Спортсмен, милиционер, поэт и певец Кастусь Цыбульский - о том, чем запомнился День письменности в Белыничах и почему считает себя белой вороной

Гармонія верша

Чым запомніўся міліцыянеру,  паэту і спеваку Кастусю Цыбульскаму Дзень пісьменства ў Бялынічах, як ён быў белай варонай і да чаго далучаў сваю маленькую ўнучку


Харызматычны і выкшталцоны — бадай, так можна назваць таленавітага сына нашай Айчыны Кастуся ЦЫБУЛЬСКАГА. Падпалкоўнік міліцыі, 16 гадоў служыў на Случчыне ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і час гэты прыпаў на апошняе дзесяцігоддзе жыцця ў Савецкім Саюзе. Кастусь Пятровіч заўсёды аддана любіў беларускую мову, а на службе камандзіры хапаліся за галаву, што да іх у каманду прыйшоў хлопец, які гаварыў па-роднаму. І тады наш герой выказаўся адназначна: неўзабаве прыйдуць тыя часы, калі на гэтай мове можна будзе заяўляць пра сябе гучна і ўголас.

– Заўсёды быў белай варонай, выручала актыўнасць і тыя відэафільмы, якія пачаў здымаць у канцы 1980-х. У інспекцыі па справах непаўналетніх многа сюжэтаў, ад якіх цяжка было ўстрымацца. Напрыклад, дзяўчынка прыехала з Расіі паступаць ва ўніверсітэт, жыла ў цётухны, якая была завучам у школе, прыгожая, харошая, толькі 17 гадоў. Але звязалася з небяспечнай кампаніяй, тая падсадзіла яе на іголку, у выніку перадазіроўкі аказалася ў рэанімацыі і ледзь не адправілася на той свет. Дзякуй дактарам, што ратавалі. Адзін са сваіх першых фільмаў зняў менавіта пра яе.

Служба ўспамінаецца са складанасцю, але і з прыемнасцю. Ратаваў людзей з небяспечнай пасткі і не толькі. Дзесяць гадоў на Случчыне кіраваў літаратурным аб’яднаннем, ператварыў яго ў літсаюз, аддаў гэтаму краю многа здароўя і сіл. У адну кагорту сабраў паэтаў, празаікаў, артыстаў чытальніцкага жанру, спевакоў, ра­зам выступалі, выязджалі нават у сталічны Дом літаратара. У зале тым часам сядзелі класікі Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч... Случчане на сцэне выдавалі піруэты, чыталі вершы і спявалі песні. Шкада, што тады не знайшлося добрага фатографа ці відэааператара, які б засняў, як разам з мэтрамі пасля выступлення абмяркоўвалі справы і жартавалі за сталом.

У 1998-м Кастусю Цыбульскаму прапанавалі пасаду ў сталіцы — начальнікам прэс-цэнтра УУС. І з пераездам у шумны горад творчасць актывізавалася яшчэ больш. У выніку напісана каля 100 песень, пяць зборнікаў вершаў, два з якіх выйшлі з дзяржаўнай падтрымкай. А кніга «Ноч маладзіка» — у серыі часопіса «Маладосць». Пачынаў менавіта з вершаў, песенны дар адкрыўся пасля дарожна-транспартнай аварыі, дзе Кастусь Цыбульскі моцна пацярпеў. А вылечыўшыся і ўзняўшыся на ногі (хоць некаторыя прарочылі, што гэта наўрад ці ўдасца), мужчына стаў цудоўна адчуваць гармонію музыкі і мелодыку вершаў. Таму часта да сваіх твораў становіцца кампазітарам сам. Іх і спявае, а таксама яго песні ў рэпертуары гуртоў «Чысты голас», «Сябры», Мікалая Скорыкава, Нацыянальнага дзяржаўнага хору імя Цітовіча, узорнага аркестра ўнутраных войск. Кастусь Пятровіч напісаў гімны

БЕЛАЗу, МАЗу, кампаніям «Марка», «Крышталь», «Прамтэхмантаж», маторнаму заводу, дарожна-аўтамабільным інспекцыям вобласці і рэспублікі:

— Музычнай адукацыі ў мяне няма, але пасля катастрофы, якая са мной здарылася, «нахлынулі харалы», і, здаецца, як толькі пачынаю пісаць верш — тонка адчуваю яго гармонію. Наогул, мы — паэты-лірыкі — самі ствараем песенны рытм, кампазітарам лёгка яго ўлавіць, дадаць трошкі свайго, і атрымаецца цудоўная музыка. Не, я сябе не цешу і разумею, што не стану другім Лучанком, але пацвярджаю сваё сяброўства з рытмам і словам.

І пацвярджае не толькі сам аўтар, але і народная любоў. Мы добра ведаем гэтыя песні. «Пані Гражына», якую выконвае Валерый Дайнека, і падставай для яе стварэння стала рэальная гісторыя, а прататыпам — усмешлівая полька. Дарэчы, прыпеў на польскай мове. «Бацькоўскі зруб», «Зямля бацькоў» з рэпертуару Анатоля Ярмоленкі і «Сяброў», кампазітара Валерыя Іванова. Усё паводле вершаў Кастуся Цыбульскага, як і «Дымок радзімы», музыку да якой аўтар напісаў ра­зам са старшынёй Саюза кампазітараў Аленай Атрашкевіч.

— І я вельмі рады, што песні ідуць на ўра. Вось і нядаўна — на Дні пісьменства ў Бялынічах — прайшоўся ў вольны час, каб маленькай унучцы купіць яблыкаў, груш, а калектывы на падворках спявалі пад гармонікі і баян. Запытаўся, ці можна мне? З іх дазволу заспяваў «Зязюлю-варажбітку», «Гарадскую не такую», дык пачалі збірацца людзі. «Гэта вашы песні? З імі ж многія артысты выступаюць!» — здзіўляліся. Мне як выканаўцу і аўтару гэткія цёплыя водгукі чуць прыемна.

І ўласную ўнучку бадай з двухмесячнага ўзросту музычны дзядуля далучыў да песень:

— Толькі заплача, адразу па 10—15 і сваіх, і чужых запар напяваю, люляючы, пакуль не засне. Напісаў адмысловую калыханку. Зараз унучцы восем гадоў, і тое, што яна любіць музыку, — заканамерна. Наконт твораў, навеяных з дзяцінства, яны ў мяне таксама ёсць. Так, напрыклад, верш «Сказ пра ката», які стаў маёй візітоўкай. Нарадзіўся з выпадку, калі бацька звёз рыжага памазлівага ката, а той праз тры месяцы вярнуўся дахаты і тым самым натхніў мяне. Я, наогул, як думаю? Няважна, колькі ў арсенале вершаў і песень, хоць сотні і тысячы, можна нават праз адзін твор вядомым стаць, які стане народным хітом.

Залатая творчасць перамяжоўваецца з умацаваннем стану. Кастусь Цыбульскі — інструктар па каратэ і са спортам на «ты», толькі так можна трымаць у форме цела і дух. Цяпер, прызнаецца, сілавымі практыкаваннямі займаецца мала, секцыю рукапашнага бою наведваў два гады таму. Разам займалісія чэмпіёны Еўропы, дужыя і маладыя. Загартаваны Кастусь Пятровіч, нягледзячы на мудры ўзрост за плячыма, слабіну не даваў, ды пацярпеў:

— Калі мы павінны былі перакульвацца, я каленам у лоб атрымаў так моцна, што ледзь даехаў дадому. Ніколі не падаў і тады не ўпаў, толькі страсенне мозгу сур’ёзнае. Да слова, іх у мяне столькі здаралася, што на гэты раз вырашыў: трэба паберагчы галаву для паэм і песень.

Кастусь Цыбульскі нарадзіўся на Маладзечаншчыне і цяпер часта там бывае з прыгожымі імпрэзамі, запрашае з сабой знакамітых паэтаў, выканаўцаў. Служыў у Прыкарпацкай ваеннай акрузе, пасля працаваў на заводзе фрэзероўшчыкам, а да міліцэйскай службы прыступіў пасля філфака БДУ. Назіранне за парадкам прывяло і да ўпарадкавання творчай спадчыны, якую ён стварае. А голас пісьменніка скрозь гады аказаўся прарочым: і сапраўды, цяпер, размаўляючы на роднай мове, нам няма каго асцерагацца. І наш голас гучыць годна і гучна!

Сказ пра ката

Касматага і рыжага,

Як восеньскі стажок,

Гарэзу-блінакрада

Нёс бацька ў мяшок,

I машыніст пракураны

За пачку папярос

Праныру безбілетнага

На выселкі завёз.

Міналі дні і месяцы,

Як кадры ў кіно...

Пра рыжага свавольніка

Забыліся даўно.

Туманам слаўся верасень —

Шчадрэйшы грыбасей...

З дажынкамі-дакопкамі

Сплывалі дні часцей...

Дажджом і ветрам ранак

У шыбы грукатаў...

Пачулася ля весніц

Кароценькае «мяў»...

Мы выбеглі з сястрою

I глянулі за плот —

Аж ток прайшоў па скуры:

Без лапы плакаў кот...

Пушысты рыжык-пыжык,

Праныра-блінакрад...

А да бацькоўскай хаты

Без лапы поўз назад.

Малым я быў, а помню,

Як слёзы ліў з сястрой,

Як бінтавалі лапку

Кашуляю старой...

Буслоў кружыла восень,

Рабіны стыў касцёр...

А каля ганка роднага

Маўкліва кот памёр...

...У імпартных машынах

Шыкуе блазната...

А я любіць Айчыну

Вучуся ў ката.
basikirskaya@sb.by

Фота з асабістага архіва  Кастуся ЦЫБУЛЬСКАГ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter