдання Беларусі. Жывіце з Богам у сэрцы!

— Ваша Высокапраасвяшчэнства, ад імя чытачоў «Сельской газеты» дазвольце пажадаць Вам здароўя і плёну ў высакароднай справе служэння грамадству і Госпаду Богу!


subbat50@mail.ru

Фота аўтара

АД «СГ»

7 снежня наш калега Уладзімір Паўлавіч Субат адзначыць свой юбілей — яму споўніцца 70 гадоў. Сярод чытачоў «Сельской газеты» ў яго вельмі шмат паклоннікаў і сяброў, якіх ён набыў за сем гадоў працы ў выданні. Таму родны працоўны калектыў шчыра віншуе таленавітага журналіста і настаўніка з гэтай надыходзячай знамянальнай датай і зычыць мацнейшага паляшуцкага здароўя, творчага натхнення і шчаслівых дарог і багатых уражанняў у яго камандыроўках-вандроўках.

Так трымаць, дарагі дружа Уладзімір!


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter