Миорчанка Елена Батарчук возрождает местные и мастерит авторские игрушки

Гліняная казка

За два дзясяткі гадоў апантаны кераміст з Міёр Алена Батарчук змайстравала не тысячы — дзясяткі тысяч сімпатычных, дасканалых, арыгінальных статуэтак, цацак, магнітаў, падставак і нават музычных птушак. Адрадзіла, напрыклад, свістульку-качку, якая захоўвалася ў мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі і знойдзена ў навакольнай вёсцы Павяцце, дзе яе вырабіў славуты кераміст Адам Кісель. А да конкурсу «Салавейка» ў Дуброўне прыдумала аўтарскую птушку, якая таксама пераліваецца пошчакамі.

ЯК САМОМУ яе сканструя­ваць, задаю пытанне. Майстрыца не губ­ляецца:

— Чытаю кнігі па традыцыйнай свістульцы, потым прыдумваю ў сваім стылі. 

Алена, колькі яе ведаю, творчая і актыўная. Для па­дзяк, грамат і дыпломаў з разнастайных фестываляў і конкурсаў трэба хутка будаваць новае памяшканне — ледзь змяшчаюцца. «Славянскі базар у Віцебску», «Яблычны Спас у Алашках», абласныя «Дажынкі», святы горада… Што лічыць? Усюды, дзе прадстаўляе сябе Міёршчына, без дбайнага кераміста не абыходзіцца. На сёлетніх абласных «Дажынках» заняў першае месца міёрскі каравай, які ўпрыгожвала арнаментам і восеньскім лісцем з салёнага цеста. Галоўныя героі на версе хлеба — гас­падар з гаспадыняй, якія дзеляць калач новага ўраджаю. Адзначыўся на «Дажынках» і міёрскі сноп — стаў трэцім.

Майстрыца згуртоўвае вакол сябе гэткіх жа 17 аднадумцаў — народны клуб майстроў «Святліца». Гэта віртуозы ў жывапісе Тамара Масленік і Фаіна Шугальская, якая да таго ж суправаджае карціны ўласнымі вершамі. Настаўніца з мясцовай школы мастацтваў Наталля Даргель адраджае з дзецьмі нацыянальную маляванку. Надзея Атопкіна вышывае, Эвеліна Грэцкая вяжа, Вольга Чарняўская, Ірына і Вольга Дзядзюра — вынаходніцы на ўсе рукі.

Алена Батарчук таксама можа штукарыць з любых падручных матэрыялаў, але найбольш «падзадорвае»… кераміка. Любоў да народных рамёстваў прынеслі гены, прыродныя схільнасці — славутай ткачыхай была бабуля. Ды і іншыя пакаленні адзначаны залатымі рукамі. Тата — умелец-самавучка, «на ты» з тэхнікай, разам з братам-зваршчыкам змайстравалі Алене ганчарны круг.

— Праўда, вялікія масы не выцягвае, бо не хапае магутнасці, але для сувеніраў — самае тое, — заводзіць станок майстрыца. — Бадай, кожная рэч — асобная ручная работа, выкарыстоўваю традыцыйны спосаб выкручвання: спачатку цэнтрую, каб камок не «ёрзаў», фармірую донца і, падтрымліваючы знутры і звонку, выцягваю сценкі.

ТЭХНАЛОГІЯ звычайная, ды каб яе адолець, патрэбна прафесійная загартоўка. З ахвотай адольвала ляпную навуку ў вучылішчы народных мастацкіх рамёстваў, удасканальвалася ва ўніверсітэце. Гравіравала майстэрства падчас работы, бадай два дзясяткі гадоў на роднай Міёршчыне наводзіць гліняную прыгажосць. Цягнецца ланцужок са школы. На гурток малявання настаўніца прыносіла дзяўчынцы гліну і даручала ляпіць копіі гумовых жывёл. Верагодна, менавіта тады будучая ўмеліца адчула ўнутраную патрэбнасць і жыццёвае натхненне. Дарэчы, яно, як паказвае практыка, у ганчарстве неабходнае.

— Ставіш перад сабой пэўную задачу, прыходзіш у майстэрню — а брацца за гэта не хочацца. Тады лепш заняцца іншым. Інтуіцыю не падманеш, і калі душа не ляжыць — нічога вартага не атрымаецца, — пераканана ганчарная каралева.

— З дзясяткаў тысяч рэчаў якая самая працаёмкая?

— Гліна — матэрыял, які не трывае доўгага захоўвання, на трэці дзень пачынае дрэнна пахнуць. І вырабы з яе ствараюцца хутка. На станку можна адразу выправіць некаторыя агрэхі, аднак часам, калі сценка, напрыклад, вельмі завужана, прасцей зрабіць новую спробу. Іншая справа, гліна доўга застывае: палову тыдня рэч сушыцца ў пакоі, затым — у спецыяльнай сушылцы, каб выпарыць рэшткі вільгаці. Абпал, афарбоўка, глазураванне і яшчэ раз абпал, бо паліва — парашок на воднай аснове, і трэба, каб гэтае шклопадобнае пакрыццё на паверхні спяклося.

Адмысловую навуку Алена Батарчук перадае дзецям, выкладае ў мясцовай школе мастацтваў. Захаванне народных традыцый для яе, бадай, тое, чым дыхае, чым жыве, на што апіраецца. Дзякуючы гэтаму так хораша выглядае. Дзякуючы гэтаму да яе цягнуцца выхаванцы і творцы-дарослыя. Выбрала прафесію па сабе, а прызнанне і аўтарытэт сябе чакаць не прымусілі.

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter