В Минске начинается сезон летних кафе: чем будут привлекать клиентов

Гандаль з летнім настроем

Май. На вуліцы не па-вясноваму холадна: завывае вецер, за­дзімае пад шалік і паліто, бывае, часам і снег пойдзе. Цяжка паверыць, што хутка наступіць жаданае цяпло. Але надзея застаецца: гарачы адпачынак наперадзе. У такі час летнія кафэ і тэрасы будуць дарэчы. У сталіцы некаторыя з іх пачалі працаваць напрыканцы сакавіка. Пераменлівае надвор’е не дае цалкам расчахліць навясныя парасоны. Спадзеючыся на хуткі пляжны сезон, «Р» даведалася, дзе і колькі летніх кафэ з’явіцца ў Мінску.

На сёння 228 суб’ектаў гаспадарання ўжо атрымалі дазвол на ўсталяванне летніх кафэ.

На свежым паветры — смачней

З канца сакавіка ля некаторых сталічных кафэ, бараў і рэстаранаў сталі працаваць адкрытыя пляцоўкі — упадабаныя ўсімі тэрасы. У сталіцы, дарэчы, працуе каля 3300 аб’ектаў грамадскага харчавання на 175 100 месцаў: 172 рэстараны, 107 рэстаранаў хуткага абслугоўвання, 634 кафэ, 495 міні-кафэ, 410 бараў і 119 закусачных.

— На сёння 228 суб’ектаў гаспадарання ўжо атрымалі дазвол на ўсталяванне летніх кафэ, з іх 135 пачнуць працаваць у парках і на пляжах Савецкага раёна. Актыўная падача дакументаў на арганізацыю такога віду гандлю працягваецца. Напрыклад, больш за 30 заявак цяпер на разглядзе. Таксама з пачатку сакавіка ў гора­дзе працуе 131 пляцоўка для продажу гародніны і садавіны. Перш за ўсё, новыя пункты з’явіліся ў буйных спальных мікрараёнах, — падзялілася лічбамі начальнік Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава. — Пры арганізацыі і размяшчэнні нестацыянарных гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання суб’екты гандлю павінны выконваць правілы. Яны адлюстраваны ў «Рэкамендацыях па арганізацыі і размяшчэнні перасоўных сродкаў развазнога і разнаснога гандлю, нестацыянарных аб’ектаў грамадскага харчавання, летніх пляцовак...» і ўзгоднены МАРГ, Мінкультуры і Мінбудархітэктуры.

Тэрміны адкрыцця і закрыцця аб’ектаў вынаснога гандлю не маюць пэўных рэкамендацый. Тут галоўны «начальнік» — надвор’е. Напрыклад, на тэрыторыі Мінска некаторыя летнія пляцоўкі распачалі працу з 25 сакавіка. Звычайна сезон працягваецца да лістапада.

Летнія веранды дазваляюць рэстаратарам прывабіць дадатковую колькасць кліентаў, забяспечыць ім камфортнае баўленне часу на паветры.

— Летнія веранды дазваляюць рэстаратарам прывабіць дадатковую колькасць кліентаў, забяспечваюць ім камфортнае баўленне часу на паветры. Гэта сучасныя аб’екты ад магазінаў, рэстаранаў, кафэ і бараў, — пералічвае Ніна Емяльянава. — Гандлёвае абслугоўванне арганізуюць на цэнтральных магістралях, у турыстычных зонах, у парках, скверах, паблізу вадаёмаў і на іншых тэрыторыях. Наведвальнікам прапануюць шырокі асартымент кандытарскіх і кулінарных вырабаў, марожанага, квасу, піва, разнастайных прахаладжальных напояў.

Аб’екты вынаснога гандлю ўстаноўлены з выкарыстаннем зборна-разборных канструкцый, парасонаў, дэкаратыўных празрыстых агародж, насцілаў, асвятляльных і абагравальных прыбораў, вертыкальнага азелянення і кветачніц.

Сняданак у парку

Парк Паўлава, недалёка ад станцыі метро Пятроўшчына. Тут пейзаж працоўнай раніцы складаюць лясныя матывы, шпацыруюць мамы з дзецьмі. Дыхаюць свежым паветрам і пенсіянеры. Некаторыя — з унукамі. Хлапчукі на роліках ганяюць туды-сюды, раз-пораз пазіраючы на вабныя вітрыны летняга міні-кафэ.

— Ба, а давай па марожаным! — просіць унук, і бабуля купляе два халодныя сметанковыя дэсерты. Яны ўладкоўваюцца на лавачцы і з задавальненнем ядуць ласунак, што растае.

Падыходзіць і мама з каляскай:

— Садавіннае пюрэ, калі ласка, — дзяўчына выбірае прыдатны прыкорм для маленькай дачкі і дадае: — Вы наша палачка-ратавалачка. З каляскай у магазін ісці не хочацца.

За тры гады працы прадавец Лілія Іванова ведае амаль усіх сваіх пакупнікоў. У іх сфарміраваўся і стандартны набор прадуктаў.

Шмат у чым выручка летніх міні-кафэ залежыць ад надвор’я. Мінімальная — у дождж, максі­маль­ная — у выхадны пагод­лівы дзень. Настрой нябеснай канцылярыі дыктуе і графік працы. Але ў асноўным міні-кафэ працуюць з 10:00 да 21:00. За тры гады працы прадавец Лілія Іванова ведае амаль усіх сваіх пакупнікоў. У іх сфарміраваўся і стандартны набор прадуктаў.

— Хіт продажаў — хот-догі. Яны ў пашане як у дарослых, так і ў дзяцей. Дзеці любяць і ультрасалодкія венскія вафлі. Просяць дадаткова паліць шакаладам, — дзеліцца густавымі прыхільнасцямі наведвальнікаў Лілія Іванова.

Дарэчы, каштуе салодкае задавальненне 3,2 рубля. Працягваюць пералік салодкай выпечкі пончыкі па два рублі і слойкі з разнастайнымі начынкамі, пачынаючы ад вяндліны з сырам да шпінату і сыру рыкота. Хіт продажаў — французскі хот-дог — рэалізуюць па 4,3 рубля.

Хіт продажаў — французскі хот-дог.

— Даволі вялікі працэнт нашых пакупнікоў — мамы з дзецьмі. Часта заходзяць і пенсіянеры. Сума па чэку выходзіць рознай. Калі горача, могуць купіць толькі марожанае (гэта менш за два рублі). А бывае, што сям’я пакіне ў касе і больш за 20 рублёў. Але ў сярэднім трацяць па пяць — сем рублёў, — падлічвае ўладальнік міні-кафэ Арцём Папейка.

Яго кафэ працуе трэці год. За гэты час некалькі разоў карэкці­равалі асартымент. Асноўны арыенцір — жаданні кліентаў. Напрыклад, у гэтым сезоне ў ме­ню з’явіліся блінцы ўласнага прыгатавання і садавінныя пюрэ ва ўпакоўках. Іх зручна даваць маленькім дзецям. Цана на блінец залежыць ад начынкі. Напрыклад, за «Паўлаўскі» з сырам, вяндлінай, ананасам і гарчычным соусам — 5,8 рубля. Не забываюць і пра такія хіты вынаснога гандлю, як вараная кукуруза, папкорн, кава, чай, прахаладжальныя напоі. За пачатак кукурузы вагой 250 грамаў — чатыры рублі. Кава — ад 2,4 да 4,5 рубля. Вабяць водарам і натуральныя чаі: абляпіхавы, цытрусава-імбірны і журавінавы з імбірам. Такое задавальненне абыдзецца ў 3,5 рубля.

Пра антыкавідныя меры на пляцоўках таксама не забываюць: прадаўцы тут у пальчатках і масках. Іх рэкамендуецца мяняць раз у дзве гадзіны. Ёсць антысептычныя і антыбактэрыяльныя сродкі для апрацоўкі рук. Яны могуць размяшчацца не на кожным століку, а ля ўвахода ва ўстанову. Столікі дэзынфіцыруюць і расстаўляюць на адлегласці 1,5 метра адзін ад аднаго. Словам, уладальнікі летніх пляцовак імкнуцца стварыць усе ўмовы, каб адпачываць у іх было бяспечна і прыемна. Бо ад гэтага залежыць, ці прыйдзе кліент зноў.

tychko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter