Фотарэпартаж: хто працаваў над будынкамі, якія яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя прадвызначылі сучаснае аблічча Гомеля

Чалавек — гэта цэлы горад

У  Гомелі ў палацы Румянцавых—Паскевічаў экспануецца выстава ў гонар 150-годдзя з дня нараджэння архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Будынкі, узведзеныя па яго праектах яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя, шмат у чым прадвызначылі сучаснае аблічча горада над Сожам.


Малая радзіма таленавітага архітэктара — вёска Скароднае Ельскага раёна. Станіслаў Данілавіч нарадзіўся ў сям'і беларускага шляхціца. Скончыў гімназію ў Слуцку, затым — Санкт-Пецярбургскі інстытут інжынераў. Першым будынкам, які быў узведзены па яго праекце ў 1898 годзе, стала мужчынская класічная гімназія. У строгім і адначасова прыгожым будынку гарманічна спалучаюцца матывы антычнай архітэктуры і новыя інжынерныя прыёмы таго часу. Спачатку будынак меў два паверхі, трэці надбудавалі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Сёння тут знаходзіцца корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, у якім вучацца таксама будучыя архітэктары і будаўнікі.

Лякарні, пабудаванай за грошы княгіні Ірыны ПаскевІЧ, ужо больш за сотню гадоў.

Захавала сваё прызначэнне і земская павятовая лякарня. Яна была пабудавана ў 1913 годзе на грошы апошняй уладальніцы Гомельскага маёнтка — княгіні Ірыны Паскевіч. Падчас Першай сусветнай вайны ў бальніцы размяшчаўся лазарэт. А пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўстанову перайменавалі ў Першую савецкую бальніцу. Назва «Першасавецкая» добра вядома многім пакаленням гамяльчан. Зараз тут знаходзіцца бальніца хуткай медыцынскай дапамогі.

Пабудовы па праектах Шабунеўскага заўсёды ўпісваліся ў гарадскі пейзаж. Ці гэта адміністрацыйны, ці прамысловы або жылы будынак. Апошнія праектаваліся і па індывідуальных заказах, якія маглі дазволіць сабе заможныя гараджане. Яркі ўзор — упрыгожаны ляпнінай дом лекара Навума Аляксандрава. Цяпер гэта Палац грамадзянскіх абрадаў, які ўвекавечаны на фотаздымках мноства гамяльчан у дзень іх вяселляў.

Першы будынак па праекце ШабунеЎскага ў Гомелі.
Прафесійную дзейнасць архітэктар працягваў і пры новай уладзе. Некаторы час — даволі паспяхова. У 20-я гады Шабунеўскі працаваў губернскім архітэктарам, акруговым інжынерам. А таму мог прама ці ўскосна ўдзельнічаць у будаўніцтве аб'ектаў па ўсёй губерні. Вядома, што такія будынкі ёсць у Рэчыцы, а таксама ў горадзе  Клінцы Бранскай вобласці.



У студзені 1930 года газета «Палеская праўда» пісала пра тое, што прэзідыум гарадскога Савета даручыў архітэктару распрацаваць праект лазні і пральні. Усяго за 10 дзён заданне было выканана. Лазня № 1 на вуліцы Савецкай існуе і сёння. Праз год Станіслаў Данілавіч пачаў працаваць пры гарсавеце. Але неўзабаве яго арыштавалі. Ёсць звесткі, што прычынай апалы магла стаць якраз яго адданасць справе. Архітэктар быў надзвычай патрабавальны да калег. Няўдалыя, на яго думку, праекты адпраўляліся на дапрацоўку альбо зусім бракаваліся. Гэта зацягвала тэрміны будаўніцтва, спараджала скаргі і паклёпы, расцэньвалася як сабатаж. Шабунеўскага асудзілі як контррэвалюцыянера, прысудзіўшы каля 10 гадоў турмы. А затым адправілі на будаўніцтва Беламорканала, дзе ён памёр праз шэсць гадоў. І толькі ў 1989-м быў цалкам рэабілітаваны.

ДК чыгуначнікаў. У яго праект ШабунеЎскІ ўносіў карэктывы.

У адным Гомелі вядома аб двух дзясятках аб'ектаў, спраектаваных Шабунеўскім. Але іх сапраўдная колькасць можа быць іншай. Даследаванні па гэтай тэме пачаліся яшчэ ў канцы 1980-х. Аднак белых плям па-ранейшаму хапае. Інфармацыі аб некаторых праектах няма. Здагадкі аб дачыненні да іншых будуюцца на падставе адрывістых звестак. Мелі месца і «сенсацыі наадварот». Як у выпадку з Домам камуны — адным з легендарных у гісторыі мясцовай архітэктуры будынкаў. Сяміпавярховы дом пабудавалі ў 1931 годзе як ведамаснае жыллё для чыгуначнікаў. Ён стаў самым высокім у горадзе і першым, дзе ўсталявалі ліфт. Акрамя камфортных па стандартах часу кватэр, унутры меліся агульныя кухні, пральні, пакоі калектыўнага адпачынку. Доўгія гады лічылася, што спраектаваў дом Шабунеўскі. Пазней высветлілася: у эпахальнага аб'екта быў яшчэ адзін аўтар — архітэктар Ханін, прозвішча якога з гадамі «выцесняць». А апошнія адкрыцці паказваюць: Станіслаў Шабунеўскі мог зусім не мець адносін да Дома камуны. Канчаткова пытанне пакуль не вырашана.

Партрэт архітэктара ў стылі графіці.

Варта таксама ўлічыць, што многія будынкі проста не ацалелі. Напрыклад, гасцініца «Савой», знішчаная падчас Стракапытаўскага бунту ў 1919 годзе. Не кажучы ўжо пра перыяд гітлераўскай акупацыі, пасля якой Гомель быў разбураны на 90 працэнтаў.

Як бы там ні было, заслугі Станіслава Шабунеўскага перад горадам відавочныя. Пяць гадоў таму энтузіясты адлюстравалі яго партрэт у стылі графіці на адным з дамоў па вуліцы Кірава. Ёсць прапанова аб устаноўцы помніка таленавітаму архітэктару.

Фота Марыі АМЕЛІНАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter