Уникальный БА-11, легендарный БА-64, единственный БТ-7 на ходу: как на «Линии Сталина» создают копии советских бронемашин и восстанавливают танки

Легенды ў бранi

Калі забыцца на гісторыю, яна паўторыцца — жыццё не раз пацвердзіла гэта меркаванне. Некаторыя старонкі з нашага мінулага настолькі жудасныя, што памяць аб іх павінна захоўвацца вечна. Адно з месцаў, дзе з дапамогай ваенна-гістарычных рэканструкцый увесь час аднаўляюцца ўражанні і ўспаміны аб Вялікай Айчыннай вайне, — гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна». Ваенная і грамадзянская тэхніка, адзенне, абмундзіраванне і зброя — тут нібы працуе машына часу, якая пераносіць нас у 1940-я гады. Для стварэння антуражу, максімальна набліжанага да тагачаснага, на «Лініі Сталіна» пастаянна вядзецца праца па аднаўленні і вырабе «з нуля» ўзораў ваеннай тэхнікі. Карэспандэнт «Р» даведалася аб апошніх навінах.

Хутка ў гісторыка-культурным комплексе з'явіцца дакладная копія савецкага двухмеснага лёгкага бронеаўтамабіля БА-64.

Незвычайны выгляд

Некаторыя машыны вы не заўважыце на кадрах фільмаў аб вайне, яны не падобныя да звыклых танкаў і маюць незвычайны сілуэт. Да такіх можна аднесці БА-11 — цяжкі савецкі бронеаўтамабіль, узброены 45-міліметровай гарматай і двума танкавымі кулямётамі Дзегцярова. Гэта вельмі рэдкая машына — было выпушчана толькі 17 экзэмпляраў, серыйнаму іх выпуску перашкодзіла вайна, ды і перавагу аддалі гусенічнай тэхніцы. Пабудова хадавой копіі БА-11 нядаўна завяршылася на «Лініі Сталіна».


— Першыя машыны рабілі на базе армейскага грузавога аўтамабіля павышанай праходнасці ЗІС-6, а мы выкарысталі шасі ЗІЛ-157, — расказвае Аляксандр Мятла, выканаўчы дырэктар гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна». — Раму ўкарацілі, паставілі «родны», але карацейшы карданны вал і замянілі калёсы на тыя, якія больш адпавядаюць арыгінальнаму знешняму выгляду машыны. Затым пачалося стварэнне аўтамабіля па чарцяжах. Гэта быў самы прагрэсіўны на той час бронеаўтамабіль: з рацыянальнымі вугламі, якія вымушалі кулі рыкашэціць, з сур'ёзным узбраеннем.

Ваенная тэхніка чакае свайго выхаду.

Машына мае шэраг цікавых канструктыўных асаблівасцей. Так, калёсы, прымацаваныя на баках, з'яўляюцца «запаскамі», але адначасова могуць выкарыстоўвацца для пераадольвання перашкод. На корпусе мацуюцца аверолы — гусенічныя стужкі, якія можна хутка зняць ці надзець. Машына мае два камплекты руля і педалей: пры неабходнасці вадзіцель мог перасесці назад і ехаць нібы задам наперад. Экіпаж, які адстрэльваўся, прыкрывала браніраваная «морда», ды і рухавік аўто. Выкарыстоўвалі гэты трохвосны аўтамабіль у асноўным разведчыкі — вядома, што адзін БА-11 служыў у разведцы аж да 1945 года.

Рэдкая машына БА-11 здзіўляе цікавымі канструктыўнымі асаблівасцямі.

Сведкі слаўных баёў

Аматары ваеннай тэхнікі памятаюць у экспазіцыі «Лініі Сталіна» лёгкі савецкі танк БТ-7. Сёння гэты экзэмпляр узору 1935 года — адзіны ў свеце на хаду. Танк, падняты з балота пад Сянном і адноўлены, прымаў удзел у шматлікіх рэканструкцыях баёў, аднойчы адкрываў парад Перамогі ў Маскве і тройчы — у Мінску. Гэтай зімой майстры правялі яго капітальны рамонт: перабралі ўсе вінцікі і дэталі, замянілі рухавік, аднавілі ўнутраны інтэр'ер, антэну, выканалі «даваенную» афарбоўку. Для натуральнасці створаны макеты бранябойных, аскепкава-фугасных снарадаў і выраблены спецыяльныя касеты для іх укладкі. «Родны» ж рухавік танка заняў годнае месца ў экспазіцыі побач з ім.

Легендарны БТ-7 пасля капітальнага рамонту стаў як новенькі.

— Арыгінальныя авіяцыйныя рухавікі выпускалі ў СССР у 1930-х гадах, — тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч. — Спачатку на іх 100 гадзін лёталі самалёты, а пасля капітальнага рамонту яшчэ 300 гадзін ездзілі танкі.

Зараз майстры гісторыка-культурнага комплексу Аляксандр Мікалуцкі, Уладзімір Якушаў з сынамі Аляксеем і Максімам распачалі стварэнне дакладнай копіі савецкага двухмеснага лёгкага бронеаўтамабіля БА-64.

— Аўтамабілі гэтыя актыўна выкарыстоўваліся з канца 1942 года, у першую чаргу для вядзення разведкі. Выпушчана іх было каля 7000, але да нашых дзён захавалася толькі адна, у Цэнтральным музеі Узброеных сіл РФ, — расказвае Сяргей Апейкін, малодшы навуковы супрацоўнік гісторыка-культурнага комплексу. — Машына па сутнасці легендарная, прымала ўдзел у вызваленні многіх савецкіх і еўрапейскіх гарадоў. Зручная пры вядзенні ваенных дзеянняў, яна мела вельмі малы задзел для мадэрнізацыі і не знайшла прымянення ў мірным жыцці. Тут мы па чарцяжах робім дакладную копію. Адзінае адрозненне — прымяняем канструкцыйную сталь, а не бранявую. У якасці базы выкарыстаны поўнапрывадны ГАЗ-69, рухавік таксама яго.

Корпус з рацыянальнымі вугламі нахілу брані, які лепш абараняе ад куль і аскепкаў, ужо амаль гатовы. Засталося паставіць на месца вежу для кулямёта, зрабіць накрыўку на маторны адсек і бакавыя дзверцы. Большасць часу стварэння БА-64 зоймуць работы па аднаўленні інтэр'ера, вырабе люкаў, турэлі, пагонаў вежы і іншых важных дробязей. Потым застанецца загрунтаваць і пафарбаваць яго.

Інтэр'ер аднаўляецца да дробязей, створаны нават макеты снарадаў.

Пасля завяршэння работы над БА-64 майстры плануюць на базе аўстрыйскага грузавічка зрабіць нямецкі трохвосны бронеаўтамабіль.

— Трэба ж нам з некім ваяваць падчас ваенна-гістарычных рэканструкцый, — жартуюць яны.

У ангары можна вывучаць гісторыю развіцця ваеннай тэхнікі. Дарэчы, усе машыны на хаду.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter