Речное такси и скандинавское судно: можно ли заработать на водных пассажирских перевозках

Капітаны блізкага плавання

Рачныя перавозкі для нашай краіны — кірунак для развіцця цалкам відавочны: у нас больш за 20 000 рэк і 10 000 азёр. Але, як і ў любым бізнесе, тут нямала нюансаў і асаблівасцей. Сярод іх — сезоннасць і залежнасць ад надвор’я, абмяленне вадаёмаў, наяўнасць неабходнай інфраструктуры і, вядома ж, попыт. Акрамя таго, рынак рачной лагістыкі ўжо цалкам устаяўся, і на ім дамінуюць дзяржаўныя перавозчыкі. Прыватнаму бізнесу замацавацца тут больш складана: прадпрымальнікі перыядычна з’яўляюцца і знікаюць на розных маршрутах. Разам з тым больш-менш удалыя праекты ёсць. Так, у Гродне рачное таксі працуе ўжо другі год. А нядаўна ў горадзе над Нёманам з’явіўся яшчэ адзін цікавы праект, але ўжо з ухілам у гісторыю. Зараз абодва перавозчыкі аддалі швартовы і рыхтуюцца да новага сезона. Больш падрабязна пра іх бізнес даведваўся карэспандэнт «Р».


Ад далёкага прычала

У рачных перавозчыкаў свая эканоміка. Праца падпарадкавана клімату: пасажыраперавозкі адбываюцца з чэрвеня па пачатак кастрычніка, з надыходам халадоў губляючы сваю актуальнасць. Некаторыя арганізацыі сыходзяць ад індывідуальных перавозак і разглядаюць толькі калектыўныя заказы, якія імкнуцца распісаць на тыдні і нават месяцы наперад. Умоўнасцей нямала, нават для выпрабаваных гульцоў. Разам з тым з’яўляліся на рачных прасторах і прадпрымальныя прыватнікі. Праўда, ім тут замацавацца няпроста. Напрыклад, у Магілёве колькі гадоў таму прадпрымальнік змог адпрацаваць толькі адзін сезон. Зусім па-іншаму прыватнае возніцтва спрацавала ў Гродне. Рачное таксі, якое пачало працаваць у мінулым годзе, адплавала ўжо два сезоны. 

Кірыл Лаўроў, адзін з уладальнікаў таксі, расказаў, што прагулка па Нёмане доўжыцца ў сярэднім 30—40 хвілін пры хуткасці да 20 кіламетраў у гадзіну. Маршрут праходзіць ад прычала ў цэнтры Гродна да новага і Румлёўскага мастоў. Само судна выраблена ў Маскве.

— У паспяховасці сезоннай працы рачнога таксі шмат што вырашае надвор’е. А яно ў нас вельмі сварлівае і непрадказальнае. Праца ідзе толькі ў гарачыя дні, калі сярэдняя тэмпература дасягае 20 градусаў. Калі паветра халаднейшае, на катар людзі практычна не ідуць. Загрузка складае 6 чалавек. Ёсць фіксаваная цана для пар, якія хочуць плыць асобна, — 40 рублёў. Калі набіраецца кампанія ў 6 чалавек — білет каштуе 10 рублёў. У дзень можа пракаціцца каля 70 чалавек. Працуем мы з чэрвеня па верасень. 

Кірыл распавёў, што сёлета першапачаткова планавалі пачаць працу з мая. Нават змаглі атрымаць дазвол ад прадстаўнікоў мясцовай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Але потым здарыўся форс-мажор:

— Інспекцыя, ужо пасля таго як мы заплацілі за арэнду пірса і пачалі працаваць, раптам прыпыніла нашу дзейнасць — з-за нерасту. Хоць па факце мы не падпадаем пад правілы, якія тычацца маламерных судоў. У прынцыпе, іх трывогі мы разумеем. Бліжэй да канца мая прайшлі ўсе неабходныя працэдуры і атрымалі допуск. Але месяц усё роўна быў страчаны, як і распісаныя экскурсіі, дамоўленасці з тураператарамі.

Маршрут праходзіць ад прычала ў цэнтры Гродна да новага і Румлёўскага мастоў. Само судна выраблена ў Маскве.

Кірыл прызнаецца: першапачаткова турбаваўся з-за канкурэнцыі з дзяржаўным цеплаходам «Вольга Соламава». Аднак працаваць можна — у кожнага свая ніша. Загрузка воднага таксі за сезон адбывалася часткова за кошт турыстаў з Польшчы і Літвы, часткова за кошт мясцовых жыхароў — 50 на 50. 

Сярод асаблівасцей працы Кірыл звярнуў увагу і на тое, што даводзіцца хадзіць па шляху, адзначаным буямі. Калі не прытрымлівацца маршруту — рызыкуеш сесці на мель.

— Арыентавацца па знаках — яшчэ не ўсё. Патрэбны вопыт і веданне воднага шляху, каб не напароцца вінтом на камяні. Раз-пораз абураюцца і мясцовыя рыбакі. У нас горад рыбаловаў, усе ловяць ляшча, а мы ім часам перашкаджаем. Але агульную мову ў асноўным знаходзім. 

Сярод таго, што б Кірыл хацеў для свайго таксі ў пункце «выгоды» — добрае месца для спуску на ваду. Цяпер ёсць усяго адзін спуск, што належыць дзяржпрадпрыемству, якое бярэ плату за карыстанне. Між тым хацелася б, каб у межах горада быў не адзін пірс — катаць пасажыраў з пункта А ў пункт Б, а не па крузе. Па сутнасці, рачное таксі сёння — гэта звычайная прагулка па Нёмане з праглядам прыбярэжных выдатных мясцін.



— Калі надалей будзе паляпшацца інфраструктура, можна развівацца. Пакуль мой бізнес хутчэй падобны на хобі і трымаецца на асабістай ініцыятыве. Прыбытку ён прыносіць мала. Да выхаду на рэнтабельнасць таксама яшчэ далёка. Добра, што на сезон нам ёсць дзе швартавацца. Гарадскія ўлады дапамаглі з арганізацыяй зручнага месца. Нават істотна знізілі арэнду. Цяпер у месяц за месца для швартоўкі я плачу каля 75 рублёў.

Спадчына вікінгаў

Свой пірс Кірыл дзеліць з яшчэ адным прадпрымальным чалавекам. Андрэй Блажэвіч — рэканструктар. Яго хобі — асвойваць сярэднявечныя рамёствы. Суднабудаванне асабліва зацікавіла Андрэя, за паўтара года ён пабудаваў уласнае судна:

— Ладдзя, я яе назваў «Ахоўваемая багіняй», адносіцца да тыпу скандынаўскіх судоў. Сапраўдны дракар вырашыў не будаваць, каб не палохаць людзей, — аджартоўваецца мой суразмоўца, — ды і зрабіць меншы па памеры варыянт мне было фізічна прасцей: даўжыня судна — 8 метраў, а дракар быў бы ўсе 40. На борце ўмяшчаюцца 12 дарослых чалавек. Судна я будаваў паўтара года, фактычна ў адзіночку. Адначасова давялося вырашаць праблемы транспарціроўкі і захоўвання. Акрамя таго, вялікае судна нерэальна абслугоўваць у адзіночку.

Ладдзя мае даўжыню ў 8 метраў і здольная змясціць 12 чалавек.

Маршрут Андрэй намеціў уздоўж акваторыі старога горада. Вырашыў таксама не проста перавозіць жадаючых, але і адначасова арганізаваць экскурсію: распавядаў пра цікавыя гістарычныя падзеі ад ранняга Сярэднявечча да сярэдзіны ХХ стагоддзя, звязаныя з Нёманам. Не абыходзіць і гісторыі пра пабудовы ў межах берага: масты, замкі, царква і ўсё тое, што звязвае горад з воднай транспартнай артэрыяй.

Разам з тым Андрэй прыйшоў да высновы, што сёння на яго справу ёсць попыт. Улады таксама зацікаўлены, каб было больш унікальных праектаў для горада. Зараз іх супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае.

КАМПЕТЭНТНА

Анжаліка КУДЛАЦКАЯ, начальнік аддзела энергетыкі, транспарту і сувязі Гродзенскага гарвыканкама:

— Па сутнасці, мясцовыя рачныя таксі не падпадаюць пад правілы, якія распаўсюджваюцца на маламерныя судны. Але водная гладзь Нёмана не адносіцца да гарадскіх угоддзяў. За яе адказваюць абласная інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і прадпрыемства «Белводшлях». Плануецца сумесна з прадстаўнікамі гэтых структур і прыватных перавозчыкаў ужо са студзеня 2020 года пачаць падрыхтоўчы перыяд да працы воднага транспарту. Ёсць яшчэ шмат часу, каб вырашыць усе пытанні і пачаць возніцтва ў маі. 

Нашы прыватныя рачныя рамізнікі адпрацавалі ўжо другі год. Гарадскія ўлады зацікаўлены ў тым, каб яны прадастаўлялі свае паслугі. У сувязі з гэтым мы працуем над паляпшэннем рачной інфраструктуры. Актуальна гэта і для прываблівання турыстаў, бо на тэрыторыі горада дзейнічае бязвізавы рэжым. Зараз мы бачым недахоп пірсаў, стаянак. Сёлета на базе адпачынку «Прывал», якая знаходзіцца за горадам, быў зроблены яшчэ адзін пірс. Гэта можа быць апорным пунктам для рачных таксі ў наступным годзе. Таксама ў нас ёсць прадпрыемства, на базе якога сёлета пачалося будаўніцтва прычала. Яго скончаць у наступным годзе да сезона. Да наступнага сезона ў плане — павелічэнне колькасці пірсаў уздоўж ракі. 

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

Рачныя таксі:

• кошт таксі: 40 000 рублёў

• умяшчальнасць: 6 чалавек 

• у пікавы дзень выкарыстоўваць паслугу можа да 70 чалавек

• кошт квітка: 10 рублёў — індывідуальна, 40 рублёў — для пар.

• тэрмін працы: 4 месяцы

• арэнда пірса: 75 рублёў

Ладдзя:

• кошт ладдзі: 14 000 рублёў

• умяшчальнасць: 10 чалавек

• у пікавы дзень выкарыстоўваць паслугу можа да 50 чалавек

• кошт квітка: 6–8 рублёў

• тэрмін працы: 4 месяцы

• Арэнда пірса: 75 рублёў

kryzhevich@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter