Она восстанавливает утраченную красоту кукол

Фея за працай

У вялікага рускага кампазітара XIX стагоддзя Пятра Ільіча Чайкоўскага ёсць зборнік п’ес для фартэпіяна «Дзіцячы альбом». З 24 прысутных там твораў тры прысвечаны лялькам. Гэта «Хвароба лялькі», «Пахаванне лялькі» і «Новая лялька». Рэстаўратар-аматар з Ганцавічаў Іна Крупінская бачыла нямала «хворых» лялек. Але яна цвёрда ўпэўнена: якой бы цяжкай «хвароба» ў лялькі ні была, «хаваць» яе спяшацца не трэба, бо ёй заўсёды можна падарыць новае жыццё. 

З чаго пачыналася хобі

Іна Крупінская кажа, што для яе старая лялька не нейкая калекцыйная або антыкварная рэч:

— У першую чаргу гэта свое­асаблівы ўспамін аб мінулым дзяцінстве, аб тым даўнім часе, калі маленькай дзяўчынкай я лічыла сваіх лялек сяброўкамі. Напэўна, з такіх эмоцый і складваецца наша асоба. Таму выкінуць дзіцячую ляльку ў маім разуменні ўсё роўна што страціць часцінку ўласнага я.

Нейкай спецыяльнай адукацыі, непасрэдна звязанай з рэстаўрацыяй лялек, у Іны Крупінскай няма. Ніяк не пераплятаецца незвычайнае хобі і з яе цяперашнім месцам работы — Ганцавіцкім хлебазаводам, дзе яна працуе простай рабочай. Але ў свой час, скончыўшы сярэднюю школу ў роднай вёсцы Вялікія Круговічы, Іна адвучылася ў брэсцкім ПТВ-26 лёгкай прамысловасці, дзе атрымала спецыяль­насць закройшчыка-краўца жаночага і дзіцячага адзення.

— Пасля ПТВ я некаторы час працавала ў Ганцавічах швачкай на прыватным прадпрыемстве, потым выйшла замуж, а ў 1995 і 1997 гадах у нас нарадзіліся дачка Крысціна і сын Максім, — узгадвае Іна. — Дзевяностыя гады былі няпростым перыядам у матэрыяльным плане. А так хацелася, каб мае дзеці апраналіся прыгожа. Таму сама шыла ім адзенне, у тым ліку на разнастайныя святы ў дзіцячым садку. І ад такога шыцця атрымлівала велізарнае задавальненне. Аднойчы ў лялькі дачушкі, зробленай на мінскай фабрыцы дзіцячай цацкі, цалкам парвалася сукенка. Мне тады, як, у прынцыпе, і цяпер, вельмі падабалася прыгожае адзенне, якое насілі дамы-арыстакраткі XVIII стагоддзя. Я ўзяла і пашыла ляльцы раскошную сукенку ў гэтым стылі, а ў дадатак з дапамогай іголкі ўставіла ёй новыя валасы са штучных нітак. І лялька стала выглядаць не проста новай, а як дарагая імпартная цацка, якую ў 90-я гады можна было купіць толькі ў якім-небудзь сталічным ЦУМе або ГУМе.

Новы знешні выгляд лялькі ацаніла не толькі дачка Іны, але і яе сяброўкі, якія прыйшлі ў захапленне ад убачанага. Неўзабаве яны сталі прыносіць Іне сваіх старых лялек і аддаваць іх на рэстаўрацыю. Так паступова і пачалося фарміравацца яе хобі. 

Праўда, пакуль дзеці былі маленькімі, гэта захапленне насіла хутчэй эпізадычны характар — у той час іх выхаванне і хатнія клопаты забіралі ў жанчыны шмат часу. Але каля дзесяці гадоў таму, калі дзеці падраслі і паехалі вучыцца ў іншыя гарады, у рэстаўрацыйнага хобі Іны Крупінскай адкрылася другое дыханне. Яна зарэгістравалася ў тэматычнай групе ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», стала шукаць карысную для лялечнага рэстаўратара інфармацыю ў інтэрнэце і актыўна папаўняць сваю калекцыю лялек.

Лялькі ў народным адзенні аўтарства Э. Фадзеевай.

За гады стварылася вялікая калекцыя

У Іны больш за 60 лялек, паўсотні з якіх ужо адноўлены, а астатнія знаходзяцца ў стадыі рэстаўрацыі. Большасць гэтых цацак яшчэ савецкай вытворчасці, самыя старыя з якіх былі выпушчаны ў пачатку 1960-х гадоў. Але ёсць і «некалькі замежных гасцей», напрыклад, нямецкія з гумовымі тварыкамі, так званыя немачкі, і папулярныя ва ўсім свеце Барбі. Дарэчы, многіх з іх можна было пабачыць у мінулым маі — чэрвені ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі на выставе аўтарскіх і калекцыйных лялек, аснову якой склалі экспанаты з асабістай калекцыі Іны Крупінскай. 

Трэба сказаць, што Іна свае «мадэлі» не купляе — іх ёй прыносяць сябры, знаёмыя, калегі ці проста выпадковыя лю­дзі, якія даведаліся пра яе хобі. Праўда, стан большасці з падарункаў, мякка кажучы, далёкі ад ідэальнага. У многіх з іх сапсаванае адзенне і можа не быць нейкіх частак цела. Аднак рэстаўратара гэта не палохае: Іна з дапамогай іголкі і пражы вяртае лялькам валасы і вейкі, устаўляе вочы, перацягвае гумкі, якія трымаюць галаву і рукі, склейвае патрэсканую пластмасу і робіць макіяж, а калі трэба, то са спецыяльнага пластычнага раствору вылеплівае новыя дэталі.

— Такое хобі патрабуе не толькі шмат часу, але і грошай, — удакладняе жанчына. — Напрыклад, на ўбор Мальвіны ідзе 10—15 метраў карункаў. Пража для валасоў, фурнітура таксама каштуюць грошай. Бывае, што спыняю працу і чакаю зарплаты, каб купіць патрэбныя матэрыялы. Хоць звычайна да рэстаўрацыі я прыступаю ўжо тады, калі ёсць усё неабходнае. Магу тыднямі выношваць у галаве будучы вобраз лялькі. Але гэта ў тым выпадку, калі нельга аднавіць яе першапачатковае аблічча. Бо я імкнуся максімальна наблізіцца да варыянта, які быў задуманы аўтарам. І калі, да прыкладу, я ствараю ўбор для герояў 60—70-х гадоў, то выкарыстоўваю для гэтага тканіны таго перыяду, лапікі якіх выразаю з захаваўшагася адзення маёй мамы. 

Адрэстаўраваныя лялькі Галя аўтарства М. Матавілавай.

Доўгімі зімовымі вечарамі

Асноўны перыяд, калі Іна Крупінская надае сур’ёзную ўвагу свайму хобі, — восень і зіма. У астатні час сілы ідуць на тое, каб дагледзець уласны агарод. Таму сваёй чаргі на рэстаўрацыю некаторыя лялькі могуць чакаць дастаткова доўга. Аднак у выніку кожная з іх ва ўмелых руках зноў стане як новая.

— У нашай групе ў «Аднакласніках» я шмат кантактую з іншымі калекцыянерамі-рэстаўратарамі з Беларусі, Расіі і Украіны, — кажа Іна. — Мы сыходзімся ў меркаванні, што ў вяртанні лялек да новага жыцця ёсць нейкая асаблівая энергетыка. Бо калі гля­дзіш на іх пасля рэстаўрацыі, на іх анёльскі выгляд і прыгожыя ўборы, то душа радуецца неймаверна. Ты быццам адчуваеш сябе сапраўднай феяй, якая робіць з нязграбнай Папялушкі прыгажуню прынцэсу. У гэты момант атрымліваеш нейкі ўнутраны энергетычны імпульс і хочаш як мага хутчэй брацца за новую працу, каб аднавіць страчаную прыгажосць чарговай Машачкі, Верачкі або Маль­віны.
Адзенне для цацак шыецца практычна па такім жа прынцыпе, што і дарослае, з выкананннем усіх тэхналагічных аперацый. І чым меншы экспанат — тым складаней пашыць адзенне для яго.
У ТЭМУ

Іна Крупінская кажа, што больш за ўсё любіць менавіта савецкіх лялек:

— Мая самая любімая — Галя. Яе аўтарам з’яўляецца знакамітая Марыяна Матавілава, якая стварала цацкі з пачатку 1960-х гадоў і да канца 1970-х. 

Лялькі Тарас і Яся.

Сёння Галя досыць рэдкая лялька. Справа ў тым, што ў свой час яе ў асноўным прадавалі ў крамах «Бярозка», дзе тавары адпускаліся за валюту, і ў простага савецкага чалавека амаль не было магчымасцей набыць яе. Таму цяпер яна вельмі цэніцца калекцыянерамі — у добрым стане такая лялька сення каштуе 150—200 долараў. Ды і ўвогуле, іншыя лялькі Марыяны Матавілавай таксама карыстаюцца вялікім попытам і ў сярэднім ацэньваюцца па 40—50 долараў. У маёй калекцыі восем лялек гэтага вядомага савецкага дызайнера: акрамя двух Галь, ёсць Люба, Верачка, Саша і Машачка. Таксама мне пашанцавала атрымаць у сваю калекцыю і некалькі твораў Эмы Фадзеевай — яшчэ аднаго папулярнага ў 60—80-я гады аўтара цацак.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter