Отличными трудовыми достижениям встречает 60-летний юбилей директор пристоличного ОАО «Гастелловское» Станислав Соколовский

Дырэктар прысталічнага ААТ «Гастэлаўскае» Станіслаў Сакалоўскі: «Для мяне, сялянскага сына, любая справа адказная. Лёгкага хлеба ніколі не шукаў»

Вясновым часам застаць дырэктара прысталічнага ААТ «Гастэлаўскае» Станіслава САКАЛОЎСКАГА ў кабінеце складана. Працоўны дзень яго звычайна пачынаецца з наведвання дойкі на малочна-таварным комплексе, аб’езду палёў і сенажацяў, сустрэчы з механізатарамі на машынна-трактарным двары. А днём дзелавыя сустрэчы ў сталіцы: гаспадарка падпарадкоўваецца гарадскім уладам. Стратэгічныя пытанні ўзгадняюцца з Аляксеем Пазняком — старшынёю назіральнага савета, кіраўніком дзяржупраўлення сталічнага гандлю і паслуг. Гастэлаўскія землі мяжуюць з гарадскімі кварталамі. Сёлета плошча сельгасугоддзяў павялічылася на 400 гектараў. Засеялі іх кармавымі культурамі, што дасць магчымасць максімальна забяспечыць грамадскі статак уласным фуражом.


З першых дзён дырэктарства Станіслаў Часлававіч разам з галоўнымі спецыялістамі прааналізавалі стан раслінаводства і жывёлагадоўлі, выявілі нявыкарыстаныя рэзервы. За апошняе дзесяцігоддзе жывёлаводы аднавілі лідарства сярод лепшых калектываў рэспублікі: пераадолены дзесяцітысячны рубеж па надоях малака, а на племянной малочна-таварнай ферме «Канюцічы», якою загадвае Вольга Карасцей, летась ад кожнай дойнай каровы рэкордна атрымана па 12 545 кілаграмаў. Штодзённа сельгаспрадпрыемства для перапрацоўкі на сталічны малаказавод № 1 пастаўляе паўсотні тон прадукту, рэнтабельнасць вытворчасці якога перавышае 43 працэнты. 

Упершыню за дзевяностагадовую гісторыю гаспадаркі ў 2020-м засыпана ў засекі звыш 12 100 тон збажыны, кожны з 1250 гектараў хлебнай нівы даў рэкордныя 97 цэнтнераў зерня. За мінулы год чысты прыбытак ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі — 3 мільёны рублёў.

– Адпаведна і сярэднямесячны заробак працуючых, а іх у нас звыш двухсот, вырас да паўтары тысячы рублёў, — падкрэслівае дырэктар ААТ «Гастэлаўскае» Станіслаў Сакалоўскі. — Імкнёмся не спыняцца на дасягнутым, хаця пры такіх высокіх паказчыках усё больш складана выходзіць на новыя рубяжы. Вытворчы працэс патрабуе дэталёва вывераных дзеянняў. У раслінаводстве і жывёлагадоўлі выкарыстоўваем усё самае сучаснае: кароў дояць робаты, на палях працуе найнавейшая тэхніка. Кожны з галоўных спецыялістаў адказвае за адпаведны накірунак дзейнасці. 

— Станіслаў Часлававіч, перад тым як узначаліць ААТ «Гастэлаўскае», вы пасля заканчэння ветэрынарнай акадэміі працавалі ў гаспадарках Віцебшчыны і Гродзен­шчыны, кіравалі райсельгас­харчам. Вас прыкмецілі як вопытнага спецыяліста і ўмелага арганізатара вытворчасці і прапанавалі ўзначаліць пры­сталічны калектыў з багатай гісторыяй. У сярэдзіне мінулага стагоддзя з коннай павозкі сенінскія палі аглядаў Мікіта Хрушчоў, а доўгія гады перадавым сельгаспрадпрыемствам кіраваў мудры Яўген Ліўшыц. Шмат кіраўнікоў змянілася з таго часу ў гаспадарцы, якая летась адзначыла 90-гадовы юбілей. Узначаліць яе вам прапанавалі ў складаны для «Гастэлаўскага» час… 

— Для мяне, сялянскага сына, любая справа адказная. Лёгкага хлеба ніколі не шукаў. Дзе б ні працаваў, што б ні даручалі, выкладваюся поўнасцю. Перад тым як узначаліць калектыў, дасканала азнаёміўся са справамі, прааналізаваў эканамічны стан гаспадаркі і прыйшоў да высновы: вытворчы рэсурс вычарпаны. Для перспектыўнага развіцця патрабавалася новае дыханне. Правільным стала рашэнне падпарадкаваць сельгаспрадпрыемства гарадскім уладам. 

Дзяржава выдзеліла фінансавую пазыку для будаўніцтва двух буйных малочна-таварных комп­лексаў. Пасля ўвядзення іх у эксплуатацыю грамадскі статак вырас да 5400 галоў, трэцяя частка яго — дойныя каровы. Як мае быць заняліся генетыкай статка чорна-пярэстай пароды. Раней у гаспадарцы ўтрымліваўся генафонд жывёлы, а потым гэту справу запусцілі. За некалькі гадоў мы аднавілі яе. Спецыялісты з дапамогай вучоных карэкціруюць рацыён кармлення, павышаюць культуру земляробства. 

— Звычайна кіраўнік гуртуе вакол сябе каманду аднадумцаў. А з чаго вы пачалі дырэктарства?

— З традыцыйнага знаёмства з калектывам, у першую чаргу з галоўнымі спецыялістамі. Без узаемадзеяння немагчыма разлічваць на поспех. На першым часе сутыкнуўся з тымі, хто ўсім быў незадаволены. Кагосьці давялося адправіць на заслужаны адпачынак, некаторыя напісалі заявы на звальненне. Паступова кадры абнавіліся. За адзінаццаць гадоў дырэктарства згуртаваўся трывалы касцяк аднадумцаў. У маю адсутнасць паспяхова кіруе калектывам намеснік Аляксандр Хрыпач, выдатна вядуць справу галоўныя спецыялісты. 

— Што вас, як дырэктара, найбольш хвалюе?

— Не толькі трэба захаваць аб’ёмы вытворчасці. Важна бачыць перспектыву развіцця. Імкнуся не дапускаць памылак, бо кожная з іх павялічвае фінансавыя затраты, а гэта недаравальна. Як дырэктар, адчуваю сваю адказнасць перад людзьмі. Прыемна адзначыць, што з года ў год павялічваецца фонд аплаты. Клапоцімся пра паляпшэнне ўмоў працы, за свае сродкі абнаўляем машынна-трактарны парк, будуем жыллё. Па суседстве сталіца з шырокім спектрам працоўных вакансій, але ў нас праблемы кадраў няма. Калектыў стабільны. 

Побач са мною працуюць сыны. Яўген яшчэ ў студэнцкія гады ў жніво быў памочнікам камбайнера. Пасля заканчэння вучобы ў Беларускім дзяржагратэхнічным універсітэце працуе інжынерам па механізацыі працаёмкіх працэсаў: займаецца дэльтаскрэперамі, робатамі на малочна-таварным комплексе. Добразычліўцы куды толькі не пісалі, што сыноў уладкаваў. Члены камісіі ў час разбору скаргі сустрэлі ў жывёлагадоўчым памяшканні перапэцканага жыжкай Яўгена. Усё стала зразумела. Чые дзеці пойдуць гэтым займацца? Паблажак ад мяне сыны не маюць. Наадварот, я ад іх яшчэ больш патрабую, чым ад іншых спецыялістаў. Другі сын Віталь па адукацыі інжынер-будаўнік. Дыплом атрымаў у Брэсцкім дзяржтэхуніверсітэце, а ў гаспадарцы адказвае за будаўнічыя справы. Многія аб’екты ўзводзім уласнымі сіламі. Кожны сезон у нас працуюць па дамоўленасці будаўнікі са Столінскага раёна. Вось і зараз яны заняты на ўзвядзенні вытворчага цэха па перапрацоўцы насення рапсу.

— Станіслаў Часлававіч, сыны пайшлі па вашых слядах. А хто паўплываў на ваш выбар прафесіі?

— З дзяцінства мяне вабіла праца на зямлі. Мае продкі вырошчвалі хлеб, гадавалі жывёлу. Памятаю дзедаў хутар Прыталькаўцы, па перыметры абсаджаны векавымі ліпамі. З братамі і сястрою часта бывалі там. Яшчэ ў школу не хадзіў, а мне давяралі пастухом адбываць калейку на лузе. Вакол нашай вёскі Талькаўцы, што выцягнулася паміж райцэнтрамі Ваўкавыск і Вялікая Бераставіца, пасвілася пяць гуртоў. Некаторыя гаспадары трымалі па некалькі кароў і маладняк. Былі авечкі, коні. Летам уся вёска выходзіла на сенажаць. Да ўсходу сонца бацька з дзедам Вацлавам касілі травы. Пад сонечнымі промнямі на вачах высыхалі пакосы. Да вечара зграбалі іх у копы, канём сцягвалі сена з нізін на грудок і там стагавалі. А яшчэ трэба было некалькі разоў прапалоць бураковую дзялянку. Кіраўніцтва эксперыментальнай базы «Талькаўцы» замацоўвала за кожным вясковым падворкам па тры гектары цукровых буракоў. Увосень, пасля заняткаў у школе, спяшаліся да бацькоў на поле ўручную ўбіраць і ачышчаць ад зямлі караняплоды. Грузілі буракі на конныя павозкі і складалі ў бурты.

Паспявалі вучыцца і дапамагаць па хатняй гаспадарцы. Часта бывалі на хутары ў дзядулі Вацлава і бабулі Ганны. Іх прасторны драўляны дом патанаў у зеляніне старога саду. Немагчыма забыць смак салодкіх чарэшань, вішань, духмяных яблыкаў і груш. Ласаваліся і мёдам з тоўстых калод.

Дзядулю Вацлава ведалі ў навакольных вёсках як выдатнага каваля. У пяцьдзясят гадоў ён пайшоў на пенсію, а яго ў кузні вёскі Раднікі замяніў бацька. Пераняў майстэрства выкоўваць сялянскія прылады для працы на зямлі. Вяскоўцы аддзякавалі яго часцей за ўсё бутэлькай самагону. Бацька прызвычаіўся да такіх «пачастункаў», а мы, трое яго сыноў, ніколі гарэлкі не каштавалі. Брат Янак пасля заканчэння школы застаўся ў вёсцы, даглядаў жывёлу на ферме ваўкавыскай гаспадаркі «Гнезна». Зараз падтрымлівае аўдавелую маці. Шафёрам працаваў брат Гена, але нядаўна яго не стала. Балюча перажываю страту. Сястра Яніна скончыла медыцынскае вучылішча і да выхаду на заслужаны адпачынак была медсястрою. І зараз яшчэ працуе ў Ваўкавыскай цэнтральнай раённай бальніцы. Кожны ў нашай сялянскай сям’і самастойна выбіраў свой шлях у жыцці.

— Куды вас паклікала сэрца пасля заканчэння школы?

— Марыў атрымаць прафесію будаўніка і вярнуцца дамоў спецыялістам. Пасля заканчэння васьмігодкі ў Талькаўцах падаў дакументы ў Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Але ў той год спецыяльнасць будаўніка, на якую паступаў, перавялі ў Бабруйскі сельгастэхнікум — трэба было там вучыцца. Маці не адпусціла так далёка: ростам не ўдаўся — у пятнаццаць гадоў паўтара метра недацягваў. Каб застацца вучыцца ў Ваўкавыску, перапісаў заяву на аддзяленне ветэрынарыі. З цікавасцю вывучаў спецыяльныя прадметы, захапіўся прафесіяй ветэрынара. Вытворчую практыку праходзіў у гродзенскім СВК «Індура». Тады яшчэ больш пачаў цікавіцца прафесіяй. Кіраўнік гаспадаркі, пэўна, гэта заўважыў і прыслаў у тэхнікум запрашэнне на працу, але дзяржаўная камісія размеркавала ўчастковым ветфельчарам у бераставіцкую гаспадарку «Грыцавічы». Праз месяц пайшоў у армію, служыў у інжынерна-сапёрных войсках на Паўднёвым Урале. Два гады вучыў сапёрскай справе курсантаў. Аднойчы ў самога ў руцэ выбухнуў узрыўны пакет: застаўся шрам на ўсё жыццё. Служыў старанна: двойчы камандаванне заахвочвала водпускам. Родныя радаваліся майму прыезду. У гады вучобу ў тэхнікуме і ў час армейскай службы актыўна займаўся спортам, на бегавой дарожцы пастаянна першынстваваў. Быў прызёрам па лёгкай атлетыцы ў дывізіі. 

За гады службы ўзмацнеў і падрос. Вярнуўся дамоў і адразу паехаў здаваць уступныя экзамены ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Калі атрымаў выклік на вучобу, уся вёска віншавала. Памятаю, як радаваліся майму поспеху на ўступных экзаменах дырэктар нашай васьмігодкі Мікалай Васільевіч Пацэнка, настаўнікі Тамара Аркадзьеўна і Аркадзь Дзянісавіч Чумаковы. У родных Талькаўцах быў першым студэнтам. Потым завочна скончыў факультэт дзяржаўнага і мясцовага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. 

На першым курсе ветінстытута атрымаў пасведчанне меха­нізатара. Штогод ранняй вясною з аднакурснікамі працавалі на сяўбе ў гаспадарках Віцебскага раёна (там не хапала механізатараў). На трактары Т-74 рыхтаваў глебу, сеяў збожжавыя. За месяц зарабіў 350 рублёў і справіў абноўкі. У студэнцтве кожную вясну да заканчэння вучобы працавалі на палях і добрыя грошы мелі. Бацькі здзівіліся, калі прыехаў дамоў ладна апранутым. 150 рублёў аддаў за модныя ў той час джынсы, а за гэтыя грошы можна было купіць тры веласіпеды. Модную вопратку не так проста было набыць. Мой аднакурснік прывёз джынсы з Варкуты, дзе яго маці працавала на гандлёвым складзе. Студэнтам мог такую раскошу сабе дазволіць. З сябрамі хадзілі на танцы ў педагагічны і медыцынскі інстытуты.

— А дзе сустрэлі будучую жонку?

— Лёс распарадзіўся так, што з аднакурснікам Федарам Папковым паехалі ў яго браслаўскую вёску Пагошча. У клубе кінулася ў вочы сціплая дзяўчына. Запрасіў яе на танец, так і пазнаёміліся. Ала была студэнткай Наваполацкага музвучылішча, прыехала ў госці да сяброўкі. Каханне агарнула нас, два гады сустракаліся. Выгружаў вагоны, каб зарабіць грошай на дарогу, і ляцеў да каханай у Наваполацк. Гулялі па старажытных вулачках Полацка, любаваліся Сафійскім саборам, прыкладаліся да ракі Прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

— Станіслаў Часлававіч, так склаўся ваш сямейны саюз? 

— Увосень на чацвёртым курсе паехалі на маю радзіму гуляць вяселле. Вянчаліся ў цудоўным касцёле Святой Тройцы ў Шылавічах, што побач з нашымі Талькаўцамі. Кіраўніцтва ветэрынарнага інсты­тута выдзеліла нам пакойчык у інтэрнаце. Перад атрыманнем дыплома ветурача нарадзіўся першынец, а потым яшчэ адным сынам прырасла сям’я. Яўгена і Віталя хрысцілі ў тым жа касцёле. У іх ужо свае сем’і. Падрастаюць у нас унукі Максім, Кірыла і Арцём. Жонка Ала Георгіеўна выкладае музыку ў Сеніцкай дзіцячай мастацкай школе.

— Вашы сыны засталіся працаваць у сельскай гаспадарцы. А ўнукаў кім бачыце?

— У кожнага з іх сваё будучае. Жадаю ім трымаць годнасць роду Сакалоўскіх. Які б шлях яны ні абралі — каб варта крочылі па ім, у любой сітуацыі заставаліся людзьмі. Гэта вялікае шчасце, калі праца не пакідае ні хвіліны свабоднай. Радасць — калі тваё старанне і ўсяго калектыву, якім кіруеш, дае плён. 

— ААТ «Гастэлаўскае», якому вы аддалі адзінаццаць гадоў сваёй працы, сёння сярод лепшых сельгаскалектываў рэспублікі. Якой вам бачыцца яго перспектыва?

— Узровень вытворчасці, які дасягнуты ў гаспадарцы, адпавядае самым сучасным сусветным стандартам. Спа­дзяюся, што і надалей будзем упэўнена крочыць па шляху інтэнсіфікацыі, пры гэтым заўсёды дбаць пра чалавека.Будзем паляпшаць умовы працы і жыцця ў калектыве, каб лічаныя гады, што засталіся да векавога юбілею гаспадаркі, былі яшчэ больш плённымі і шчаслівымі для гастэлаўцаў. 

— Шаноўны Станіслаў Часлававіч, дзякуй за шчырую размову напярэдадні вашага юбілею!

Мінскі раён

Фота аўтара 

АД РЭДАКЦЫІ «СГ» 

Віншуем паважанага Станіслава Часлававіча Сакалоўскага з важным жыццёвым юбілеем — 60-годдзем! Калектыў «Сельской газеты» жадае аднаму з вопытных і знакамітых прадстаўнікоў старшынёўскага корпуса краіны, даўняму свайму чытачу і сябру здароўя, даўгалецця, працоўнага натхнення, здзяйснення ўсіх намечаных ім разам з калектывам гастэлаўцаў задумак і планаў!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter