Под руководством доктора сельхознаук, профессора Василия Кочурко внедрены современные технологии выращивания зерновых культур

Доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Васіль Качурка: «У нас ёсць мэта на ўсіх адзіная: з універсітэта крочыць да Радзімы»

Под руководством и при непосредственном участии доктора сельхознаук, профессора Василия Кочурко усовершенствованы и внедрены в сельхозорганизациях республики современные технологии выращивания зерновых культур

Доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Васіль КАЧУРКА — таленавіты кіраўнік і вядомы вучоны. Сямнаццаць гадоў узначальваў Баранавіцкі дзяржуніверсітэт, за што ўдастоіўся звання «Заслужаны работнік адукацыі». Навуковая і вытворчая дзейнасць Васіля Іванавіча адзначана медалём «За працоўныя заслугі», Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Неаднаразова ён выбіраўся дэпутатам Магілёўскага і Брэсцкага абласных Саветаў народных дэпутатаў. І вось літаральна два дні таму эстафету кіравання рэгіянальнай вышэйшай навучальнай установай ён перадаў свайму вучню, кандыдату педагагічных навук Аляксандру Унсовічу. Прымаючы мае віншаванні, Аляксандр Мікалаевіч перш-наперш адзначыў, што за гады кіраўніцтва ўніверсітэтам Васіль Іванавіч згуртаваў інтэлектуальную каманду аднадумцаў, якія настроены прымнажаць славу калектыву. Ды і зараз прафесар не збіраецца сядзець без справы, а засяродзіцца на навуковай і выкладчыцкай рабоце. Аб гэтым, жыцці, справах мінулых і будучыні мы з Васілём Іванавічам і гутарым.


— Васіль Іванавіч, амаль паўвека таму вы паспяхова закончылі аграфак Белдзяржсельгасакадэміі. Сёння, калі вышэйшую агранамічную адукацыю можна атрымаць і ў рэгіянальным універсітэце, што параіце абітурыентам?

— Складана даць адназначную параду. Вядома, у аграрныя вышэйшыя навучальныя ўстановы паступаюць выпускнікі сярэдніх школ, дзяржагракаледжаў і ліцэяў. Тэрміны навучання для іх розныя. Абітурыенты з дыпломамі сярэдніх навучальных устаноў залічваюцца ў спецыяльныя групы адразу на трэці курс. Асноўную тэарэтычную і практычную базу яны ўжо атрымалі. Выпускнікам сярэдніх школ давядзецца з самых азоў пачынаць засваенне выбранай прафесіі. Матэрыяльна-тэхнічная база ў Горках мае багатую гісторыю, што надзвычай важна для тых, хто зрабіў першы крок у выбары аграрнай прафесіі. У рэгіянальным універсітэце большасць першакурснікаў на аграрных факультэтах — юнакі і дзяўчаты, якія асновы прафесіі засвоілі ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Пры атрыманні вышэйшай адукацыі ім застаецца ўдасканаліць гэтыя веды.

— У час вучобы на аграфаку сельгасакадэміі чаму надавалася больш увагі: тэорыі ці практыцы?

— Аўдыторных заняткаў было значна больш, чым практычных. Назубок вучылі назвы раслін, засвойвалі гербарый, праводзілі доследы. На працягу вучэбнага семестра здавалі залікі па батаніцы, біялогіі і іншых спецыяльных дысцыплінах. Пасля заканчэння чацвёртага курса амаль паўгода займаліся пераддыпломнай практыкай. Мяне накіравалі ў горацкую гаспадарку імя Свярдлова. Там адразу аформілі на пасаду агранома-насеннявода. Патрабаванні былі такія ж, як і да кожнага спецыяліста. Адчуваў адказнасць за даручаны ўчастак работы і атрымліваў шмат карысных практычных навыкаў. У той час у перадавых гаспадарках спецыяльна трымалі вакантныя пасады для практыкантаў. Лічу, што варта гэта аднавіць, каб будучыя спецыялісты змаглі больш поўна праявіць сябе ў прафесіі ў час вытворчай практыкі. Многія мае аднакурснікі атрымалі запрашэнні на працу ў гаспадаркі, дзе практыкаваліся.

— А як склаўся ваш лёс?

— Студэнцкае каханне скарэкціравала жыццёвы шлях. На чацвёртым курсе закахаўся ў горацкую дзяўчыну Тамару. Згулялі студэнцкае вяселле. Жонка завочна закончыла гістфак педінстытута. Сем гадоў кіраваў горацкай эксперыментальнай базай «Пагодзіна». Сельгаспрадпрыемства ў ліку трыццаці спецыялізаваных гаспадарак уваходзіла ў рэспубліканскі спецыялізаваны трэст па бульбаводстве. Фінансаванне вялося асобным пунктам Мінсельгасхарчу. Гэта садзейнічала ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы: пастаянна машынна-трактарны парк папаўняўся дзясяткам новых трактароў, агрэгатаў. Для захоўвання ўраджаю пабудавалі аўтаматызаванае сховішча на паўтары тысячы тон клубняў. Гады працы ў гаспадарцы абагацілі практычным вопытам. Паспрабаваў сябе і на партыйнай рабоце, узначальваў Крычаўскі райкам партыі.

І ўсё адно душа жадала любімага занятку — аграноміі. Заняўся навуковымі даследаваннямі. Падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную ўдасканаленню тэхналогіі вырошчвання ячменю.

— І адразу ўзяліся за новае даследаванне.

— Ні дня не дазваляў сабе праводзіць без справы. У той час на палях з’явілася новая збожжавая культура — трыцікале. Тэхналогія вырошчвання была слаба распрацавана, таму і вырашыў заняцца навуковым даследаваннем тэхналагічнага працэсу гэтай збожжавай культуры. І яно мяне захапіла. Выязджаў у гаспадаркі, сустракаўся з вопытнымі спецыялістамі, хлебаробамі, дыскутаваў з калегамі-вучонымі.

— Што новага дала ваша доктарская дысертацыя?

— Трэба было навукова распрацаваць рэкамендацыі не толькі вырошчвання трыцікале, але і аховы яе ад шкоднікаў, вызначыць неабходныя падкормкі на пэўных стадыях развіцця. Пры выкананні комплексу ўмоў ідэальная ўраджайнасць трыцікале дасягае звыш 100 цэнтнераў з гектара. У сярэдзіне васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ў рэспубліку з Германіі прывезлі навінку — тэхналагічную каляіну. Сталі практыкаваць прымяненне яе на нашых палях. Такая каляя займае каля 6 працэнтаў плошчы, але дае значна большы эканамічны эфект. Новаўвядзенне дазволіла больш эфектыўна знішчаць пустазелле. Па каляіне спецыяльнай тэхнікай на працягу вегетацыйнага перыяду раслінам падаецца ўсё неабходнае для развіцця, а таксама праводзіцца хімпраполка.

— Пэўна, задача вучонага — вызначыць дакладныя тэрміны кожнай аперацыі па доглядзе пасеваў?

— Безумоўна. Сапраўдны аграном той, які мае ўнутраную інтуіцыю, калі і што на полі выконваць. Чытаў, як адзін вучоны хадзіў па атамнай станцыі, дзе сапсаваўся адзін з мноства электродаў. Трэба было аператыўна і дакладна вызначыць, які менавіта адключыўся. Фізік доўга крочыў па аб’екце, разважаў, прыглядаўся і спыніўся каля аднаго. Адкрылі яго, і гэта быў той самы няспраўны электрод. Свяціла навукі чыста інтуітыўна вызначыў паломку. Так і ў спецыялістаў сельскай гаспадаркі інтуітыўнасць — вынік назапашаных тэарэтычных ведаў і вялікага практычнага вопыту.

У час працы галоўным аграномам гаспадаркі мяне не турбавала, што трэба было ўставаць з узыходам сонца, а то і раней. Гарэў жаданнем атрымаць поспех на палях. Разумеў, што без старання нічога не дасягнеш. Кожны дзень імкнуўся спасцігаць новае, абагачаўся практычным вопытам. Ёсць чым дзяліцца са студэнтамі інжынернага факультэта, на якім буду працягваць педагагічную дзейнасць. Будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі выказваюць пажаданні, каб у іх быў нарміраваны працоўны дзень. А сапраўдны аграном, інжынер ці заатэхнік працуе не па гадзінах.

— Мне не раз даводзілася чуць ад вопытных спецыялістаў пра сувязь навукі з народнымі прыкметамі. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Народныя прыкметы адшліфоўваліся шматгадовымі назіраннямі, жыццёвым вопытам. Зараз, у сувязі з агульным змяненнем кліматычных умоў, прыкметы страчваюць сэнс. На нашых палях цудоўна выспяваюць культуры, якія стагоддзе таму вырошчваліся на поўдні. Тыя ж кавуны, абрыкосы, персікі. А якія непрадказальныя тэмпературныя анамаліі выдаў ліпень! Але пры ўсім гэтым варта не забываць пра народную мудрасць.

— Вы маеце багаты практычны вопыт, што вельмі важна для вучонага: кіравалі гаспадаркай, раёнам, а зараз настроены выкладаць студэнтам інжынернага факультэта. Што неабходна, на вашу думку, змяніць у сістэме падрыхтоўкі аграрных кадраў?

— Сёння стала недастаткова матывацыі для папулярызацыі сельскагаспадарчай адукацыі. У студэнцтве мы ведалі, што пасля атрымання дыплома нас чакае гарантаванае высокааплатнае працоўнае месца. Аграном, інжынер, заатэхнік ці ветурач з раніцы да вечара заняты на вытворчасці. Іх заробкі адпавядалі загружанасці. На пасадзе галоўнага агранома гаспадаркі атрымліваў штомесячна 230 рублёў. Сярэдні служачы меў тады аклад крыху больш за 60 рублёў. За тры гады працы на заробленыя грошы купіў легкавік. Праўда, варта ўлічыць, што, акрамя прысядзібных надзелаў, мы з жонкай апрацоўвалі 40 сотак зямлі ў полі. Вырошчвалі там бульбу і здавалі яе. Адна­значна павінна быць матэрыяльная матывацыя. Іншага шляху няма.

— Васіль Іванавіч, перадаючы кіраванне ўніверсітэтам свайму вучню Аляксандру Унсовічу, што пажадалі яму?

— На ўрачыстым адкрыцці ўніверсітэта ў 2004 годзе Кіраўнік краіны выказваў спа­дзяванне, што навучальная ўстанова стане яркім прыкладам адукацыйнай арганізацыі рэгіянальнага вектара развіцця, якая ўпэўнена крочыць да намечанай мэты: стаць інтэлектуальным і духоўным цэнтрам рэгіёну па ахопе таленавітай моладзі. Прыемна адзначыць: за 17 гадоў дзейнасці ўдалося дасягнуць пэўных вынікаў і сфарміраваць станоўчы імідж калектыву. У Статуце ўніверсітэта запісана, што ён класічны. Гэта значыць, што пры адпаведнай матэрыяльнай базе і педагагічных кадрах тут будуць рыхтаваць спецыялістаў розных прафесій. Дазвол на гэта ўніверсітэт мае. Маё пажаданне новаму рэктару, таленавітаму вучню Аляксандру Мікалаевічу: цудоўнымі справамі поўніць гісторыю навучальнай установы, гімн якой заканчваецца словамі: «У нас ёсць мэта на ўсіх адзіная: з універсітэта крочыць да Радзімы».

— Васіль Іванавіч, дзякую за інтэрв’ю і жадаю вам новых здзяйсненняў у навуковай і педагагічнай дзейнасці.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter