Корреспондент «Сельской газеты» выступила на фестивале песни и поэзии в Молодечно

І святкуем, і шчыруем разам — талакой

Адгуляў, адгрымеў традыцыйным салютам, парадам духавых аркестраў Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, які стаў сёлета юбілейным і адбыўся ў 20 раз. На тры дні прыгожы горад ператварыўся ў культурную сталіцу краіны. Тут сабраліся самыя вядомыя артысты, паэты, кампазітары, музыканты, чые творчыя біяграфіі цесна звязаны з беларускім мастацтвам і культурай, з праслаўленнем роднай зямлі. Вітанне ўдзельнікам накіраваў Прэзідэнт, выказаўшы ўпэўненасць, што праграма форуму, прысвечанага на гэты раз Году народнага адзінства, будзе садзейнічаць умацаванню міру і згоды ў нашым грамадстве.


У праграме — музычныя конкурсы і канцэрты, выставы, спектаклі, літаратурныя праекты, дзіцячыя і моладзевыя інтэрактывы, кірмаш народных майстроў. Нязменна адзін з галоўных герояў свята — Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Карэспандэнт «СГ» таксама паўдзельнічала ва ўрачыстым адкрыцці форуму, прачытала свой верш пра беларускую мову, пабывала за кулісамі свята і ў грымёрках амфітэатра.

За час свайго існавання фестываль змяніў чатыры пляцоўкі — праводзіўся на гарадскім стадыёне, на цэнтральнай плошчы, у Палацы культуры і ў Летнім амфітэатры. Стадыён — вялікая адкрытая прастора, але пасля свята тэрыторыю доўга прыводзілі ў парадак. Наогул, вялікі амфітэатр для маладзечанцаў быў шчырай марай, і ў 2011 годзе намаганнямі дзяржавы ён пабудаваны — сучасны, асна­шчаны перадавым абсталяваннем, святло-, відэа- і гукавой апаратурай, адпавядае патрабаванням айчынных і замежных артыстаў. Плошча амфітэатра 720 «квадратаў», а гля­дзельных месцаў у ім больш за 2600.

У лабірынтах і калідорах будынка можна заблукаць, як мінімум двойчы шукала найкарацейшыя шляхі да ўваходаў і выхадаў, ды ўсё роўна ў грымёрку са сцэны трапляла не адразу. Прыехалі з калектывам Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Маладзечна задоўга да ўрачыстага адкрыцця, якое было запланавана на 21:30. Перад гэтым скрупулёзныя рэпетыцыі, на якіх удзельнікі асвойвалі новую сцэну, выпрабоўвалі мікрафоны, настройваліся маральна, акідваючы вачыма трыбуны. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што рэпетыцыя нічога не вырашае, не пазбавіць хвалявання перад сапраўдным выступленнем. На маім прыкладзе адбылося акурат наадварот. Пасля рэпетыцыі, калі ўбачыла перад сабой залу амфітэатра і без замінак прачытала верш, — упэўненасці дадалося куды больш. Зараз магла не чакаць выступлення ў хваляванні, а атрымліваць асалоду ад святочнай атмасферы, канцэртаў, якія праходзілі скрозь на пляцоўках побач з амфітэатрам. Разьбяры, мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладной галіны і іншыя творцы Міншчыны прывезлі на свята свае шэдэўры. Госці стараліся не толькі набыць іх, але і хутчэй сфатаграфавацца з імі. Мяне асабліва ўразілі ткацкія прылады, кросны, тэхніка відовішчная і старажытная.


На плошчы тым часам раздаваліся гукі зводнага духавога аркестра Міншчыны, які склалі прадстаўнікі Слуцка, Смалявіч, Вілейкі, Маладзечна, Старых Дарог — усяго 200 удзельнікаў. Практычна ўся партытура духавога аркестра — гучалі флейта, кларнет, саксафон, труба…

За кулісамі ў амфітэатры разам з аркестрам, балетам, спевакамі сабраліся ўдзельнікі конкурсу маладых выканаўцаў, які праходзіў днём. Дваццаць хлопцаў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі хваляваліся і найлепшым чынам хацелі прадставіць сябе, сваіх настаўнікаў і мясціны, адкуль прыехалі. Стаяць у прыгожых строях, рыхтуюцца да выхаду, хутка журы аб’явіць вынікі, і прафесар, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг уручыць узнагароды. Сёлета ўпершыню ў конкурсе заснаваны прыз імя Уладзіміра Мулявіна — крыштальную гітару таксама атрымае хтосьці з гэтых маладых выканаўцаў.

Ніколь Фургал з Віцебшчыны прыбегла за кулісы шчаслівая, дзяўчыне 17 гадоў. А ўжо такі поспех і прызнанне. Яна заваявала Гран-пры ў конкурсе маладых выканаўцаў, крыштальная гітара таксама дасталася ёй.

— Дзякую бацькам, сваім настаўнікам, — хвалявалася дзяўчына.

Ніколь Фургал.

За кулісамі, крыху адышоўшы ад шалёнага адрэналіну і неўтаймоўнай радасці, прызналася, што да конкурсу рыхтавалася доўга — некалькі гадоў. Сёлета Ніколь скончыла школу, марыць выступіць на «Славянскім базары ў Віцебску» і «Еўрабачанні», а таксама ператварыць вакальнае хобі ў прафесію. Галоўны сакрэт яе поспеху, лічыць Ніколь, гэта суладдзе са сваім унутраным светам. Нават апранаецца, як падказвае сэрца. Напрыклад, строі да выступлення ў Маладзечне ёй рыхтавала бабуля.

У шэрагу пераможцаў таксама Дзяніс Шуракоў з Магілёўшчыны, Ганна Цітовіч з Брэстчыны, Ангеліна Васілеўская з Мінска. Штогод Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне запальвае новыя зоркі. Самыя бліскучыя з іх, якія адзначыліся ў мінулыя гады, выступалі сёлета на сцэне. Дзмітрый Качароўскі ў 2001-м атрымаў Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў, Наталля Тамела — у 1994-м. Спявалі Галіна Грамовіч, Яўген Цымбаліст, Ягор Шаранкоў, Руслан Мусвідас, Алеся Дзяржавец і іншыя артысты, некаторыя з іх саліруюць у Нацыянальным аркестры пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. Пераважна гучалі песні на словы Уладзіміра Караткевіча і на музыку Ігара Паліводы, якім прысвячаўся вечар.

Вядучы Дзмітрый Карась, пра якога некалі рыхтавала матэрыял для «Сельской газеты», падказвае: хутка мой выхад. Паўтараем разам, як трэба з’явіцца на сцэне, праз колькі секунд загаварыць у мікрафон, каб не паспеў зайграць аркестр, і як сысці, каб хуценька пачалі выступаць іншыя артысты. Хвалявання, па сутнасці, не было, дзякуючы той жа рэпетыцыі. Адчувалася энергетыка вялізнай колькасці людзей, якія адмыслова і кампактна размясціліся на трыбунах. Карацей, на сцэне было як дома. Верш не забылася, хоць напісаны не так даўно і шматгадовы адбітак у галаве пакінуць не паспеў. Вывучыла добра, між тым з-за рыфмоўкі, якая праходзіць праз увесь тэкст, у апошнім слупку словы «хвалямі і далямі» ўсё ж пераблытала, прачытаўшы: «Узляціш жаўруком над хвалямі, // Заспяваеш высока далямі».



Так нават лепш, супакоілі мяне мэтры паэзіі. Што ж, не буду спрачацца. І тут як нельга лепш падыходзіць показка: слова не верабей… Атрымала прапанову ад салістаў Нацыянальнага акадэмічнага аркестра з імі пасупрацоўнічаць у плане тэкстаў для песень, але самым прыемным адчуваннем за ўвесь дзень было, мабыць, спусціцца са сцэны на трыбуны і назіраць за канцэртам разам з іншымі гледачамі. Пабываўшы па той бок барыкад, разумееш, што за кожным сольным ці калектыўным нумарам стаіць вялікая праца, хваляванне і старанне. Часта выступаю ў камерных аўдыторыях разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, а на такой вялікай сцэне — далёка не кожны дзень.

Амаль да апоўначы доўжылася свята, расквеціў неба каляровы феерверк. Каму хацелася працягу — заставаліся на дыскатэку пад адкрытым небам, тым больш надвор’е гэтаму спрыяла. З вялізнымі букетамі руж артысты вярнуліся ў Мінск каля другой гадзіны ночы, стомы асабліва не адчувалася, а вось добры настрой быў побач. Назаўтра паглядзелі на сябе па тэлевізары на цырымоніі адкрыцця свята, у сваім выступленні я не расчаравалася. «Беражыце родную мову, нашу моцную дзяржаву і любімую Беларусь», — звярнулася да гасцей напрыканцы выступлення. Сапраўды, толькі моцная дзяржава можа будаваць такія цудоўныя амфітэатры, гасцінна прымаць сотні артыстаў і арганізоўваць грандыёзныя відовішчы, ад якіх на душы і цяплей, і святлей.

basikirskaya@sb.by

Фото БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter