Как водоемы Минска очищают от лишней водной растительности

Чэрвень. Камбайны выйшлi на «жнiво»

У спякотныя сонечныя днi на Свiслачы каля Палаца спорту ў Мiнску безлiч лодак i катамаранаў. Сярод iх не адразу заўважыш непрыкметную машыну, падобную да плыта з пластыкавай кабiнай, якая няспешна i метадычна, метр за метрам прачэсвае ўчастак ракi. Гэта працуе водны камбайн — уборачны комплекс Berky, якi ачышчае вадаём ад водарасцей. Навошта гэта робiцца i якiя асаблiвасцi воднай гарачай пары мае гэты сезон, даведалася карэспандэнт «Р».

Акваторыя Свіслачы каля Палаца спорту хутка будзе ачышчана ад водарасцей.

Пустазелле на дне

Здавалася б, водарасцi — натуральныя жыхары рэк i вадасховiшчаў, харчаванне для некаторых вiдаў рыб i iншых насельнiкаў воднага асяроддзя. Навошта тады штогод пасля нерасту на прасторы ракi Свiслач у межах Мiнска — а гэта 22 кiламетры, — а таксама Сляпянскай воднай сiстэмы, уключаючы Цнянскае вадасховiшча, выходзяць водныя камбайны? Зразумела яшчэ iх прысутнасць на пляжах — ступаць на пясочак больш прыемна, чым на слiзкiя раслiны. Але працуюць яны паўсюль.

— Рака Свiслач мае слабую натуральную праточнасць i адпаведны водаабмен. Водарасцi ж яшчэ больш запавольваюць рух вады, — тлумачыць Павел Крук, намеснiк начальнiка па эксплуатацыi Вiлейска-Мiнскай воднай сiстэмы УП «Мiнскводаканал». Менавiта гэтай арга нiзацыi рашэннем Мiнгарвыканкама даручана выконваць пакос водарасцей, а таксама круглы год ачышчаць названыя вадаёмы ад бытавога смецця — для падтрымання эстэтычнага выгляду i адпаведнасцi санiтарным нормам. — Акрамя таго, водарасцi, якiя дараслi да паверхнi вады, збiраюць смецце: лiсце, тапалiны пух, пылок квiтнеючых раслiн. Узнiкае эфект застойнай вады, якая пачынае лiтаральна тухнуць.

Разам з водным камбайнам звычайна працуюць пагрузчык, самазвал, а таксама рабочыя.

У розныя гады водарасцi развiваюцца з рознай iнтэн-сiўнасцю. Як i на iншыя раслiны, на iх уздзейнiчаюць тэмпература i празрыстасць вады, прагрэтасць паветра, колькасць сонечных дзён i ападкаў.

— Там, дзе вадаём мелкi i вада хутка праграецца, водарасцi растуць хутчэй, — тлумачыць Павел Крук. — Калi пройдзе дождж, няхай i пры спякоце, узровень вады падымецца, хуткасць яе руху стане большай, зарастанне запаволiцца. Пры спякоце без ападкаў сiтуацыя будзе развiвацца наадварот.

Дарэчы, у гэтым годзе дзякуючы халоднай вясне водарасцi не паспелi занадта разысцiся: колькасць iх меншая, чым мiнулым летам. А вось тэмпературны фон зiмы на водарасцi амаль не ўплывае: пры любым марозе вада мае тэмпературу каля +3 градусаў.

Амаль як у полi

Тым не менш працы хапае i тром камбайнам Berky, i двум механiзаваным самаходным уборачным комплексам Truxor. Апошнi — машына-амфiбiя на гусенiчным хаду, якая можа рухацца i па сушы, i па вадзе. Але яны менш прадукцыйныя i выкарыстоўваюцца звычайна на тых участках паверхнi, дзе глыбiня невялiкая, рэчы-шча нешырокае, а плынь няхуткая. На вялiкiя ж акваторыi i сур’ёзныя глыбiнi выходзяць звычайна магутныя Berky. Цi хапае арганiзацыi гэтых меха-нiзмаў?

У назапашвальны бункер камбайна змяшчаецца паўтара «куба» расліннасці.

— Камбайнаў хапае, але ня-шмат людзей, якiя могуць на iх працаваць, — зазначае Павел Мiкалаевiч. — Атрымаць па-сведчанне машынiста механiзмаў унутраных вадаёмаў складаней, чым вадзiцельскае: больш патрабаванняў прад’яўляецца да стану здароўя.

Што ж, паверыць у гэта проста: з ранiцы да вечара «камбайнеры» працуюць на спякоце, прычым промнi сонца на вадзе больш актыўныя. Да таго ж у адпаведнасцi з правiламi бяспекi неабходна пастаянна быць у выратавальнай камiзэльцы. А яшчэ трэба пiльна сачыць за сiтуацыяй на вадзе: ад лiхачоў на водных матацыклах камбайну хутка не ўхiлiцца.

Прынцып дзеяння воднага камбайна падобны да зерне-ўборачнага. Механiчныя нажы, прымацаваныя паралельна дну, зразаюць раслiны на глыбiнi да 1,2 метра. Затым па канвееры яны паступаюць у назапашвальны бункер. Змяшчаецца туды прыкладна паўтара «куба». Калi бункер напаўняецца, камбайн рухаецца да берага, дзе яго звычайна чакаюць пагрузчык i самазвал, а таксама рабочыя з вiламi. Далей водарасцi вязуць на палiгон ТБА для ўтылiзацыi. Дарэчы, iх нiколi не карчуюць: падводная фаўна павiнна развiвацца натуральна.

За дзень пяць камбайнаў сумарна могуць скасiць да 20 «ку-боў» воднай раслiннасцi — пры iнтэнсiўным зарастаннi. На сёння ўбрана каля трэцi плошчы, якую павiнна ачысцiць прадпрыемства «Мiнскводаканал», i вывезена не менш за 100 «кубоў» водарасцей. А потым давядзецца пачынаць спачатку: як i пустазелле на агародзе, водарасцi рост не спыняюць. Працэс уборкi, якi паўтараецца тры разы за лета, можа парушыць толькi буйное смецце на дне вадаёмаў, якое здольна пашкодзiць камбайн. Ёсць i памочнiкi: водарасцямi з задавальненнем харчуюцца белы амур i таўсталобiк.

Закончыцца ачыстка ад воднай раслiннасцi з наступленнем халадоў, напрыканцы верасня.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter